Аляксандр Быкаў. Жыццё і дзейнасць

 Даспявае ў полі жыта,
Сонца коціцца на схіл.
Дзень яшчэ адзін пражыты.
А на новы хопіць сіл?
Жыць без веры і надзеі
Нельга – скволімся заўчас.
Мне б сабраць, што колісь сеяў,-
У такі няпросты час.
Абудзіўшы сэрца голас,
Выйду ў поле, папрашу,
Палячыў каб важкі колас
Мне здранцвелую душу.
А. Быкаў

       Вялікі сябар Мядзельскай цэнтральнай бібліятэкі, таленавіты і шчыры Аляксандр Быкаў – лаўрэат рэспубліканскай прэміі “Залаты Купідон” (2014) і Мінскай абласной прэміі ў галіне паэзіі за кнігу «Барысаўскі тракт» (2021). Ён з тых творцаў, хто ішоў у паэзію няспешным, але ўпэўненым крокам. Крокам, вывераным уласным вопытам, уласным станаўленнем да жыцця, яго каштоўнасцей.

       Нарадзіўся будучы паэт у горадзе Барысаў у сям’і Генадзя Сцяпанавіча і Ганны Нарцызаўны Быкавых. Акрамя Сашы, у сям’і быў і малодшы сын, які з’явіўся праз два гады пасля нараджэння старэйшага. Бацька працаваў шафёрам, маці – машыністкай. Сям’я была простая і жылі сціпла, але бацькі вельмі стараліся выхоўваць сваіх дзяцей добрасумленнымі, прывіць ім маральныя і чалавечыя каштоўнасці.

       У школе Аляксандр вучыўся “не добра і не дрэнна”, быў сціплы і сарамлівы. У 9 ці 10 класе адбылася першая спроба пяра: напісаў першы свой верш “Звездолёт”, прысвечаны космасу. Пасля школы 2 гады была вучоба ў прафтэхвучылішчы, пасля заканчэння якога трапіў працаваць трактарыстам на завод “Барысаўдрэў”, дзе на той час працаваў і бацька Генадзь Сцяпанавіч. Але папрацаваць на заводзе доўга не прыйшлося: Аляксандра прызвалі ў армію. Спачатку ён служыў у Пячах (пад Барысавам), потым – у Слуцку ў інжынерных войсках, дзе вадзіў цягач. У час службы Саша ўдзельнічаў у выратаванні пры патапленні вёскі Рубель, якая стаяла на рацэ Гарынь. За гэту працу Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Аляксандр Генадзьевіч Быкаў быў узнагароджаны медалём “За працоўную адзнаку” (1974).

       Калі скончылася служба ў арміі, хлопец вярнуўся ў Барысаў і стаў далей працаваць на заводзе “Барысаўдрэў”. У хуткім часе пазнаёміўся з дзяўчынай Таццянай, якая стала не толькі сябрам, але і першым чытачом і крытыкам вершаў будучага паэта. Яна ўважліва і ўдумліва прачытала пяць сшыткаў яго вершаў і ў канцы кожнага зрабіла свае запісы (уражанні).

       Так сяброўства працягвалася два гады, і Аляксандр не надаваў гэтаму сур’ёзнага значэння. Надыходзіў Новы 1977 год, дзе і з кім яго сустракаць, хлопец не ведаў. Вось тут Таццяна і запрасіла яго да сябе ў вёску. Там ён пазнаёміўся з усёй яе сям’ёй.

       Вяселле адгулялі 29 красавіка і ўсё жыццё крочылі разам!

       Паралельна з працай на заводзе, Аляксандр спрабуе пісаць вершы. У 1976 годзе быў надрукаваны першы яго верш, прысвечаны парку.

       Аднойчы, на імпрэзе, прысвечанай юбілею газеты “Камуністычная праца”, хлопец пазнаёміўся з рэдактарам газеты, якая выходзіла на БАТЭ, Зояй Пятковай.  Яна, пачытаўшы яго вершы, запрасіла на працу – карэспандэнтам у завадскую шматтыражку “Трыбуна наватара”. Параіўшыся з сям’ёй, Аляксандр згадзіўся. Але для такой дзейнасці патрэбна была адукацыя, і таму ён паступіў завочна на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

       Быкаў працуе, вучыцца, становіцца сябрам паэтычнага аб’яднання “Бярэзіна”, якое ў свой час дзейнічала пры мясцовай газеце “Камуністычная праца”, і нейкі час узначальвае яго.

       У сям’і падрастаюць двое дзяцей: дачка і сын, усе жывуць у маленькай бабулінай хатцы, месца мала, і Таццяна з Аляксандрам вырашылі шукаць работу ў іншых раёнах з прадастаўленнем жылля. І такім месцам у Беларусі стаў Мядзел. Рэдактар мясцовай газеты “Нарачанская зара” запрасіў Аляксандра Генадзьевіча на працу.

Калектыў газеты “Нарачанская зара”.

       У 1985 годзе сям’я Быкавых пераехала ў Мядзел і з той пары ў паэта былі дзве малыя радзімы: Барысаў, дзе нарадзіўся, дзе жывуць яго сваякі, і Мядзел, дзе ён адбыўся як паэт, дзе яго ведаюць і любяць. Да 2015 года працаваў у раёнцы адказным сакратаром, займаў пасаду загадчыка аддзела эканомікі і рыначных адносін раённай газеты “Нарачанская зара”.

       Першы зборнік вершаў «Целую руки женщины моей» быў выдадзены ў 1990 годзе на правах самвыдата. Большасць вершаў у зборніку прысвечаны яе вялікасці Жанчыне.

На алтарь
Мы ждём от женщины тепла,
Тепла и сердца, и души.
И ты поэтому со зла
Её обидеть не спеши.
Не зря слагают ей стихи:
Она и нынче, как и встарь,
Себя за чьи-нибудь грехи
Несёт на жертвенный алтарь.

       З любоўю і пяшчотай аўтар адносіўся да галоўных жанчын у сваім жыцці: маці і жонкі. Кожны радок пранікнуты гэтым светлым пачуццём у наступным вершы.

Две женщины
Себя порой на мысли я ловлю:
Двух женщин в этом мире я люблю.
И от любви своей не отрекусь,
Они разделят боль со мной и
грусть.
И обе примут в день и час любой,
Подарят обе ласку и любовь.
А задержусь случайно я когда,
Две женщины волнуются всегда,
Оберегая ревностно меня,
Спасти готовы даже из огня.
О, как боюсь однажды потерять
Двух женщин я: жену свою и мать.

       Аляксандр Быкаў валодаў тонкім пачуццём гумара. У яго творчасці шмат гумарыстычных твораў, у якіх ён умеў сатырычна апісаць нейкую з’яву, канкрэтнага чалавека, ці проста прааналізаваць свае паводзіны ў нейкі перыяд жыцця.

Иронические строчки
Когда выплачу кредиты,
Что судьба дала мне все,
Наберут меня петитом
На последней полосе.
Так размножусь я по свету,
И не малым тиражом.
Принесут и вам газету,
Вы меня внесёте в дом.
И прочтёте между делом:
Саша Быков, был такой.
Жизнь любил, конечно в целом.
Да и в частностях порой.
И спокойно житель местный
Завернёт в меня обед
Знать, не так уж бесполезно
Кончил жизнь свою поэт!

       Другі зборнік Аляксандра Быкава  “Кветка папараць” выйшаў у 2005 годзе і працягнуў тэму кахання, Кахання да Радзімы, мовы, Жанчыны. Разам з тым аўтар спрабаваў асэнсаваць навакольны свет і сябе ў ім. Гэта поціск рукі тым нешматлікім, але верным сябрам, якія стрэліся на шляху адвечнага пошуку чалавечага шчасця. Нездарма яго сябра, таксама паэт, наш земляк Мікола Шабовіч у прадмове да гэтага зборніка вершаў напісаў: “Чытаў з хваляваннем. Усё адно як заглядваў у душу паэта. Які не любіць (ці не ўмее) “прыдумляць” вершаў, а “перажывае” іх разам з лірычным героем…”

Сябру.
Шмат пакінулі мы з мастакамі,
Што за нашай спіной дагарэлі.
Нашы музы бабулямі сталі,
Ды і мы ўжо з табой пастарэлі.
Перасохлых паболела рэчак,
Што да мора так беглі імкліва
І сяброўскіх паменела спрэчак
І размоў нашых шчырых пад піва.
Што пакінулі мы за спіною,
За гадамі застояў і зрухаў?
Ці лягчэй нам жывецца без мрояў,
Ці такія ж мы хлопчыкі-зухі?!
Што, скажы мне, за тымі мастамі,
У глухіх сутарэннях Сусветаў?..
Нашы музы бабулямі сталі –
А мы так і не выйшлі ў паэты.

       Для кожнага чалавека самы дарагі і родны чалавек – маці. У вершы “Рамонкавае поле” аўтар успамінае светлае дзяцінства, калі заўсёды побач была маці. І здавалася, што так будзе заўсёды. У нашай жыццёвай мітусні мы не можам сабе нават уявіць, што некалі можа ўсё абарвацца.
Памяць яркімі гронкамі
Дорыць даўні ўспамін:
Пахне поле рамонкамі,
Крочаць маці і сын.
З ранку самага ў пошуку,
Час дамоў павярнуць,
Ды ў напоўненых кошыках
Рай сунічны нясуць…
І пад вечнымі зоркамі
Зноў, як існасць сама,
Кліча поле з рамонкамі –
Толькі маці няма.

       У пачатку 2007 года пабачыў свет наступны зборнік вершаў “Пад небам бусліным”. Пачынае яго верш “Восенню на радзіме Максіма Танка”, у якім Быкаў аддае даніну павагі памяці народнаму паэту Максіму Танку. Менавіта гэтым вершам адкрывалася Рэспубліканскае свята паэзіі і песні, прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка.

Час прыспеў пакланіцца мяжы,
Дзе праменіла Танкава лета.
Сон вярэдзіць блізняты-крыжы,
Што вартуюць прытулак Паэта.

Над старонкай роднай – імжа,
Спахмурнелі дубы, як прарокі.
А Паэтава свеціць душа,
Прабіваецца зноў праз аблокі.

Прарастуць шчэ не раз жалуды
Праз навалу жыццёвага друзу.
Толькі й там, за абрысам жуды,
Песняру немагчыма без Музы…

Час прыспеў пакланніца мяжы,
Дзе праменіла Танкава лета.
Сон вярэдзіць блізняты-крыжы,
Ды не вернуць ніколі Паэта.

       Шмат вершаў прысвячае аўтар Маці і ў гэтым зборніку: “Дарога да маці”, “На Пакроў”, “Матулі” і іншыя. У кожным радку чуецца шкадаванне-боль аб тым далёкім і светлым, што звязана з матуляй, радзімай.

Гэта святое, адзінае,
Быццам святло бяроз:
Маці, што нарадзіла,
Кут, дзе прадзецца лёс.
Многіх у свет грымотны
Сцежка даўно звяла…
Маці ў час самотны
Гляне на ўскрай сяла.
Ціха навокал, ціха,
Сонца садзіцца за сад.
Толькі ў гняздзе бусліха
Спаць кладзе буслянят.
Заўтра над родным краем
Дзень зноў абудзіць слых.
Маці заўжды чакае
З выраю птушак сваіх.

       Аляксандр Быкаў шмат пранікнёных радкоў прысвяціў сваёй другой радзіме – Мядзельшчыне. Радзіма для паэта не пусты гук, не гучная метафара, а боль і спадзяванне, вера ў заўтрашні дзень. Падцвярджэннем гэтых слоў з’яўляюцца вершы “Нарач, лёгкі ветрык…”, “Нарач”.

Нарач, лёгкі ветрык,
Подых вечаровы…
Край гаюча-светлы,
Ты вярнуў мне мову,
Ты вярнуў спагаду,
Веру і надзею
І не прымеш здрады,
Калі я знямею
І парою весняй
Наступлю на горла
Векапомнай песні –
Беларусь не умёрла!

       Найбольш удалыя творы грамадзянскага гучання, напоўненыя асабістым жыццёвым сэнсам – гэта “Замест эпітафіі”, “Маразы на Хрышчэнне”, “Жыццё – як цыркавы манеж”.

Жыццё – як цыркавы манеж,
Дзе пернік правіць баль і пуга.
І тым не менш,
І тым не менш
Імкнёмся мы за межы круга.
І мой недасканалы верш –
Што ён Творцу ўсяго Сусвету?!
Так мала дадзена паэту.
І тым не менш.
І тым не менш…

       У 2013 годзе ў выдавецтве “Ковчег” выйшаў новы зборнік “За межы круга”, у які ўвайшлі вершы, напісаныя, у асноўным, на працягу апошніх 20 гадоў. Вось як патлумачыў значэнне назвы кнігі сам аўтар: “Гэта памкненне чалавека выйсці, вылецець за межы круга праблем, быцця, усялякага друзу, усяго таго, з чаго заўсёды хочацца да нечага светлага, добрага. Гэта памкненне чалавека вечнае. Тым ён і адрозніваецца ад іншых, тым ён і Чалавек, што імкнецца да больш высокага, светлага. Можна і шырэй браць: за межы круга Зямлі як планеты. Заўсёды хочацца бачыць ці хоць здагадвацца: што там, за межамі зямнога круга?” Вершы прасякнуты любоўю да маленькай і вялікай радзімы, словамі прызнання да маці, каханай жанчыны.

Нарцысы
                                            Маці, Ганне Нарцызаўне
Ізноў вяртаюцца ў сны
Да болю родныя абрысы,
Як падарунак той вясны,
Дзе вечна красаваць нарцысам.
Ўсё непадзельна: плоць і прах,
Свет жыццядайны і замглёны…
І мне паднебных кветак пах
На крылах данясуць анёлы.

       Ёсць у кнізе і радкі гісторыка-філасофскага гучання, бачыцца імкненне аўтара прыадкрыць, усвядоміць тайны Сусвету.

Калі ўсё належыць
Высокаму Богу –
Як зведаць нам межы
Свайго эпілога?

Што дзеецца ў цемры,
За рысай шматкроп’я?
Мо зноўку праз церні,
Праз стрэлы і коп’і?

Мо станем расою
Ці пылам дарожным?
Пякучай слязою
У свеце астрожным?

А, можа, за краем,
За новай адлігай,
У Богавай краме –
Яшчэ адной кнігай?!.

Сцежкі
Пралягла пасярод былога
Патаемная сцежка Бога.
У схаванай лясной запрудзе
Росным ранкам ён рыбу вудзіў.

Каб пазбыцца зямнога тлуму
І не думаць аб тым, што здумаў.
Ціхім ранкам, знаёмай сцежкай,
Прабіраўся і сэрца цешыў…

Так і нам шляхі дараваны,
Што ад вока благога схаваны.
Каб душой не згібець, не ўмерці
Бог, не дай тыя сцежкі сцерці!

       У 2014 годзе Аляксандр Быкаў перамог у рэспубліканскім літаратурным конкурсе “Лепшы твор 2013 года” у намінацыі “Паэзія” і адзначаны паэт за кнігу “За межы круга”. Атрымаў Дыплом першай ступені і ганаровы знак-сімвал “Залаты купідон”.

       У пачатку лістапада 2015 года ў выдавецтве “Каўчэг” выйшла кніга прозы “Бабуліны макі”,  дзе сабраны аповяды, замалёўкі, навелы, абразкі, сюжэтам для якіх сталі ў большасці насельнікі адной з вёсак роднай Барысаўшчыны. Таксама і іншыя творы, за якімі незабыўныя гады маленства і юнацтва.

       У 2016 годзе ў выдавецтве “Каўчэг” пабачыў свет новы зборнік вершаў, пародый і эпіграм Аляксандра Быкава “І тым не менш…”. Тэматыка вершаў звыклая: любоў да Айчыны, тэма паэта і паэзіі, родная мова, пейзажныя накіды, філасофскія разважанні.

       Роздум пра сутнасць чалавечага жыцця, яго шлях на зямлі і яго шлях да неба – у вершы “Пачатак”:
За плугам пахадзіць калі –
Яно патрэбна,
Бо пачынаецца з раллі
На шлях да неба.

Ці ранак выбухне наўсцяж,
Ці вецер ляжа –
Зямны заўжды пачатак наш,
І доля наша.

І ўшчэнт душу хоць пакрышы,
Ды азірніся:
Да неба цягнуцца крыжы,
І тлее прысак.

І недзе там, дзе зорак стос
Хавае тайны,
Шлях пракладзе зноў да нябёс
Араты дбайны.

       Вельмі балючая для паэта тэма роднай мовы. Цікавы прыём ён выкарыстаў у вершы “Сустрэча ў Рыме”:
Знерухомеў ад з’явы такой.
Час той сорам ці прыме?
Афрыканцы на мове маёй
Размаўлялі ў Рыме!
Натуральна вось так, на хаду,
Быццам дробязь у цэлым.
Па праспекце ж Скарыны прайду –
Скарыноўца ці стрэну?
Каб штурхнуць мне яго незнарок
У натоўпе стракатым
І пачуць у адказ не папрок –
Слова з матчынай хаты!
Уздыхнуў бы з палёгкаю: “Свой!”,
Мова ў бездань не зрыне.
І няхай размаўляюць на ёй
Афрыканцы ў Рыме…

       Калі мы самі зневажаем сваю мову, практычна не карыстаючыся ёй у паўсядзённым жыцці, то як можна чакаць, што на ёй будуць размаўляць іншаземцы ў чужой краіне? Але насамрэч галоўны вобраз у вершы – Рым, сімвал вечнасці. Яго хараство і багацце прыцягвалі ўсё новых і новых заваёўнікаў. Выстаяў у войнах і, свабодны, плыве далей у сваю прыгожую будучыню. Час аказаўся бяссільным перад гэтым волатам. Так і мова нашая – сімвал галоўных якасцей нацыі – на працягу вякоў столькі сцярпела ад сваіх суседзяў, была пад забаронай, але выжыла і набірае сілу.
       Мікрапаэма “Боінг” да ранішняй кавы” закранае злабадзённую тэму – тэрарыстычныя выпады супраць чалавецтва. Размова ідзе пра тэракт 2001 года ў ЗША, але зразумела, што праблема глабальная:
… І папярхнулася раптам планета
Званком развітальным з нябёсаў:
“Не чакай мяне да абеду.
Я кахаю цябе! Позна…”
       Пародыі, эпіграмы, жартоўныя вершы склалі другую частку зборніка “Муза ў валёнках”. У цэнтры ўвагі аўтара не толькі верш, радок, але і кожнае слова, за якое можна “зачапіцца” і якое затым кладзецца ў аснову пародыі. Аляксандр Быкаў – тонкі знаток творчасці сяброў-паэтаў, пра што сведчаць яго пародыі.
       Зборнік “Пегас на сотках” выйшаў у свет у 2018 годзе ў выдавецтве “Колорград”. У яго увайшлі пародыі на айчынных аўтараў, жарты і эпіграмы. Праз гумарыстычны жанр аўтар выказвае сваё станаўленне да навакольнага свету, да тых праблем, якія ў ім існуюць.

       У зборнік “Барысаўскі тракт” (2019) увайшлі вершы, якія былі напісаны на працягу чвэрці стагоддзя творчай дзейнасці на ніве паэзіі. Кнігу складаюць наступныя разделы: Вецер Айчыны; Дарога да маці; Кола дзён; Бэзавы май; Гарбата з лімонам.

Мне прыгадалася раптам
У час, як цвітуць сады:
Крочу Барысаўскім трактам –
Тым, што пралёг праз гады.

Першы тут досвед і грэх,
Першы ў жыцці пацалунак.
І, нібы мой абярэг,-
З зёлкамі матчын клунак.

       Менавіта за гэту кнігу Аляксандр Быкаў у 2021 годзе стаў лаўрэатам Мінскай абласной прэміі ў галіне паэзіі.

       У 2022  годзе у Маладзечанскай друкарні “Перамога” накладам 60 асобнікаў выйшла кніга вершаў “Главные слова”. Змешчаныя ў зборніку вершы напісаны па-руску. “Гэта ні ў якім разе не здрада роднай мове, – сцвярджае аўтар. – Свае лепшыя творы я напісаў па-беларуску. Вершы ж, што ўвайшлі ў зборнік, з’явіліся яшчэ у 70-80-х гадах 20 стагоддзя. Некаторыя друкаваліся, большасць жа заставалася ў рукапісным варыянце…”. “Эта книга – дань давно ушедшей  молодости. Стихи, может, несовершенны, порой наивны. Но слова и чувства в них искренние», – напісаў аўтар у анатацыі.

Второе дыхание
Разлетаются годы, как птицы,
Под пронзительный крик журавлей.
Недостаточно – просто родиться,
А прожить ты достойно умей.

Чтоб, проследовав множество станций,
На какой-то глухой не сойти.
Страшно с жизнью, конечно, расстаться,
Но страшней – в ней себя не найти.

Чтоб познать этот мир непонятный,
Ты дерзай на любом рубеже.
Не беда, что на солнце есть пятна –
Лишь бы не было пятен в душе!

И по жизни победно шагая,
Седину не бери ты в расчёт.
И тогда к тебе юность вторая,
Как дыханье второе, придёт!

       Зборнік твораў “Кропка сінгулярнасці” выйшаў у 2023 годзе ў друкарні “Перамога” г. Маладзечна. У кнігу увайшла аднайменная аповесць, а таксама навелы, апавяданні, нарысы, эсэ, абразкі. Напісаныя яны ў розныя перыяды жыцця аўтара. У большасці выпадкаў сюжэт твораў мае пад сабой рэальную аснову. Гэта тычыцца і аповесці, дзе А. Быкаў спрабуе па-філасофску асэнсаваць гады свайго дзяцінства і маладосці, тыя падзеі, што прайшлі праз лёс бацькоў і ягоны лёс.

       “…Быць адзінокім сярод чалавекаў – найгоршая справа. Дзе тыя, з кім грашыў і пакутаваў, з кім святкаваў і транжыраў свае маладыя гады? Няма іх, пазнікалі, як зоркі знікаюць на раніцу. Мо, зоркі ў гэтым і вінаваты? Ці не яны вызначаюць наш лёс, нездарма ж раскладваем гараскопы?!

       Тыя незлічоныя зоркі з’явіліся задоўга да цябе. Мільярды год ішло ад іх святло. І ніхто не ведае толкам. Як і з чаго ўсё пачалося. Сцвярджаюць, што Сусвет некалі быў неверагодна сціснуты ў адну кропку, якую вучоныя назвалі прыгожым і няўцямным для многім словам сінгулярнасць. І ўмомант выбухнуў па нейкай прычыне, нарадзіўшы зоркі і планеты, нас, у рэшце рэшт. Як бачна, у той нязнанай кропцы адшукалася месца і для Міколы: разам з яго свядомасцю, значнасцю і пачуццямі… Зрэшты, нічога няма новага пад гэтым сонцам, як і нішто не знікае бясследна. Бо і мы таксама некалі станем часткай будучых зорак…”

       Вельмі цікава і з гумарам, які быў уласцівы Аляксандру Быкаву, былі напісаны “Трынаццаць правілаў (запіскі ката Максіка)”. Напрыклад, вось трынаццатае правіла: “ Каб не расчароўвацца, не дай сябе зачараваць!”.