“Яе гушкала мядзельская зямля, у калысцы сінявокай Нарачы…”
Як позна зразумеў,
Што на зямлі бацькоў
Няма бязумных дрэў,
Маўклівых валуноў,
Негаваркіх дарог,
Нязвонячых крыніц…
Не столькі б песень мог,
Сябры, вам падарыць,
Вам і хаціне той
Лапцюжнага сяла,
Што некалі маёй
Калыскаю была.
М. Танк
Нарадзілася будучая народная артыстка 21 лістапада (Міхайлаў дзень) 1936 года ў вёсцы Навасёлкі Мядзельскага раёна ў сялянскай сям’і. Бацьку, Георгію Мікалаевічу (у жыцці – Юрка) на момант з’яўлення дачушкі было 38 гадоў, а маці, Ганне Іванаўне (у жыцці – Ганэта), – 36. Калі нарадзілася дачка, бацька Георгій захацеў, каб назвалі Марыяй, Машай. Ён казаў:
– Вянчаліся перад іконай святой Багародзіцы Марыі. Хай жа і наша зямная дачушка будзе Марыяй… Ды і хросная маці – Марыя…
Бацькі Захарэвіч – людзі фізічнай працы, нястомныя, руплівыя гаспадары.
“Георгій Захарэвіч быў мужчына прыкметны, рослы і прыгожы. Па характару – спакойны, удумлівы, нешматслоўны. Бывала, занядужае – паляжаць бы, адпачыць, пагрэцца на печы,- а брыгадзір прыйдзе, стукае ў акно:
– Юрка, трэба… Няма каму…
Юрка і пачынае збірацца на працу…
Можа, і неахвотна што рабіць, можа, і не пагаджаецца з чым, але ж паслухмянства і прыстойнасць, выхаваныя ў сям’і, былі вышэй за ўсё. Ніхто – ні сям’я, ні суседзі – не чулі, каб Юрка калі-небудзь узвысіў на каго голас, каб з вуснаў яго вылецелі мацерныя словы…
Апранаўся проста, але з густам. Запомніўся навасёлкаўцам у самаробным рыжым кажушку да каленяў, у чорнай кашулі з двума гузікамі пад горлам. Заўсёды чыста паголены. А на вуснах насіў ледзь улоўную ўсмешку дабрыні. Маўчун. Голас меў ціхі, спакойны, але ўпэўнены. Інтэлегентнасць у яго прыродная, генная, а мудрасць – ад зямлі-матухны.” (“Нарачанская чайка” Уладзімір Ліпскі).
З успамінаў Марыі Георгіеўны: “Памятаю, як тата збіраўся на касьбу, браў з сабой кавалак жаўтаватага сала, хлеб, ваду… Вяртаўся, здымаў кашулю, вешаў у двары. Калі тая кашуля высыхала на ветры і сонцы, то храбусцела ад солі і яе можна было паставіць… Я захавала дзённікі, якія вёў тата. Якая цяжкая праца была ў калгаснікаў! Напрыклад, такія запісы у дзённіку: “Вазіў гной… Ездзіў у лес па дровы… Вазіў торф… Вазіў коней на ўколы… Араў пад авёс…Касіў, 41 сотка…”
Спачатку маладыя жылі ў старой хаце разам з бацькамі Юркі – Мікалаем і Аўдоццяй, братамі Ігнасем, Андрэем, Гаўрылам, Аляксандрам і сёстрамі Верай, Марыяй, Надзеяй. Але гэту хату ў вайну спалілі немцы, і сям’я вымушана была жыць у доме дзеда Івана, але там было шмат людзей, і сям’ю Юркі запрасілі да сябе пажыць Зося і Сяргей Скурко. Яны выдзелілі маленькі пакойчык у сваім доме.
Георгій Мікалаевіч пасля вайны збудаваў сваю хату і, нават не дачакаўшыся, пакуль будзе зроблена падлога, сям’я пераехала ў сваё жыллё. Хатка сама невялічкая з маленькімі вокнамі і нізкай столлю і толькі адзін пакой, у якім значнае месца займала печ, стаялі два ложкі, абедзенны стол. “Але тады, у суровыя пасляваенныя гады, нам і такая хата здавался святліцай. Як радасна нам тут было, як светла! Колькі помню сябе, бацька ўсё нешта майстраваў – то лаўку якую, то ручку да дзвярэй, то рамку для люстэрка, для фотакартачкі… Мой тата адзін будаваў яе. Толькі самае складанае рабілі талакой – які гэта добры быў звычай! Для мяне гэтая хата – не проста маё лецішча. Гэта – мая памяць, мая душа, мой найдаражэйшы скарб!” – так успамінала Марыя Георгіеўна ў адным са сваіх інтэрв’ю.
Маці, Ганна Іванаўна, таксама была вельмі працавітая і гаспадарлівая. Яна вучылася два гады ў царкоўнапрыхадской школе, умела пісаць і чытаць, ведала на памяць вершы Пушкіна, Някрасава, Коласа. “… У маёй мамы была была выдатная памяць! Яна помніла не толькі нейкія дні і падзеі, але і што хто сказаў, у чым быў апрануты. Яна расказвала пра жыццё і Першую сусветную вайну… Мама была нешматслоўнай. Толькі калі пачынала пра штосьці згадваць, вельмі ажыўлялася ў гутарцы. Калі я не мела рацыі, яна ніколі не крыўдзіла мяне, а проста казала: “Якая ж ты неразумная”. Толькі так! Была вельмі мудрай і спакойнай”. Мама была вельмі веруючым чалавекам і любоў да Бога прывівала і Марусьцы: брала з сабай у царкву, разам чыталі малітвы і ўслаўлялі святых.
Марыя Георгіеўна склала і сваю малітву, адрасаваную сваёй матулі:
Мама! Матуля!
Мая заступніца, абаронца, найлепшая лекарка.
Усе крыўды і болі знікалі,
Калі ты сваёй шурпатай, спрацаванай рукой
Гладзіла галоўку, выцірала мне слёзы.
Ты падарыла, Мама, мне дзяцінства.
Я жыву з гэтым шчасцем і веру:
Дзяцінства – гэта самыя зыркія зоры,
самае пяшчотнае сонца,
самы цёплы дождж,
самыя духмяныя травы,
самыя галасістыя птушкі,
самыя салодкія сны,
самыя праўдзівыя словы,
самыя дзівосныя казкі.
Самыя добрыя вочы – твае, Матуля.
Самы надзейны прытулак – твае калені.
Самы надзейны павадыр – падол тваёй спадніцы.
Няхай жа літасцівы Айцец наш нябесны
узнагародзіць цябе, Матуля,
за тваю адданасць, вернасць, дабрыню,
якую ты мела да мяне.
Няхай будзе табе вечны спакой
у нябесным Царстве. Амінь.
Ганна Іванаўна была вельмі добрай ткачыхай. Яе запрашалі ў іншыя вёскі, каб паказала сваё майстэрства. Шмат яе вырабаў Марыя Георгіеўна захоўвае і па сёняшні дзень як вялікі скарб.
А яшчэ матуля была выдатная пявуння – з чыстым звонкім голасам. Яна пела і на купальскіх вечарах, і на вяселлях і, увогуле, па жыцці ішла з песняй. Любоў да песні перадалася і Марыі Георгіеўне.
Марыя была адзіная дачушка, расла ў любві, але не была выпешчаная. Разумела, што бацькам цяжка, працуюць ад ранка да ночы. Да нашых дзён захаваўся здымак: на ім маленькая дзяўчынка ў белай сукенцы і белай панамцы з кветкамі ў руках. І запіс на адваротным баку карткі: “Я – у “маладосці”. Мне – чатыры гады. Мама капала торф чатыры дні, каб засталася гэта памяць”.
Акрамя работы ў калгасе, сям’я мела сваю вялікую гаспадарку, якая таксама патрабавала шмат працы. І, як магла, дапамагала і Маруся сваёй сям’і.
Артыстычныя здольнасці ў Марыі пачалі праяўляцца ўжо з дзяцінства: чытала вершы, спявала. А ў школе настаўнік нямецкай мовы Канстанцін Карнеевіч Дудак запісаў яе ў свой драматычны гурток, пачуўшы як дзяўчынка спявае. Марыйку таксама заўважыла Соф’я Ходас, якая кіравала хорам у Мядзельскім раённым клубе, і разам з калектывам дзяўчынка ездзіла з канцэртамі па вёсках раёна. Але пра прафесію артысткі не марыла, а хацела быць настаўніцай. Вельмі дзеці любілі сваю настаўніцу рускай мовы і літаратуры Валянціну Маісееўну Яршову, якая была вельмі абаяльная, эрудыраваная, добра ладзіла з дзецьмі, і многія марылі стаць такой жа настаўніцай, як і яна.
Але гэтаму не суджана было збыцца. На выпускным вечары да Марыі Геогріеўны падышоў Канстанцін Карнеевіч і спытаў, куды яна збіраецца паступаць? А потым кажа: “А пра тэатральны інстытут не думала? У цябе, Марыя, несумненыя здольнасці да гэтага. Падумай…” І як успамінала потым артыстка: “І от нешта ў маёй душы як бы ўспыхнула, загарэлася…” І жаданне гэта пачало крэпнуць і набываць канкрэтныя абрысы. Бацькам аб сваім жаданні паступаць у тэатральны сказала толькі ўжо як трэба было ехаць паступаць. Матуля расперажывалася: а навошта гэта табе? Ці ж гэта прафесія? Але дачка ўжо цвёрда ўсё рашыла!
Сабраўшы свой няхітры скарб (кніжкі, вопратка, ежа) у фанерны чамаданчык, абцянуты палатном, Марыя Захарэвіч паехала ў сталіцу.