Жанчыны Мядзельшчыны: лёс і час

Паважаныя сябры!

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 1, якім 2026 год быў аб’яўлены Годам беларускай жанчыны. Нашы жанчыны – гэта ўвасабленне прыгажосці і жаноцкасці, працавітасці і пяшчоты. Яны і матулі, і захавальніцы хатняга цяпла, і паспяховыя прафесіяналы, і таленавітыя творцы.

З дапамогай нашага праекта “Жанчыны Мядзельшчыны: лёс і час” мы пазнаёмім вас з цікавымі жанчынамі нашага края. Яны розныя па ўзросту, характару, светаўспрыманні,  прафесіях і ролях у грамадстве, але агульнае ў іх – яны Жанчыны, унікальныя і шматгранныя, якія ўнеслі свой уклад у развіццё  Мядзельшчыны!

Прыемнага знаёмства з нашымі зямлячкамі!

Ануфрыева Надзея Генадзьеўна

(нарадзілася ў 1953 г.)

На працягу 22 гадоў была кіраўніком НДЦ «Зубраня», Ганаровы грамадзянін Мядзельскага раёна (2024).

Надзея Генадзьеўна нарадзілася на Пскоўшчыне (Расія) ў 1953 годзе. У 1974 годзе скончыла Пскоўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С. М. Кірава, у 1991 годзе – Інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання Камуністычнай партыі Беларусі. Сваю працоўную дзейнасці пачала ў г. Горкі Магілёўскай вобласці, а ў верасні 2002 года прыступіла да працы ў якасці кіраўніка Нацыянальнага дзіцячага цэнтра “Зубраня”.

Дзякуючы актыўнай жыццёвай пазіцыі Н. Г. Ануфрыевай, сёння “Зубраня” — лепшае месца для адпачынку маленькіх грамадзян нашай краіны. Тут створаны неабходныя ўмовы для таго, каб дзіця аздараўлялася і адпачывала, развівала свае інтэлектуальныя і творчыя здольнасці, праяўляла якасці лідара, вучылася жыць у калектыве і адчуваць прыгажосць навакольнага свету. Надзея Генадзьеўна змагла рэканструяваць корпусы, школу, сталовую, спартыўныя залы і стадыён, медыцынскую частку, пабудаваць новы прыгожы карабель — Дом дзіцячай творчасці, добраўпарадкаваць тэрыторыю. Ніхто не можа застацца раўнадушным ад той чысціні і кветкавай прыгажосці, якая зараз пануе на плошчах, алеях, пляжах, палянках, месцах для распальвання вогнішчаў сяброўства…

Пад кіраўніцтвам Надзеі Генадзьеўны НДЦ “Зубраня” стаў флагманам сярод выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь. У цяперашні ён час ахоплівае тэрыторыю ў 76 га, налічвае 71 будынак і 176 збудаванняў. За перыяд з 2002 па 2016 гады рэканструкцыю, капітальны рэмонт прайшлі ўсе будынкі цэнтра. Колькасць дзяцей, якія прыязджаюць на аздараўленне, павялічылася з 8 тысяч у 2002 г. да 17 тысяч у 2023 годзе. Рэалізавана 53 рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствы, праведзена болей за 210 змен для больш чым 60 катэгорый дзіцячага актыву. За апошнія гады ў цэнтры адпачылі дзеці з 12 краін. Сваёй дзейнасцю цэнтр садзейнічае ўмацаванню іміджу Рэспублікі Беларусь на міжнародным узроўні. Разам з правядзеннем традыцыйных мерапрыемстваў, у практыку дзейнасці цэнтра пастаянна ўкараняюць новыя праекты. Створаны ваена-патрыятычны клуб “Зарніца”, забяспечана шэфства над клубам вайскавой часці  № 04152. Ажыццёўлены інавацыйны праект «Внедрение модели деятельности Республиканского инновационного центра в сетевой образовательной среде в целях профессионального развития педагогических кадров (2019-2022 гг.)» і праект у сферы эксперэментальнай дзейнасці «Апробация модели формирования инклюзивной образовательной среды в воспитательно-оздоровительном учреждении образования (2019-2021 гг.)» і іншыя праекты.

Па выніках 2014 года працоўны калектыў НДЦ “Зубраня” на чале з Н. Г. Ануфрыевай стаў лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. За асаблівыя дасягненні ў сацыяльна-культурным развіці, арганізацыі адукацыі, выхавання і здароўя дзяцей НДЦ “Зубраня” у 2019 г. прысвоены Ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.

У 2013 г. Надзея Генадзьеўна ўзнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”, у 2017 г. прысвоена званне “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, у 2018 г. аб’яўлена Падзяка Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Рашэннем Мядзельскага раённага Савета дэпутатаў ад 25 ліпеня 2024 г. № 27 Ануфрыевай Надзеі Генадзьеўне прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Мядзельскага раёна”.

Бальчэўская Галіна Францаўна 

(1945 – 2005)

Актрыса, заслужаная артыстка Беларусі (1999).

Наша славутая зямлячка, Галіна Францаўна Бальчэўская, нарадзілася  20 студзеня 1945 г. ў в. Палессе, што каля Будслава. Пасляваеннае дзяцінства было цяжкае: бацька пакінуў сям’ю, а матуля вельмі цяжка хварэла. Так дзяўчынка трапіла ў горад Чэрвень, дзе выхоўвалася ў дзіцячым доме № 1. Пасля заканчэння школы працавала на Мінскім мотавелазаводзе токарам, дзе ад цяжкай фізічнай працы рукі пакрываліся мазалямі і былі з’едзены   эмульсіяй. Але мара стаць артысткай не пакідала яе ні на хвіліну. Нягледзячы на сваю сарамлівасць, яна выдатна здала ўступныя экзамены і паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на акцёрскі факультэт на курс А. Бутакова, які закончыла ў 1968 г. Па размеркаванню маладая актрыса трапіла ў Віцебскі драматычны тэатр імя Я. Коласа, у якім адпрацавала чатыры гады. За гэты перыяд Галіна Францаўна сыграла шмат цікавых роляў і стала вядучай артыскай тэатра. У 1972 г. ёй прапанавалі перайсці ў  Беларускі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ў Мінску і артыстка адразу згадзілася. На сцэне гэтага тэатра за чвэрць стагоддзя  актрыса сыграла большо за 50 роляў: драматычных, камедыйных, вострахарактарных. Яна нават не іграла іх, а пражывала, жыла тымі вобразамі, якія прыйшлося прымерыць да сябе падчас станаўлення тэатральнай кар’еры. Сярод найбольш яскравых – Акуліна (“Улада цемры” Л. Талстога), Надзейка (“Трыбунал” А. Макаёнка), Л. Брычкіна (“А зоры тут ціхія…” Б. Васільева), Ніна  (“Парог” А. Дударава) і іншыя.  Але напэўна самая значная – роля Марфы ў монаспектаклі “Дагарэла свечачка…”. Гэты спектакль, пастаўлены рэжысёрам Рыгорам Баравіком па п’есе Алеся Петрашкевіча, з поспехам ішоў на малой сцэне тэатра. Актрысе ўдалося стварыць вобраз беларускай жанчыны XX  стагоддзя, якая прайшла праз жорны эпохі: калектывізацыя – вайна – сталіншчына – хрушчоўшчына – Чарнобыль – перабудова…

У 1999 г. Галіна Францаўна атрымала званне заслужанай артысткі Беларусі.

У красавіку 2001 г. артыстка наведала родную Мядзельшчыну. Яна стала жаданым госцем на вечарыне, прысвечанай 15-годдзю Чарнобыльскай трагедыі “Праз смутак і боль”. Яе монаспектакль “Дагарэла свечачка…” меў поспех у землякоў.

Вялікая артыстка пайшла з жыцця 17 мая 2005 г. пасля цяжкай хваробы.

Вапручкова Святлана Юсуфжонаўна

(нарадзілася ў 1980 годзе)

Шматдзетная маці, узнагароджана Ордэнам Маці (2016).

Нарадзілася Святлана Вапручкова 16 лістапада 1980 года ў невялікім сонечным горадзе Таджыкістана. Сям’я была вялікая: мама, тата і пяць дачок. На жаль, таты не стала, калі Святлане было паўтара года, і матуля, Осіпава Людміла Антонаўна, адна выхоўвала дзяўчынак. Яна усё жыццё адпрацавала на прадпрыемствы касірам і бухгалтарам.

У 1990 годзе па прычыне нестабільнай палітычнай абстаноўкі ў Таджыкістане сям’я вырашыла пераехаць у Беларусь. На Гомельшчыне, у Чэрыкаўскім раёне, прайшлі школьныя гады Святланы. Там з’явіліся і яе першынцы: дачушка  Людміла і сынок Аляксей.

У 2008 годзе Святлана з дзецьмі пераязжае ў аграгарадок Княгінін, дзе на свет з’яўляюцца шэсць (!!!) дачушак-прыгажунь! Аляксандра, Анастасія, Варвара, Софія паспяхова вучацца ў гімназіі г. Мядзел, Ефрасіння – у Крывіцкай сярэдняй школе, а самая малодшая наведвае дзяцячы садок у Княгініне. Усе дзяўчаты вельмі таленавітыя, творчыя, актыўна ўдзельнічаюць у прадметных алімпіядах, разнастайных конкурсах, канцэртах. Усе яны з’яўляюцца ўдзельніцамі аматарскага аб’яднання “Весёлые нотки” пры Княгінінскай сельскай бібліятэцы-клубе. Шмат разоў дачушкі былі ўдзельніцамі вакальных конкурсаў: “Молодые голоса», «Майскі фэст», «Здравствуй, мир!» і іншых. А Аляксандра прымала ўдзел у тэлевізійнай інтэлектуальнай перадачы “Я знаю”, якую вёў Георгій Калдун.

Самая старэйшая дачка Людміла ўжо сама матуля – мае двух сыноў: Мікіту і Вадзіма. Сын Аляксей працуе ў Дэпартаменце аховы міліцыянерам.

Шмат цёплых і добрых слоў Святлана адрасуе свайму мужу – Анатолію Аляксандравічу, які з вялікім клопатам і любоўю адносіцца да сваіх дачок і жонкі, з’яўляецца надзейным абаронцам і заўжды падтрымлівае ў жыццёвых сітуацыях. А яшчэ Аляксандр творчы чалавек і не раз прымаў удзел у розных творчых мерапрыемствах.  Ён працуе манцёрам у УП “Мінскае аддзяленне Беларускай чыгуначнай дарогі” Маладзечанскай дыстанцыі пуці.

Сям’я некалькі разоў прымала ўдзел у раённым конкурсе “Уладар сяла”, у 2023 годзе былі пераможцамі конкурсу.

У 2019 годзе сям’я Вапручковых заняла трэцяе месца ў абласным этапе конкурса “Сям’я года Міншчыны”. І ў гэтым жа годзе Беларускі дзіцячы фонд удастоіў сям’ю ўзнагародай імя Зінаіды Марчанка-Тусналобавай “Друг детей”.

У 2016 годзе Святлана Вапручкова была ўзнагароджана Ордэнам Маці.

На цяперашні час жанчына працуе культарганізатарам у Княгініскай сельскай інтэграванай бібліятэцы-клубе, з’яўляецца кіраўніком аматарскага аб’яднання “Мир сказки”, удзельнікі якога не толькі артысты, але і творцы: лялькі для сваіх лялечных спектакляў і дэкарацыі робяць сваімі рукамі.

Сям’я Вапручковых жыве ў вялікім асабістым доме, вядзе падсобную гаспадарку і  мае вялікі агарод. У кожнага ёсць свае абавязкі і кожны нясе адказнасць за сваю працу.

Галко Вольга Станіславаўна

(нарадзілася ў 1961 г.)

Старшыня Княгінінскага сельскага выканаўчага камітэта, узнагароджана медалём “За бездакорную службу” ІІІ ступені (2025).

Вольга Станіславаўна Галко  нарадзілася ў 1961 г. у вёсцы Язні Вілейскага раёна Мінскай вобласці ў шматдзетнай сям’і. Пасля заканчэння школы паступіла ў Маладзечанскі палітэхнічны тэхнікум, які скончыла ў 1981 г. Сваю працоўную дзейнасць пачала ў тым жа годзе на Вілейскім камбікормавым заводзе, спачатку ў якасці майстра, потым тэхніка-хіміка, інжэнера-тэхнолага. З 1984 да 1994 гг. працавала ў саўгасе Ліозненскага раёна Віцебскай вобласці, а потым – на Вілейшчыне (саўгас “За мір” в. Забалацце). У 1988 г. скончыла Усесаюзны завочны інстытут харчовай прамысловасці (Масква).  

З 1994 па 2003 гг. Вольга Станіславаўна працавала загадчыцай лабараторыяй Княгінінскага вытворчага ўчастка адкрытага акцыянернага таварыства “Вілейскі камбікормавы завод”. У 2003 годзе накірунак яе дзейнасці змяніўся: да 2013 г. працавала на пасадзе  ўпраўляючай справамі Княгінінскага сельскага выканаўчага камітэта, а з 2014 года і па цяперашні час – старшынёй сельсавета.

На гэтай пасадзе Вольга Станіславаўна Галко ўвесь час знаходзіцца на сувязі з жыхарамі свайго сельсавета, рэгулярна сустракаецца з вяскоўцамі, каб дапамагаць ім рашаць свае бытавыя і інфраструктурныя праблемы. Вялікую ўвагу старшыня надае комплекснаму добраўпарадкаванню тэрыторый і захаванасці гісторыка-патрыятычных традыцый.

Дзякуючы такому падыходу Княгінінскі сельсавет па выніках 2014, 2016, 2020 і 2025 гг. станавіўся пераможцам раённых спаборніцтваў сярод органаў мясцовага самакіравання.

Дзейнасць і прафесіяналізм Вольгі Галко адзначаны мноствам узнагарод, а таксама яна была двойчы занесена на раённую Дошку гонару як лепшы работнік дзяржкіравання.

Снежань 2025 года для Вольгі Станіславаўны стаў адметным : за сваю прафесійную дзейнасць і адданасць дзяржаўнай службе жанчына была адзначана медалём “За бездакорную службу” ІІІ ступені. Узнагароду яна атрымала з рук старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксея Кушнарэнка.

Грышкевіч Аліна Тадэвушаўна 

Беларуская журналістка, аглядальнік БелТА, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, член Саюза пісьменнікаў Беларусі,  намеснік старшыні таварыства дружбы «Беларусь — Кітай», аўтар кнігі «Лёсы жанчын — лёс адзінай Беларусі».

Аліна Грышкевіч нарадзілася ў Мядзельскім раёне. У 1984 г. скончыла факультэт журналістыкі БДУ, у 2005 г. – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “Знешняя палітыка і дыпламатыя”, аспірантуру факультэта міжнародных адносін БДУ. З 1984 па 2001 гг. працавала ў рэдакцыі раёнай газеты “Пухавіцкія навіны”. З 2001 г.- у БЕЛТА аглядальнік аддзела па асвятленню дзейнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Аліна Тадэвушаўна з’яўляецца аўтарам шматлікіх публікацый па выніках творчых паездак у Кітайскую Народную Рэспубліку, Аўстрыю, Азербайджан, Бельгію, Ватыкан, Вялікабрытанію, Венгрыю, Венесуэлу, В’етнам і іншыя краіны. Яна – складальнік і суаўтар кнігі “Кітай вачыма беларусаў”, выдадзенага ў Пекіне зборніка “Гісторыі пра Кітай і Беларусь”.

Акрамя гэтага, Аліна Тадэушаўна – намеснік старшыні Таварыства дружбы “Беларусь – Кітай”, член прэзідыума Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, член прэзідыума Беларускай грамадскай арганізацыі “Пародненыя гарады”, член праўлення Беларускага саюза жанчын, член Беларускага саюза журналістаў. Узнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”.

Захарэвіч Марыя Георгіеўна

(нарадзілася ў 1936 г.)

 

Народная артыстка Беларусі (1977), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі (1984), Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці (2012), пераможца IV рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года” ў намінацыі “Жанчына-легенда”, Ганаровы грамадзянін Мядзельскага раёна (2014).

Марыя Георгіеўна Захарэвіч нарадзілася 21 лістапад 1936 года ў в.Навасёлкі Мядзельскага раёна. Падчас навучання ў Мядзельскай школе дзяўчына наведвала гурток мастацкай самадзейнасці, якім кіраваў настаўнік нямецкай мовы Канстанцін Дудак. Менавіта ён і разгледзіў у Марыі талент і параіў ёй пайсці вучыцца “на артыстку”.

Марыя Георгіеўна паступіла ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (зараз Беларуская акадэмія мастацтваў) на курс рэжысёра Канстанціна Саннікава. Студэнткай яна сыграла ролю Галі Жураўкі ў спектаклі Купалаўскага тэатра паводле п’есы І. Мележа “Пакуль вы маладыя”, а пасля заканчэння інстытута ў 1957 г. была залічана ў трупу. І з таго часу безперапынна служыць ў ім ужо амаль 70 гадоў. Марыя Георгіеўна стварыла шэраг жаночых вобразаў на сцэне роднага тэатра – сыграла больш за 60 роляў:  Ганны Чарнушкі  (“Людзі на балоце” І. Мележа), Зосі Савіч (“Сэрца на далоні” І. Шамякіна), Паліны Іванаўны (“Апошні шанц” В. Быкава), Лізы Хрэнавай (“Традыцыйны збор” В. Розава), Зношчыхі (“Тутэйшыя” Я. Купалы), Луізы Браент (“Праўду! Нічога, акрамя праўды!” Д. Аля), Кацярыны Міхайлаўны (“Памяць сэрцы” А. Карнейчука), Марыі (“Святая святых “ І. Друцэ) і ншыя.

Акрамя тэатра, вялікае месца ў творчасці Марыі Геогіеўны займала праца на радыё. Беларускі дзяржаўны архіў кінафотадакументаў захоўвае каля 166 адзінак гуказапісаў вершаў, песень, урыўкаў з раманаў у выкананні артысткі, мноства радыёспектакляў, кампазіцый, пастановак з яе ўдзелам, а таксама радыёперадач з цыкла “Майстры беларускай сцэны” і “Сустрэчы ў радыёстудыі”.  Невыпадкова яе называлі “каралевай радыё”. А за ўдзел у радыёспектакях “Рыбакова хата” паводле Я. Коласа і “Хамуціус” паводле А. Куляшова Марыя Захарэвіч была адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР (1984).

У актрысы ёсць і вялікая фільмаграфія: на яе рахунку звыш дваццаці фільмаў, у якіх яна прымала удзел. Невялікія, але вельмі запамінанльныя ролі ў стужках: “Я – Францыск Скарына”, “Зімародак”, “Кантрольная па спецыяльнасці”, “Час сыноў”. Рэжысёр Віктар Тураў аказаў найбольшы давер таленту актрысы: яна іграла ў фільмах “Сыны”, “Нядзельная ноч”, “Літары на мармуры”, “Далёкае і блізкае”, “Людзі на балоце”. А такія фільмы з удзелам Марыі Георгіеўны, як “Руіны страляюць”, “Ясь і Яніна”, “Чорная бяроза”, “Надпіс на зрубе”, “Хам” і іншыя складаюць цэлую эпоху ў беларускім кіно.

У 2007 годзе рэжысёр Сяргей Лук’янчыкаў зняў пра Марыю Захарэвіч дакументальны фільм “Аб чым баліць душа”.

Захарэвіч (Лашук) Ніна Маркаўна

(1933 – 2005)

Паэтэса, настаўніца.

Нарадзілася Ніна Маркаўна 22 мая 1933 года ў сялянскай сям’і. У час вайны бацька, Марк Міхайлавіч Лашук, навучыў дачку чытаць і пісаць , пад яго ўплывам яна займалася самаадукацыяй. Пасля выгнання нямецка-фашысцкіх захопнікаў з Беларусі ў 1944 г. Ніна стала вучаніцай Старагабскай пачатковай школы і была залічана ў трэці клас. Цяга да ведаў была вельмі моцная: у сямігодку хадзіла за 10 км, а Будслаўская СШ, якую яна скончыла ў 1952 г., наогул была за 20 км. У час навучання ў Будслаўскай школе там працавала настаўніцай Паўліна Мядзёлка, якая прывівала вучням любоў да музыкі, паэзіі, арганізоўвала канцэрты мастацкай самадзейнасці.

Пасля заканчэння школы Ніна Маркаўна вучылася на фізмаце Маладзечанскага настаўніцкага інстытута, завочна займалася ў Мінскім педагагічным інстытуце. Сем гадоў працавала дырэктарам Пастаўскай СШ № 1 і каля 15 гадоў – старшынёй прафсаюза работнікаў асветы.

Нягледзячы на тое, што яна выкладала фізіку і матэматыку, Ніна ўвесь час захаплялася літаратурай, паэзіяй. Першы свой верш яна напісала ў пятым класе і на працягу ўсяго жыцця жаданне пісаць толькі мацнела. У 1993 г. адбыўся яе дэбют у часопісе “Работніца і сялянка”. Ніна Маркаўна была пераможцай конкурсу прыпевак, лаўрэатам II Усебеларускага фестывалю гумару ў Аўцюках. Яе вершы гучалі на рэспубліканскім радыё, друкаваліся ў рэспубліканскіх і раённых газетах і часопісах. Яе часта запрашалі да ўдзелу ў падрыхтоўцы фестывалю народной творчасці “Звіняць цымбалы і гармонік”, за што яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. А ў 1999 годзе на Беларускім тэлебачанні быў зняты фільм пра Ніну Маркаўну – “Чакаю новы дзень”.

Выйшлі чатыры друкаваныя зборнікі: “Дарыце маці кветкі” (1995), “Жнівеньскі вецер” і “Бэзавы цвет” (2002), “Расінка на дрэве” (2004). Ужо пасля смерці (2005 г.) выйшаў невялічкі песенны зборнік з нотамі, бо шмат вершаў паэтэсы пакладзены на музыку. На яе вершы кампазітары Мікалай Карпенка, Генадзь Шышкін, Аляксандр Бялоў напісалі музыку. Быў знаёмы з яе паэзіяй і народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін і вось якую ацэнку ён даў: “Вершы Ніны Маркаўны ўражваюць сваёй нязмушанай беларускасцю. Слухаеш іх… і чуеш дыханне спрадвечнага нашага крывіцкага слова”.

Беларусь мая
Беларусь – мая бабуля,
У бялюсенькай кашулі
З ільнянога палатна.

Беларусь – мая матуля,
Над табой свісталі кулі,
Гора зведала спаўна.

Беларусь – мая сястрыца,
Мне Чарнобыль часта сніцца,
Я прашу цябе: прабач.

Беларусь – мая дачушка,
Я хачу цябе пагушкаць,
Вытры слёзы і не плач.

Беларусь – мая унучка,
Заспявай жа песню гучна,
Станеш светлай, як была.

Беларусь – мая бабуля,
Беларусь – мая матуля.
Што я маю, ты дала.

Іванова Стэла Станіславаўна

(нарадзілася ў 1947 г.)

Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Нарадзілася Стэла Станіславаўна ў 1947 г. у вёсцы Слабада Мядзельскага раёна. Яе матуля працавала тэхработніцай у школе, тата – брыгадзірам калгаснай будаўнічай брыгады. У 1962 г. скончыла Слабадскую сярэднюю школу. Пасля школы дзяўчына паступіла ў Гомельскае музычна-педагагічнае вучылішча. Гэтаму папярэднічала выпадковая сустрэча  з загадчыкам раённага аддзела культуры Уладзімірам Казакевічам. Ён пачуў, як дзяўчына грала на гармоніку, і параіў вучыцца.

Пасля заканчэння вучылішча ў 1966 г., працавала на Мядзельшчыне –  выкладчыкам спеваў і музыкі, дырэктарам Крывіцкай дзіцячай музычнай школы, кіравала калектывамі мастацкай самадзейнасці. У 1967 і 1968 гадах арганізаваны ёю агітпоезд з канцэртамі аб’ехаў усе калгасы раёна.

У 1973 г. завочна скончыла Ленінградскі інстытут культуры імя Н. К. Крупскай. У 1983 г. Стэла Станіславаўна  была прызначана дырэктарам Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці і амаль 20 гадоў узначальвала гэту ўстанову. На гэтай пасадзе жанчына накіравала свае сілы і сілы ўзначальваемага ёю калектыву на рэлізацыю прыярытэтных кірункаў у развіцці традыцыйнай культуры, стварэнне ўмоў для плённай працы фальклорных і самадзейных мастацкіх калектываў, народных майстроў і ўмельцаў, на адраджэнне старажытных промыслаў і рамёстваў, народных святаў і абрадаў.

За вялікі ўклад у развіццё народнай творчасці ў 1997 годзе Стэла Іванова ўдастоена звання лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Зараз на заслужаным адпачынку.

Казапалянская Наталля Міхайлаўна

(псеўданім Наталля Капа)

(нарадзілася ў 1973 г.)

Паэтэса і празаік, літаратурны крытык, перакладчык.

Наталля Казапалянская (Капа) нарадзілася 17 жніўня 1973 года ў г. Мядзел. Пасля заканчэння школы паступіла ў БДУ на філалагічны факультэт, які скончыла ў 1995 г. Настаўнічала ў Вузлянскай базавай школе, выкладала беларускую мову і літаратуру. Працавала ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, загадчыкам аддзела літаратурнага часопіса “Нёман”. Літаратурнай працай займаецца з 1989 года. Аўтар зборнікаў вершаў “Панна каханка” (1998), “Бэзавыя дрэвы” (2002). Друкуецца ў часопісах “Маладосць” і “Нёман”, а таксама ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Член Мінскага гарадскога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”

Навука любові да бліжняга.
Калі ўва мне ўскіпае
гнеў, раздражэнне
да нейкага чалавека
уяўляю ягоную маці.
Вось яна, старэнькая бабулька,
сярод гэтага ўсясветнага абурэння,
пракляццяў, жадання пакараць.
Я адчуваю, як сціскаецца яе сэрца.
Яна глядзіць на свайго сына,
а ў вачах – смутак.
“Вось як люта ўсе на яго.
А гэта – мой сын”,- думае яна.
Я спачуваю ёй і ўжо іншымі вачыма
гляджу на таго чалавека –
дзе тая лютасць, толькі спагада,
толькі жаданне яму дабра.

Кашчэва Тамара Іванаўна

(нарадзілася ў 1952 г.)

Музыкант, кампазітар і выканаўца ўласных песень.

Кашчэва Тамара Іванаўна нарадзілася ў в. Выгалавічы Мядзельскага раёна. Скончыла Маладзечанскае музычнае вучылішча і Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага. Сваю прафесійную дзейнасць пачала на пасадзе выкладчыка сальфеджыа ў Мядзельскай ДМШ і разам з тым прымала ўдзел у ансамблі “Раніца”. У 1977 годзе па волі лёсу пераехала ў Фаніпаль, дзе да 2010 года працавала музычным кіраўніком у дзіцячым садку.

Тамара Іванаўна з’яўляецца членам Грамадскага аб’яднання “Беларускі Саюз музычных дзеячаў”, Народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца”, Народнага клуба аматараў паэзіі “Натхненне”, што дзейнічае пры Рэспубліканскім Палацы культуры ветэранаў, літаратурнага клуба “Выток” пры Дзяржынскай раённай бібліятэцы, клуба “Спадарыня” пры Мінскім гарадскім аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яе песні неаднойчы гучалі ў эфіры Беларускага радыё, на розных канцэртных пляцоўках г. Мінска і Мінскай вобласці, на рэспубліканскім свяце “Дажынкі” (2011), свяце беларускай пісьменнасці ў г. Заслаўе.

Свае песні пачала пісаць у пачатку 90-х гадоў, а ў 2002 г выйшаў першы кампакт-дыск. У 2008 г.- зборнік песень пад назвай “Не жалейте сердца…”, а ў 2012 г. выйшаў другі песенны дыск “І льецца музыка душы” і ў гэты ж год ёй было прысвоена званне “Жанчына годы Дзяржыншчыны”.

У 2019 годзе выканаўца зрабіла творчы падарунак сваім землякам –  выступіла з канцэртам перад жыхарамі сваёй роднай вёскі Выгалавічы, паслухаць Тамару Іванаўну прыехалі таксама людзі з Княгініна і Мядзела. Песні атрымалі цёплы водгук у сэрцах гледачоў, выклікалі светлыя пачуцці і станоўчыя эмоцыі.

2023 год стаў адметным у творчасці Тамары Іванаўны: заняла 2-е месца ў абласным конкурсе да 85-годдзя Міншчыны з песняй “Міншчына”.

Дарагая Беларусь

Даль прастораў, сонца поўная,
Сінь азёр і шыр палёў.
Беларусь. Краіна сэрцу родная,
Наша слава і любоў.

Ты нямала гора зведала,
Праліла нямала слёз.
На зямлі заўсёды разам з кветкамі
І палын тут горкі рос.

Новы дзень над шумнай ніваю
Запаліў ужо зару.
Дык жыві свабоднай і шчасліваю,
Дарагая Беларусь!

Кручэнка Тамара Віктараўна

(нарадзілася ў 1955 г.)

Паэт, празаік, публіцыст.

Тамара Віктараўна Кручэнка (Купрэвіч) нарадзілася 30 мая 1955 года ў г. Мядзел Мінскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла на філалагічны факультэт БДУ імя Леніна (скончыла у 1977 г.), дзе наведвала літаб’яднанне “Узлет”, якім кіраваў Алег Лойка.

З 1978 года жыве ў Гомелі, звыш 40 гадоў працавала карэспандэнтам шматтыражных газет Гомельскага шклозавода імя М. Ламаносава, Гомельскага радыёзавода імя 60-годдзя СССР, а са снежня 1995-га года да красавіка 2021 года — журналістам у абласной газете “Гомельская праўда”. Аўтар паэтычных кніг “Край бацькоўскі” (Мазыр, 2007), “Ад берагоў Дзясны да Сожа” (разам з Л. Бандарэвіч-Чарненка, Чарнігаў, 2007), “Прысвячэнне” (Мазыр, 2018), зборніка публіцыстыкі “Лёсаў зорныя імгненні”, сааўтар іншых паэтычных і публіцыстычных выданняў.  Друкавалася ў газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісе “Полымя”, калектыўных зборніках паэзіі і перакладаў Беларусі, Расіі і Украіны. Лаўрэат шэрагу міжнародных літаратурных прэмій — Баяна (Расія), Рыгора Скаварады (Украіна), імя Аляксандра Капусціна (Беларусь), лаўрэат абласнога літаратурнага конкурсу імя Кірылы Тураўскага (1997г.) і аднайменнай літпрэміі (2014 і 2018 гады ў намінацыях “публіцыстыка” і “паэзія”). Вялікая колькасць вершаў прысвячае роднаму краю – Мядзельшчыне.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай Дзяржавы.

Памяць.

А на скронях ужо перажытага замець,
І памылкі-зарубкі на сэрцы тваім.
Застанецца няхай толькі шчырая памяць
Нам з табою дваім, нам з табою дваім.
И згадаем бацькоў нашых твары-іконы,
Іх святы запавет берагчы родны кут,
Можа, людзі і нас добрым словам успомняць,
Што калісьці з табою і мы жылі тут.
І закружыць ізноў нас падзей калясніца,
Восень золатам сыпле мне згадкі-лісты.
Да пляча да твайго так хачу прытуліцца…
Не забудзь мяне ты, не забудзь мяне ты.

Мядзёлка Паўліна Вікенцьеўна (Вінцэнтаўна)
(1893-1974)


Заслужаны дзеяч культуры БССР (1966).

Нарадзілася Паўліна Мядзёлка 12 верасня 1893 года ў мястэчку Будслаў Вілейскага павета Віленскай губерніі (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці). У 1898 годзе бацькі пераехалі ў Глыбокае, дзе дзяўчына скончыла царкоўна-прыхадское вучылішча. Вялікая цяга да ведаў, любоў да чытання, захапленне музыкай (сама навучылася іграць на фартэпіяна) і жаданне вучыцца далей выклікалі раздражэнне ў маці, якая бачыла дачку добрай гаспадыняй. Але напор дзяўчыны быў вялікі і бацькі адпусцілі яе ў Рыгу да сваякоў, дзе Паўліна закончыла прыватныя курсы. Гэта дазволіла ёй паступіць у жаночую гімназію ў Вільні. Пасля здачы ўступных экзаменаў яны выпадкова сутыкнуліся з Янкам Купалам. Тая сустрэча так запала ў душу паэта, што праз чатыры гады ён зачытаў сваім сябрам новую п’есу і прапанаваў Паўліне галоўную ролю ў спектаклі. Там жа яна ўпершыню панаёмілася з Якубам Коласам, Змітраком Бядулем і іншымі беларускімі творчымі дзеячамі.

Увосень 1912 года Паўліна паступіла на Вышэйшыя камерцыйныя курсы ў Пецярбургу, якія паспяхова закончыла. У час вучобы пазнаёмілася з прафесарам Браніславам Эпімах-Шыпілам, на кватэры якога збіралася ўся беларуская моладзь, якая вучылася ў горадзе на Няве. На кватэры жыў і Янка Купала, які займаўся на вячэрніх курсах Чарняева. Тут і была прачытана яго п’еса “Паўлінка”, пасля чаго моладзь загарэлася жаданнем яе паставіць, і за арганізацыю спектакля ўзяўся брат прафесара Уладзіслаў. Прэм’ера адбылася 9 лютага 1913 года ў рабочым клубе “Пальміра” і прайшла з вялікім поспехам. У тым жа годзе ў Вільні поспех паўтарыўся.

Падчас 1-ай сусветнай вайны Паўліна знаходзілася ў эвакуацыі ў Царыцыне. З восені 1916 у Петраградзе працавала сакратаром Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 апынулася ў Кіеве (Саюз гарадоў). У кастрычніку 1917 года па дамоўленасці з княгіняй Магдаленай Радзівіл арганізавала беларускую школу ў Жорнаўцы Ігуменскага павету. Пасля таго, як у сакавіку 1918 года школа закрылася, перабралася ў Мінск.

Працавала настаўніцай, удзельнічала ў пастаноўках Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Наведвала Вільню і Гродна. З 1918 года выступала ў друку з вершамі. З вясны 1919 – інспектар беларускіх школ, кіраўнік Грамады беларускай моладзі і драматычнага гуртка ў Гродне. 20 ліпеня 1919 была арыштавана польскімі ўладамі за ўдзел у выданні газеты «Родны край» (Гродна), дзе, дарэчы, і друкавалася.

З пачатку 1920 года ў Мінску кіравала беларускай жаночай школай, удзельнічала ў драматычных пастаноўках, была звязана з падполлем і арыштавана разам з мужам Т. Грыбам польскімі ўладамі ў маі 1920. Перад наступленнем Чырвонай Арміі вывезена ў Варшаву, сядзела ў турме Уронкі на Пазнаншчыне. Пасля вызвалення была накіравана на жыхарства ў Лодзь з забаронай пераязджаць на «ўсходнія крэсы». Па падробленых дакументах выехала ў Вільню, потым (у лютым 1921) трапіла ў Літву. У Коўне займалася выданнем агітацыйнай літаратуры, накіраванай супраць польскай акупацыі Заходняй Беларусі. Друкавалася ў газеце «Сялянская доля». З восені 1921 года па прапанове Ц. Гартнага працавала ў выдавецкім аддзеле пры савецкім пасольстве ў Берліне.

У 1922 пераехала ў Латвію, выкладала ў беларускай гімназіі ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс). У маі 1924 арыштавана латышскімі ўладамі разам з іншымі выкладчыкамі. Апраўдана судом у красавіку 1925 года і разам з братам прыехала ў БССР. Працавала ў сектары мастацтва Інбелкульта. У 1927—1930 гадах выкладала беларускую мову ў Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі ў Горках.

Арыштавана ДПУ БССР 18 ліпеня 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», выслана ў Казань, але ў ссылцы прабыла нядоўга і ўжо восенню 1932 года дазволілі пераехаць у Маскву, дзе выкладала рускую мову і літаратуру ў адной з маскоўскіх школ. Летам 1947 года пераехала ў Будслаў – патрабавала догляду хворая маці, дзе да 1958 года працавала настаўніцай.

З першых дзён у Будслаўскай школе Паўліна Вікенцьеўна пачала падбіраць галасы для хору і рыхтаваць пастаноўку “Паўлінкі”. Пасля ўдалага выступлення трупу паклікалі на абласны агляд мастацкай самадзейнасці, дзе прысудзілі першую прэмію. А потым – на рэспубліканскі канцэрт ў Мінск. Так пачалася актыўная дзейнасць драматычнага і харавога гурткоў у Будславе.

У Будславе былі напісаны мемуары «Сцежкамі жыцця», якія ў фрагментах пачалі друкавацца з 1958 г. у часопісе “Полымя”, якія рэдагаваў Максім Танк (асобным выданнем выйшлі ў 1974, праз некалькі месяцаў пасля яе смерці). Памерла 13 лютага 1974 года ў Будславе.

Несцяровіч Леакадзія Уладзіміраўна

(нарадзілася ў 1953 г.)

На працягу 34 гадоў узначальвала Мядзельскую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму

Леакадзія Уладзіміраўна Несцяровіч нарадзілася 11 лістапада 1953 года ў вёсцы Пехуры. Пасля школы паступіла на факультэт  бібліятэказнаўства і бібліяграфіі  Мінскага  дзяржаўнага  педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. У жніўні 1975 года пасля яго заканчэння  па накіраванні прыехала на працу  ў аддзел культуры Мядзельскага райвыканкама. Вакансій у бібліятэцы на той час  не было.  Загадчык аддзела культуры  Уладзімір Іосіфавіч Казакевіч  часова прапанаваў пасаду інспектара  аддзела  культуры, а як толькі з’явіцца магчымасць перавесці ў бібліятэку.

Такая магчымасць з’явілася праз год. 16 жніўня 1976 года дзяўчына прыйшла  ў раённую бібліятэку ў якасці загадчыцы перасоўнага фонду. А крыху больш чым праз год  7 снежня 1977 года   была зацверджана на пасаду загадчыцы раённай бібліятэкі.

У той час па ўсёй рэспубліцы  ішоў  працэс цэнтралізацыі бібліятэк. Не абмінула гэта і Мядзельшчыну – з 1 студзеня 1979 г.  бібліятэкі раёна пачалі працаваць  ва ўмовах  цэнтралізацыі. Сетка бібліятэк  сістэмы  на той момант  62 адзінкі, у 1981 годзе адкрылася бібліятэка ў к. п. Нарач. 63 бібліятэкі  абслугоўвалі  ў той час 38 тысяч чытачоў. Гэта была грамадная махіна, з якой  павінна была справіцца малады дырэктар (на той час Людміле было 26 год).

Сумесна  з кіраўніцтвам  аддзела  культуры  яна пачала  фарміраваць штат цэнтральнай раённай бібліятэкі. Былі ўтвораны  новыя аддзелы, уведзены новыя пасады  ў адпаведнасці  з зацверджаным  штатным раскладам.

У 1982 годзе, дзякуючы намаганням загадчыка аддзела культуры У. І. Казакевіча і падтрымцы Першага сакратара ЦК КПБ Пятра Міронавіча Машэрава ў Мядзелі быў здадзены новы будынак бібліятэкі-музея. З пераездам у новае памяшканне пачаўся новы віток дзейнасці бібліятэкі і яго дырэктара. У бібліятэкі з’явілася свая актавая зала, літаратурна-музычная гасцёўня. Ладзілася шмат  сустрэч з цікавымі людзьмі, розных вечарын, выстаў.

Па ініцыятыве Людмілы Уладзіміраўны ў Мядзелі прайшлі тры святы кнігі: у маі 1988 года, свята дзіцячай кнігі (май 1989) і  скарынінскае свята (май 1990 г). Мерапрыемствы атрымалі  шырокі рэзананс, былі  нязвыклымі, бо ўпершыню  ладзілася  ўрачыстасць кнізе.

Гасцямі бібліятэкі пад час кіраўніцтва Л. У. Несцяровіч было шмат цікавых, творчых асоб: М. Танк, М. Захарэвіч, В. Роўда, В. Шаранговіч, М. Чаргінец, Г. Каханоўскі, С. Законнікаў, С. Грахоўскі, Я. Міклашэўскі, А. Грачаннікаў, У. Карызна, В. Іпатава, А. Васілевіч, Э. Агняцвет,  Н. Загорская, М. Мятліцкі, В. Шніп, Л. Рублеўская, А. Спрынчан, Л. Дранько-Майсюк, Э. Акулін, Б. Пятровіч, А. Вярцінскі, М. Аўрамчык, Н. Гілевіч, В. Зуёнак, К. Камейша, У. Ліпскі, У. Казбярук, У. Марчук, В. Сакалова і многія іншыя. 

Праца Л. У. Несцяровіч была ацэнена кіраўніцтвам. У кастрычніку  1999 года Людміла Уладзіміраўна  ўзнагароджана   Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі  Беларусь. Мае тры падзякі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта (2003, 2006,2008 гады). Былі ўзнагароды і  кіраўніцтва Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С.Пушкіна, Мядзельскага райвыканкама.

З 2013 года працуе бібліятэкарам у ДУА “Гімназія г. Мядзела”.

Нырцова Таццяна Ананьеўна

(нарадзілася ў 1974 г.)

Дырэктар ДУ “Мядзельская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Танка”

Таццяна Ананьеўна нарадзілася ў 1974 г. на Мядзельшчыне, у вёсцы Новікі. Пасля заканчэння Сваткаўскай сярэдняй школы ў 1991 г. дзяўчына паступіла ў Мінскі інстытут культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў) на дзённае аддзяленне факультэта бібліятэказнаўства і бібліяграфіі, які скончыла ў 1995 г.

Уся прафесійная дзейнасць Таццяны Ананьеўны звязана з Мядзельскай цэнтральнай бібліятэкай. А пачалася яна з лютага 1997 г., калі яна маладым спецыялістам пасля дэкрэтнага адпачынку па догляду дзіцяці прыйшла ўладкоўвацца на працу і была прынята на пасаду бібліятэкара ў раённую дзіцячую бібліятэку. З 2004 г. Таццяна Нырцова ўзначаліла аддзел бібліятэчнага маркетынгу, з лістапада 2012 г.- дырэктар Мядзельскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, а пасля яе рэарганізацыі з 2018 г. – дырэктар дзяржаўнай установы “Мядзельская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Танка”.

Па выніках работы за 2008 і 2018 гады Таццяна Ананьеўна была прызнана лепшай  па прафесіі сярод работнікаў культуры раёна з занясеннем яе фатаграфіі на раённую Дошку гонара. Мае ўзнагароды раённага і абласнога ўзроўню. У кастрычніку 2023 года Таццяна Ананьеўна стала госцяй у аўтарскім праекце Навума Гальпяровіча “Суразмоўцы”, дзе ішла размова пра творчасць Максіма Танка і яго ролю ў выхаванні юных чытачоў. А таксама дырэктар расказала пра работу бібліятэк раёна, пра нашы дасягненні і перспектывы.

На працягу ўсёй сваёй працоўнай дзейнасці Таццяна Ананьеўна знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, шмат чытае, цікавіцца інавацыямі і ўкараняе іх у практыку, рэгулярна арганізоўвае бібліясустрэчы з калегамі з іншых рэгіёнаў для зносін і абмену вопытам. Дзякуючы дырэктару цэнтральная бібліятэка мае добры рамонт і сучасны інтэр’ер, не застаюцца без увагі і бібліятэкі-філіялы.

 

Салавей Лія Мацвееўна
(нарадзілася ў 1934 г.)


Даследчык беларускай фалькларыстыкі, узаемасувязей народнай вусна-паэтычнай творчасці славянскіх народаў, кандыдат філалагічных навук (1974).

Нарадзілася Лія Мацвееўна 1 верасня 1934 года ў в. Навасёлкі Мядзельскага раёна. Вучылася ў Слабадской сямігодцы. У 1950 г. паступіла ў Пастаўскае педвучылішча, пасля якога настаўнічала ў школах г. Ашмяны. У 1960 г. скончыла бібліятэчны факультэт Мінскага педагагічнага інтсытута імя А. М. Горкага. Працавала ў Брэсцкай абласной бібліятэцы спачатку метадыстам, а потым загадчыкам метадычнага аддзела. У 1967 г. паступіла ў аспірантуру Інстытута мовазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі. Кандыдацкую дысертацыю абараніла ў 1974 годзе.

Лія Мацвееўна Салавей – аўтар манаграфіі “Беларуская народная балада” (1978), складальнік тома “Балады” (кн. 1-2, 1977-78). Удзельнічала ў падрыхтоўцы і выданні тома “Жаніцьба Цярэшкі” (1993) у шматтомнай серыі “Беларуская народная творчасць”, а таксама калектыўнага даследвання “Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян” (1993). З’яуляецца аўтарам многіх артыкулаў для беларускіх энцыклапедычных выданняў: 12-томнай “Беларускай савецкай энцыклапедыі”, 5-томнай “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі”, аднатомных энцыклапедый “Этнаграфія Беларусі”, “Францыск Скарына”, “Янка Купала” і інш. Запісала ў розных мясцінах Беларусі некалькі тысяч фальклорных твораў, з якіх больш за 500 апублікаваны ў серыі “Беларуская народная творчасць”.

Падчас навуковых экспедыцый, разам з фальклорнымі запісамі Лія Салавей сабрала калекцыю беларускага народнага ткацтва — ручнікоў, абрусаў, посцілак — асновай якой былі вырабы яе маці.

Лія Салавей аўтар нарысаў пра духоўную спадчыну беларусаў у шэрагу кніг з серыі «Памяць» (Мядзельскі, Нясвіжскі, Верхнядзвінскі раёны) і шматлікіх артыкулаў. Таксама яе імя – сярод аўтараў кнігі «Міфалогія. Духоўныя вершы» (2003), энцыклапедычнага слоўніка «Беларуская міфалогія» (2004), кнігі «Замовы» (2009, укладанне У. Васілевіч, Л. Салавей, уступны артыкул Л. Салавей), энцыклапедычнага даведніка «Міфалогія беларусаў» (2011).

Разам з У. Васілевічам Лія Салавей пераклала на беларускую мову каштоўнае этнаграфічнае даследаванне Часлава Пяткевіча «Рэчыцкае Палессе. Этнаграфічныя матэрыялы» (Частка 1. Матэрыяльная культура; 2004), а таксама пераклала з польскай працу Казіміра Машынскага «Усходняе Палессе» (выдадзена ў «Беларускім кнігазборы», 2014).

Лія Мацвееўна – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986) за ўдзел у складанні шматтомнага выдання “Беларуская народная творчасць”.

Саўчык Ганна Яўгенаўна

(нарадзілася ў 1961 г.)

Настаўніца, аўтар кнігі “Бабуля”.

Ганна Яўгенаўна нарадзілася 20 сакавіка 1961 г. у вёсцы Лейцы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння Слабадской сярэдняй школы паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут імя Максіма Горкага па спецыяльнасці “Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства”. З 1980 па 2014 гг. працавала ў сістэме адукацыі Мядзельскага раёна на розных пасадах. З верасня 2014 г. па 2024 гг. працавала дырэктарам ДУ “Мядзельскі раённы архіў”. Цяпер на заслужаным адпачынку.

Ганна Яўгенаўна замужам, мае траіх дзяцей і сямёра ўнукаў. Самым дарагім і каштоўным у сваім жыцці лічыць сям’ю. Не ўяўляе сваё жыццё без чытання і з’яўляецца шматгадовым чытачом раённай бібліятэкі. Любіць вандраваць, вывучае замежныя мовы, любіць паспяваць караоке, а калі прыходзіць натхненне, то бярэ ў руку аловак і сшытак і піша апавяданні.   Землякі ведаюць яе як вельмі аптымістычнага, улюблёнага ў жыццё, чалавека.

Сідзельнікава Галіна Францаўна

(1927 – 2016)

Дыктар радыё, заслужаная артыстка БССР (1975).

Галіна Францаўна Сідзельнікава (Місюк) нарадзілася 25 кастрычніка 1927 г. у в. Нарэйшы Мядзельскага раёна. У 1947 г. скончыла сярэднюю школу, у 1950 г. – Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў). Працавала карэктарам у рэдакцыі газеты “Мінская праўда”, а з 1958 г. – на Беларускім рэспубліканскім радыё. У пратаколе экзамена па праслухоўванні перад прызначэннем на пасаду дыктара ёсць прыпіска народнага паэта Беларусі П. Броўкі: “Добрае валоданне беларускай мовай”. У 1980 г. Галіну Францаўну прызначаюць кіраўніком аддзела дыктараў Беларускага радыё, потым вылучаюць у члены мастацкага савета групы дыктараў. Былы старшыня Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, паэт Г. Бураўкін адзначаў: “Характэрныя творчыя рысы Г. Ф. Сідзельнікавай – гібкасць, эмацыянальнасць, выдатнае валоданне мовай, натхнёнасць, тэмперамент. Прыемны тэмбр голаса, добрае беларускае вымаўленне, прыродная музыкальнасць, здольнасць глыбока захапіцца матэрыялам – гэтыя якасці дазваляюць ёй вырашаць задачы значнай складанасці. Далікатнасць, душэўная цеплыня, імкненне без назойлівасці размаўляць з радыёслухачамі вызначае яе паспяховы ўдзел у радыёперадачах”.

Талент Галіны Францаўны найбольш яскрава праявіўся ў перадачах буйнога жанра – літаратурна-драматычных, радыёкампазіцыях і радыёпастаноўках, трансляцыях урачыстых маніфестацый і вечарын. Яна задушэўна чытала паэзію і прозу, часта выступала ў ролі вядучай на канцэртах розных мастацкіх калектываў Беларусі. Больш за 10 гадоў яна была пастаянай вядучай перадачы для дзяцей “Загадкі лясной паляны”.

Праца Галіны Францаўны Сядзельнікавай адзначана шматлікімі ганаровымі дыпломамі, граматамі Дзяржтэлерадыё СССР і БССР. У 1975 г. ёй прысвоена званне заслужанай артысткі Беларусі.

Сяклюцкая Вікторыя Вячаславаўна

(нарадзілася ў 1971 г.)

Настаўніца, пісьменніца, паэт, гаспадыня аграсядзібы “Запаветны куток”, аўтар кнігі “365+” (2021).

Вікторыя Вячаславаўна Сяклюцкая нарадзілася 5 лютага 1971 года ў вёсцы Міхалі Мядзельскага раёна. Калі дзяўчынцы было пяць месяцаў, сям’я пераехала ў Амурскую вобласць, на месца службы бацькі, Рачыцкага Вячаслава Юльянавіча, які быў ваеннаслужачым. У 1980 годзе разам з матуляй, Рачыцкай Любоўю Мікалаеўнай, Вікторыя вярнулася на радзіму. Паступіла ў трэці клас Мядзельскай сярэдняй школы, у якой працавала настаўніцай Каўгарэня Людміла Анатольеўна. Менавіта яна прывіла любоў да вучобы і ведаў.

Школьнае жыццё Вікторыі Сяклюцкай было насычанае і актыўнае : яна была важатай у малодшых класах, старшынёй савета дружыны, намеснікам сакратара камсамольскага бюро школы. У 1984 г. за выдатную вучобу і актыўнае грамадскае жыццё дзяўчына была ўзнагароджана пуцёўкай у міжнародны піянерскі лагер “Артэк”.

З вялікай удзячнасцю і цеплынёй Вікторыя Вячаславаўна ўспамінае сваіх настаўнікаў: Гаралевіча Пятра Дзмітрыевіча, Каратая Канстанціна Арсеньевіча, Лук’яновіч Фаіну Аркадзеўну, Шусціцкую Таісію Казіміраўну, Балюк Раісу Іванаўну і асабліва Зубкевіч Лідзію Мікалаеўну, урокі якой  вызначалі далейшы лёс дзяўчыны.

У 10 класе Вікторыя перамагла ў Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове (дыплом 3 ступені) і, скончыўшы школу, паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага на спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура”.

Сваю працоўную дзейнасць пачала яшчэ на другім курсе вучобы: працавала ў школах Мінска, у піянерскіх лагерах.

У 1993 годзе скончыла вучэбную ўстанову з чырвоным дыпломам і была размеркавана ў Мядзельскую сярэднюю школу № 2, у якой адпрацавала 10 гадоў. 1 верасня 2024 г. адчыніла свае дзверы гімназія горада Мядзел, куды і была пераведзена на працу Вікторыя Вячаславаўна. У гэтай установе яна працуе і па цяперашні час, а агульны педагагічны стаж складае 37 гадоў. За гэты час два разы прымала ўдзел у конкурсе “Настаўнік года”: у 1995 г. заняла трэцяе месца ў раёне, у 2006 – першае, прымала ўдзел у абласным этапе. Была намініравана на званне “Жанчына года” ад Мядзельскага раёна. Вікторыя Сяклюцкая мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Акрамя выкладання беларускай мовы і літаратуры, Вікторыя Вячаславаўна вядзе аб’яднанне па інтарэсах “Спробы пяра”, педагагічную групу, з’яўляецца класным каіраўніком 10 класа, намеснікам старшыні прафсаюзнага камітэта работнікаў гімназіі. Яе вучні рэгулярна перамагаюць у прадметных алімпіядах і творчых конкурсах. Так, самая яркая перамога – Гран-пры ў рэспубліканскім літаратурным конкурсе “БрамаМар” у Мікіты Балюка з фантастычнай аповесцю “Прышэлец прызямліўся ў гімназіі”.

Вікторыя Вячаславаўна Сяклюцкая – маці чатырох цудоўных дзяцей: сына Арцёма (1997 г. н.), дачок Лізаветы (2000 г. н.), Ксеніі (2006 г. н.) і Мар’яны (2010 г. н.), якіх вырасціла і выхавала разам з мужам, Сяклюцкім Аляксандрам Уладзіміравічам, які працуе інспектарам НП “Нарачанскі”. А яшчэ яны з’яўляюцца гаспадарамі аграсядзібы “Запаветны куток”.

Інтарэсы ў Вікторыя вельмі разнастайныя: любіць чытаць, вандраваць, сачыняць, раскрываць людзям прыгажосць Нарачанскага края.