“Каралева радыё”
А голас здалёку ці зблізку пачую –
І ўжо не забыцца і не абмінуць.
Бягу на сустрэчу, убачыць хачу я
І ў вочы, як светлая Нарач, зірнуць.
Ты радасць раздорваеш поўнаю чашай,
Бо юныя душы не лічаць гады.
Жывеш гераіняй, а Машаю-Машай
Была і шчасліваю будзеш заўжды…
Сяргей Грахоўскі
Адна з самых яскравых, адметных фарбаў у мастацкай палітры Марыі Захарэвіч – яе голас. Цёплы, палётны, глыбокага тэмбру, з разнастайнымі абертонамі. Яе мілагучную мову, выразную дыкцыю і чароўнае вымаўленне людзі вельмі любілі.
Быў час, калі голас Марыі Георгіеўны гучаў штодня на хвалі беларускага радыё. Яе называлі “каралевай радыё”. Творчы ўзлёт актрысы на радыё звязаны з працай рэжысёра Соф’і Гурыч. Яна акрыляла ўсіх сваімі ідэямі, апантанасцю, сваім адданым служэннем любімай справе. А самае галоўнае – сваёй ўлюблёнасцю ў беларускую літаратуру. Яна ведала шмат пісьменнікаў, з многімі сябравала. У яе рэдакцыйным партфелі заўсёды ляжалі кніжныя навінкі. Яна разам са сваімі калегамі-рэжысёрамі Таццянай Аляксеевай, Ірынай Андрэевай, Ігарам Лапцінскім, Валерыем Анісенкам перарабляла мастацкія творы ў інсцэніроўкі, і яны пастаянна гучалі на радыё.
З успамінаў Марыі Захарэвіч: “Беларускую літаратуру я адчула усёй душой і на радыё. Тое, што было створана на радыё (пастаноўкі, паэтычныя кампазіцыі, чытанне твораў беларускіх пісьменнікаў), – гэта добрая палавіна майго творчага жыцця, а можа, і больш.
Менавіта на радыё я сыграла такія ролі, аб якіх у тэатры нават і марыць не магла. Ролі рознапланавыя: і камедыйныя, і лірычныя, і драматычныя, і трагедыйныя.
Соф’я Якаўлеўна вельмі мне давярала. Мы разумелі адна адну не тое што з паўслова, а проста з позірку…
Кожны дзень пасля тэатра мы, група беларускіх акцёраў, ішлі сюды. Запісвалі перадачы не толькі днём, але і начамі, таму што студыя нярэдка была занятая. І ніхто з акцёраў не адмаўляўся, таму што яны атрымлівалі ад гэтай працы вялікае задавальненне.
Скажу нават больш: рэжысёры радыё выхоўвалі многіх акцёраў, яны больш дэталёва разглядвалі іх індывідуальнасць, чым у тэатры…”
У зборах Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотадакументаў (БДАКФФД), які захоўвае ў сваіх фондах шмат цікавых і разнастайных аўдыявізуальных дакументаў, якія адлюстроўваюць штрыхі жыцця і творчасці вядомых творчых асоб, налічваецца 166 адзінак захавання ў выкананні Марыі Захарэвіч: гуказапісы вершаў, песень, урыўкаў з раманаў, мноства радыёспектакляў, кампазіцый з яе ўдзелам, а таксама радыёперадач з цыкла “Майстры беларускай сцэны” і “Сустрэчы ў радыёстудыі”.
У залатым фондзе радыё захоўваюцца прачытаныя Марыяй Захарэвіч паэмы Янкі Купалы “Бандароўна”, Якуба Коласа “Сымон-музыка”, раздзелы раманаў Івана Мележа “Людзі на балоце”, “Завеі, снежань…”, аповесці Васіля Быкава “Знак бяды”. Яна іграла галоўныя ролі ў спектаклях “Векапомныя дні” Міхася Лынькова, “ Мінскі напрамак” Івана Мележа, “Самы высокі паверх” і “Мая радня” Алеся Савіцкага (менавіта за ролю Стэфы ў радыёпастаноўцы “Мая радня” М. Захарэвіч была адзначана прызам Дзяржтэлерадыё Літоўскай ССР “Стужка дружбы” на конкурсе, прысвечаным 60-годдзю Вялікага Кастрычніка), “Канец бабінага лета” Алеся Асіпенкі, “І змоўклі птушкі” Івана Шамякіна, “Гаспадар-камень” Генрыха Далідовіча і шмат іншых.
За ўдзел у радыёспектаклях “Рыбакова хата” паводле Якуба Коласа і “Хамуціус” паводле А. Куляшова Марыя Георгіеўна была адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР (1984).
Вось, што гаварыў народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін аб працы артысткі на радыё: “Яна ўмее перадаваць па радыё гаму пачуццяў, якія нясуць у сабе героі радыёп’есы. Гэта вельмі важна, бо слухачы не бачаць твару. Вачэй актрысы. Яны чуюць толькі яе голас. Кожнаму з нас, аўтараў, проста шанцуе, гэта шчасце, што ў нашых п’есах заняты такія акцёры, як Марыя Захарэвіч. Мы па праву ганарымся ёй. Увесь народ ганарыцца… Я Марыю Захарэвіч ведаю даўно. Усё яна робіць хораша, з душой, з вялікай, чалавечай і грамадскай адказнасцю. Яна так прачытала маё апавяданне “Хлеб”, што я не стрымаў слёз. Так ужыцца ў тэкст можа толькі сапраўдны талент. Такі талент трэба берагчы. І ўмець шчыра дзякаваць Марыі Захарэвіч…”