Тэлебачанне і кіно.
Падчас вучобы ў інстытуце, на трэцім курсе, набіралі дыктараў на тэлебачанне, і Марыя Захарэвіч прыняла ўдзел у гэтым конкурсе. На гэта натхніў яе педагог Канстанцін Саннікаў.
Беларускае тэлебачанне толькі тады пачыналася, і вельмі важна было, якія людзі першымі прывабяць гледачоў да тэлевізара. І юную Марыю журы выбрала на пасаду дыктара рэспубліканскага тэлебачання. І за гэту працу плацілі вельмі добрыя грошы, што для студэнткі было значнай матэрыяльнай дапамогай. Як успамінала гэты перыяд актрыса, што для яе было важна тое, што яе маглі бачыць навасёлаўцы: тады ў вёсцы Навасёлкі з’явіўся першы тэлевізар, у сям’і Сцёпкавых, і да іх глядзець прыходзіла амаль уся вёска, у тым ліку бацькі Марыі Георгіеўны. Яны заўжды чакалі, калі пакажуць “іх Марусю”. Яна аб’яўляла навіны, надвор’е ў маленькай студыі з крэслам і камерай на трох ножках. А калі дзяўчына прыязджала ў вёску, то аднавяскоўцы захаплення вялікага не выказвалі, бо гэта не прынята было, а толькі казалі: “Відзелі-відзелі цябе, красівая была!…” Але такая праца хутка надакучыла і артыстка з тэлебачання пайшла.
Але на гэтым сувязь з тэлебачаннем не абарвалася: Марыя Захарэвіч прыняла ўдзел у тэлеспектаклі па кнізе Івана Шамякіна “Трывожнае шчасце”, дзе сыграла Сашу. Чатыры аповесці кнігі сцэнарыст і рэжысёр Аляксандр Гутковіч аб’яднаў адной кінастужкай. Вось як потым пісаў пра працу актрысы вядомы тэатральны крытык, прафесар Уладзімір Няфёд: “Найбольш поспехаў у фільме дабілася Марыя Захарэвіч. Амаль у кожнай сцэне, незалежна ад таго, звязана яна са знешнімі падзеямі ці не, мы ўвесь час адчуваем і разумеем душэўны стан Сашы, яе гераіні. Артыстка Захарэвіч праводзіць рамантычныя сцэны шчыра, эмацыянальна”.
Складанай, але вельмі цікавай, стала роля нямой у тэлефільме “Чужая бацькаўшчына”, якую Марыя Георгіеўна выканала выдатна.
Акрамя гэтых тэлеспектакляў, былі творчыя працы з тэлерэжысёрамі Віктарам Карпілавым, Уладзімірам Забэлам, Наталляй Арцімовіч.
На рахунку народнай артысткі больш дваццаці фільмаў, у якіх яна здымалася. З рэжысёрам Віктарам Туравым іх яднала вайна, яны былі аднагодкі і вельмі адчувалі адзін аднаго. Фільмы “Сыны”, “Нядзельная ноч”, “Літары на мармуры”, “Далёкае і блізкае” выйшлі з удзелам народнай артысткі.
Амаль шэсць гадоў рэжысёр рыхтаваўся да экранізацыі рамана Івана Мележа “Людзі на балоце”. Марыя Георгіеўна сыграла ролю Ганны, вясковай жанчыны, вельмі падобнай на многіх яе зямлячак.
Марыя Захарэвіч здымалася таксама ў фільмах рэжысёраў Віталія Чацверыкова, Міхаіла Пташука, Дзмітрыя Зайцава, Барыса Сцяпанава, Марка Браўдэ, Вячаслава Нікіфарава, Юрыя Цвяткова. Фільмы “Руіны страляюць”, “Ясь і Яніна”, “Чорная бяроза”, “Надпіс на зрубе”, “Хам”, “Зімародак”, “Час выбраў нас” і іншыя з удзелам народнай артысткі складаюць залаты фонд беларускага кіно.
Трэба адзначыць, што ў той час на ўсе галоўныя ролі запрашалі маскоўскіх ці ленінградскіх артыстаў, а беларускія артысты ігралі эпізадычныя ролі. Але вось як адзначала Марыя Георгіеўна: “Я, напрыклад, ганаруся гэтым, мне не сорамна за маленькія ролі. Адметна тое, што мяне бралі без ніякіх проб.”
У кіно, акрамя працы артысткі, Марыя Захарэвіч займалася дубляжом. “Агучыць – гэта значыць зрабіць ролю. І ў мяне такіх работ было даволі шмат. Я агучвала расійскіх, латвійскіх актрыс. А дубляж для мяне таксама праца, і я лічу, што сыграла ў “Знаку бяды” Сцепаніду на беларускай мове. Міхаіл Пташук мяне запрасіў у “Маці Урагану” па Караткевічу, я таксама агучвала галоўную гераіню. Пасля Пташук запрасіў мяне яшчэ агучыць лэдзі Макбет”.