Уступ
Марыі Георгіеўне Захарэвіч
Гараць і гаснуць вечнасці агні,
Нібыта рампа на вялікай сцэне.
Прасветленай душы чысцютккай німб
Ваш бачу… Вечна юнай Мельпамене
Вы служыце, і дорыце любоў
Да бліжняга, і моліцеся Богу,
Каб мы душою прасвятлелі зноў,
Каб не забылі да святынь дарогу.
Вы дорыце нам веру ў прыгажосць.
І словы Вашы – быццам літургія.
Мы ганарымся тым, што Вы ў нас ёсць –
Святая наша з іменем Марыя…
Дзмітрый Пятровіч
“Марыя Захарэвіч з Нарачанскага края – вёскі Навасёлкі Мядзельскага раёна, якой Бог даў быць артысткай”, – так Марыя Георгіеўна прадставіла сябе ў адным з інтэрв’ю рэгіянальнай газеце.
Марыя Захарэвіч – адна з самых яркіх зорак беларускай нацыянальнай сцэны. Амаль за 70 гадоў творчай дзейнасці яна стварыла цэлую галерэю запамінальных жаночых вобразаў, якія складаюць залаты фонд айчыннага тэатральнага мастацтва. У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, дзе наша гераіня служыць больш чым 60 гадоў, яна сярод тых купалаўцаў, якія склалі гонар славутага калектыву, заваявалі шчырую любоў і велізарную ўдзячнасць некалькіх пакаленняў гледачоў.
Творчасць славутай зямлячкі адзначаны высокімі ўзнагародамі: Дзяржаўнай прэміяй, ордэнам Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны, медалём Роўнаапостальнага Кірылы Тураўскага, прызам Беларускага саюза тэатральных дзеячоў “Крыштальная Паўлінка – 2004”, прызам Беларускага саюза кінематаграфістаў “За адданасць кінамастацтву” і шмат іншымі. У 2012 г. Марыя Захарэвіч стала ганаровым грамадзянінам Мінскай вобласці, а ў 2014 – ганаровым грамадзянінам Мядзельскага раёна. Але для яе галоўная ўзнагарода – гэта любоў публікі.
Хочацца прывесці радкі з прызнання драматурга Аляксея Дударава: “Ёсць постаці, якія з цягам часу становяцца сімваламі, знакамі. Нечым асаблівым і непаўторным, тым, у чым код Часу, Жыцця, Сэнсу, Мастацтва… Прозвішчы гэтыя не патрабуюць тлумачэнняў. Іх досыць толькі назваць – і ўсё прыйдзе само па сабе. Бо ў гэтых сімвалах-прозвішчах нейкім чароўным чынам існуе год Любві, Таленту, Майстэрства”.
Пазнаёміць вас, паважаныя нашы чытачы, з жыццём і творчасцю народнай артысткі БССР Марыі Захарэвіч, нашай таленавітай зямлячкай, – мэта данай працы.