Захапленні Аляксандра Быкава
Вялікім захапленнем Аляксандра Быкава быў бег. Менавіта гэты від спорта дапамог лягчэй перанесці кавід і хутчэй устаць на ногі пасля інфаркту. Як аўтар прышоў да ўсведамлення, што неабходна весці здаровы лад жыцця? Вось які быў адказ: “Яшчэ за савецкім часам у нас ствараліся таварыствы цвярозасці. Па іроніі лёсу, уступіўшы у тыя таварыствы, атрымлівалі білеты і назаўтра іх “замочвалі”, а пасля жылі так, як і дагэтуль, бо ўсё тое было фармалізмам. У мяне ж у 40 гадоў пахіснулася здароўе. Стаў задумвацца: а ці не зарана пачынаюцца праблемы? Вырашыў рэзка абмежаваць ужыванне спіртных напояў і больш-менш сур’ёзна заняцца бегам. Тым больш ужо бегаў адзін з маіх маладзейшых сяброў. Вось і пачалі мы разам трэніравацца…
Усяго за час актыўных заняткаў бегам на маім рахунку з 1998 года больш за 54 тысячы кіламетраў. На маю думку, фізічны стан уплывае непасрэдна і на творчасць. Бо, калі чалавек кволы, нямоглы, у яго, як правіла, страчваецца поўны інтарэс да навакольнага свету. І што талковага тады ён напіша, калі не прысутнічае сам у гэтых складаных варунках жыцця?..
Бег, зрэшты, не гарантыя таго, што пражывеш сто гадоў. Але дае надзею, што столькі гадоў, колькі табе адмерана, жыццё будзе максімальна актыўным”.
Самыя вялікія дыстанцыі, якія бегаў Аляксандр,- гэта “Нарачанскае кальцо” – маршрут, што праходзіць вакол Мядзела,- 61 км, і “Мінскае кальцо” – 58 кіламетраў. Многа ездзіў на рэспубліканскія спаборніцтвы, наведаў амаль усе гарады Беларусі. Быў на афіцыйных прабегах у Літве, некалькі разоў у Кіеве. Бег “Дарогу жыцця” ад Ладажскага возера да Санкт-Пецярбурга 30 студзеня 2022 года.
Так здарылася, што свой жыццёвы марафон ён завяршыў роўна праз два месяцы пасля таго, як адсвяткаваў свой 70-гадовы юбілей. Яшчэ 3 лістапада 2024 года Аляксандр Геннадзьевіч удзельнічаў у адкрытым першынстве Маладзечанскага раёна па гадзінным бегу, заняў другое месца ў сваёй узроставай групе. 7 лістапада выйшаў на прабежку на мядзельскі стадыён, адкуль пасля трэніроўкі пайшоў са сваёй жонкай і раптам яму стала дрэнна. Урачы, на жаль, не змаглі яму дапамагчы.
Ужо пасля таго, як Аляксандра Быкава не стала, у 2025 годзе выйшла яго кніга “Шляхам паэта і марафонца”, у якой ён успамінае, як прыйшоў да бега, усе свае марафоны, сустрэчы з аднадумцамі і разважанні, чаму трэба займацца фізкульурай усім людзям.
“Жыццё чалавечае падобна на забег спартсмена на пэўную дыстанцыю. У кожнага яна розная: у каго – доўгая, як нітка з верацяна, у каго – кароткая, як зімовы дзень. І там, і там патрабуюцца немалыя высілкі – як фізічныя, так і душэўныя. Ды, зрэшты, Бог дае менавіта столькі, колькі можам панесці. Іншая справа, што не заўсёды дакладна размяркоўвем свае сілы, адхіляемся на пустое, непатрэбнае, трапляем у абцугі нявер’я і падманных мрояў…
…У кожнага чалавека павінна быць свая мэта, свая вяршыня, да якой ён упарта ідзе. Ці бяжыць, як у маім выпадку…”
Прыдатны хутчэй да масоўкі,
Качуся паціху з гары…
І ўсё ж у дарогу красоўкі
Я зноў абуваю, сябры!
Няхай не рэкордныя мілі,
Ды радасць саспее ў душы,
Што веку найноўшыя стылі
Маёй не скрывілі душы.
Акрамя бегу, Аляксандр Быкаў любіў гуляць у шахматы ў Інтэрнэце. “Мозг гэта трэніруе вельмі добра. Думаю, што мы ў любым узросце павінны сябе напаўняць ведамі. Іншага не дадзена”, – так разважаў паэт.