Легенды і паданні Нарачанскага краю

Першая легенда.

Даўным-даўно азёр тут не было, а стаяў густы дрымучы лес. У лесе ў хатцы жыў ляснік са сваей прыгажуняй дачкой. Многія прыязджалі да яе сватацца, але яна любіла адважнага і моцнага юнака, які да таго ж быў майстрам на ўсе рукі.

Аднойчы юнак падарыў сваей каханай люстэрка і сказаў: «Беражы яго, яно чароўнае і адліта з крынічных пясчынак, у ім ты ўбачыш свой лёс». Калі дзяўчына зазірнула ў люстэрка, то ўбачыла возера колеру неба і чайку, якая самотна лунала над хвалямі.

Аднойчы багаты памешчык паляваў у тых месцах, убачыў прыгажуню Галіну і загадаў сваім слугам даставіць яе ў яго замак. Каханы паспяшаўся на дапамогу. Забіўшы ненавіснага пана, маладыя сабраліся бегчы, але прачнуўся вартаўнік, і юнак, загадаўшы Галіне схавацца, адвёў пагоню.

Доўга чакала дзяўчына свайго жаніха, але так і не дачакалася. Успомніўшы пра люстэрка, яна зазірнула ў яго і ўбачыла ляжачага на зямлі юнака. У роспачы выпусціла дзяўчына люстэрка і там, дзе ўпалі серабрыстыя асколкі, зазіхацелі азёры: з самага вялікага ўтварылася возера Нарач Сама ж дзяўчына ператварылася ў чайку, якая да гэтага часу кружыць над вадой і кліча свайго каханага.

Другая легенда.

Не было Нарачы тут. Не было Баторына і Мястра. Не было гэтых белакорых прыбярэжных бяроз, надрыўнага крыку чаек і выбеленых стагоддзямі аблачын. Была зямля — гіблая, чорная, як і яе абрабаваная доля. І жыла на гэтай зямлі непрыгожая, рабая, як і сама зямля, дзяўчына Алёнка. Але душой была Алёнка святлей самага белага дня — столькі непрыкметнага хараства таілася ў ёй. Радаваліся дзявочай дабраце простыя людзі, не раз сушыла яна слёзы іх горкай нядолі. І ўсім сэрцам пакахаў рабую дзяўчыну хлопец-прыгажун.

Толькі сярод людзей былі і нядобрыя, злыя. Яны балюча дакаралі хлопцаву ніцавокасць, павучалі яго:

 — Вачэй мець не трэба, каб бачыць, якая чорная, брыдкая твая абранніца.

Захлынулася пакутнай журбою раненае сэрца. Да світальных зор насіў хлопец па чорнай зямлі горкую скруху, і яна лілася з сэрца самотнай, тужлівай песняй. І столькі непадрабязнага пачуцця было ў яе простых словах, столькі жадання надзяліць прыгажосцю свет цэлы. Не магла песня не крануць сэрца добрага чараўніка. І ён, расчулены ёю да слёз, вырашыў дапамагчы хлапечай бядзе: падараваў яму чароўнае люстэрка. Паглядзелася ў люстэрка Алёнка — прыгажуняй няпісанай стала. Пасвятлела на чорнай зямлі ад яе дзівоснай красы. У сведкі да іх шчасця клікаў хлопец усіх добрых людзей. Упершыню яго сэрца пела пра шчасце. Аднак нядоўгім было яно. Дачуўся пра цуд гэты магнат з палаца. Зайздрасцю засвяціліся хіжыя вочы, калі палянянка-прыгажуня пераступіла княжы парог.

— Гэты скарб за ўсё маё даражэй, — адно і сказаў старэчы князь.

Каханых разлучылі. Праклінаючы сваю прыгажосць, жорстка карала ў палацы магната чароўнае люстэрка дзяўчына. У гулкім вясельным гомане пырснула яно дробнымі асколкамі-промнямі. І там, дзе ўпалі асколкі, імгненна ўзышла крыніца, забілася ўспенена, бурна, як дзявочая нянавісць. Пад хвалямі, празрыстымі і светлымі, як само каханне, хавала яна княжы палац. А калі пенныя хвалі ўлагодзіліся, вачам людзей адкрыўся дзівосны цуд: ляжала перад імі вялізнае возера з блакіту і зор. І той, хто глядзеўся ў яго, прыгажэў душою і сэрцам… А Нарач — значыць, нарачоная хлопца.

Трэцяя легенда.

У гушчары старых бароў, як сляза, упаўшая з неба, блішчэла вялікае воз­ера. Вельмі прыгожым яно было. Расказы пра яго чароўнасць ішлі ад паселішча да паселішча і нават ў далёкіх краінах пра яго ведалі.

А яшчэ казалі людзі, што ў вёсцы, якая прыляпілася да аднаго з берагоў возера, жыла дзяўчына-сіраціна па імені Найрыта, а аднавяскоўцы звалі яе Нарай. Вочы яе блакітныя, колеру азёрнай хвалі, заўсёды весела усміхаліся. Залацістыя валасы тугой касой абкручвалі галаву. Голас у яе быў высокі і гучны. Бывала, сядзе на беразе пад разгалістым клёнам, дзе збіралася звычайна моладзь, на гусельках грае і спявае. Спачатку голас павольна плыве, а пасля ўзлятае высока і ляцiць над пабярэжжам. У гэты час і птушкі спынялі свой спеў. Людзі забываліся пра свае гора.

Аднойчы, калі Нара спявала, праязджаў вёскай пан, стары ўдавец. Пачуў ён дзівосную песню і загадаў спыніць каня. Слухаў, слухаў і сказаў Нары:

—Прыгожая кветка вырасла ў нашым краі. Табе толькі спяваць у маіх пакоях.

—Кепская з мяне будзе служанка, — прамовіла Нара.

—Ты будзеш гаспадыняй, жонкай маёй, — зазначыў пан.

Вакол Нары сядзелі на зялёнай мураве хлопцы і дзяўчаты. Адзін з іх, чарнявы хлопец, падышоў да пана.

—Гэта мая нявеста, — сказаў ён, — а пан няхай сярод паноў жонку шукае.

—А ці не сын ты таго Пятра, што бунтаваў мне народ? — успомніў пан, чырванеючы ад злосці. I залемантаваў: «Узяць яго!».

Прыслужнікі звязалі Андрэйку і павезлі ў маёнтак. Больш яго ніхто не бачыў. Праз некаторы час пасля гэтага здарэння пан зноў прыехаў да Нары даведацца, ці згодна яна да шлюбу. Дзяўчына зрабіла выгляд, што згадзілася. Тут жа дамовіліся пра вяселле.

Надышоў гэты дзень. Злосны вецер гнаў цёмныя хмары, а лес спяваў жалобныя песні. Нара ехала на фурманцы ў маёнтак, у руках трымала пакунак. Сустрэлі яе служанкі. Завялі ў панскія пакоі і апранулі ў шлюбнае адзенне. I Нара выйшла такой прыгажуняй, што ні пяром апісаць, ні ў казцы расказаць. Пакланілася яна пану ды папрасілася перад шлюбам крышку адной пабыць у пакоях. Пан згадзіўся. Ходзіць ён па двары, на служанак пакрыквае і на дзверы паглядвае.

А Нара тым часам з пакунка дастала смаляк ды падпаліла пакоі адзін за другім. I калі шугануў чорны дым з вакон, а на даху заскакалі чырвоныя языкі полымя, выскачыла праз вакно і на сваёй фурманцы, паганяючы каня, паехала ў вёску. Прыйшла на тое месца, дзе з Андрэйкам часта сустракала ўсход сонца, прыхілілася да клёна і горка заплакала.

Ды тут пачуўся конскі тупат. Прыехалі панскія служакі. Бегалі па ўсёй вёсцы. Людзей бізунамі білі. Дапытваліся, дзе Нара.

—  Вось яна, — закрычаў адзін з іх.

—  Жывую не возьмеце, — крыкнула ворагам дзяўчына і кінулася да возера.
Цёмныя хвалі з белымі грабянямі ішлі адна за другой, а на беразе калыхаўся човен. Той човен, у якім Нара з Андрэйкам не раз каталіся. Спрытна і ўмела ўхапілася яна за карму і, адштурхнуўшыся ад берага, села ў човен.

—  Я адпомсціла, пан, за Андрэйку, за яго бацьку і за ўсіх тых, хто загінуў
ад тваіх рук у тваім маёнтку, — прашаптала Нара.

Ад злосці панскія служакі кінулі гуслі ў возера. А човен адплываў усё далей і далей, потым зусім знік у хвалях. Усю ноч бушавала возера. Стагналі хвалі…

3 таго часу назвалі людзі возера імем смелай дзяўчыны. Да нашых дзён дайшла назва Нарач.

Гісторыя распавядае нам, што ў даўнія часы замкаў было тры. Размяшчаліся яны на астравах трох азёр: Мядзел, Мястра, Нарач. Усе гэтыя выспы да сённяшняга дня называюцца мясцовымі жыхарамі “замак” і да сённяшняга дня на астравах захаваліся рэшткі падмуркаў, скляпоў, земляных валаў, якія сведчаць аб тым, што тут стаялі сярэднявечныя крэпасці. Заснаванне замкаў прыпісваецца каралеве Боне, якая жыла ў замку, размешчаным на востраве возера Мястра.

Каралева была італьянкай і паходзіла з вядомага дынастычнага дома міланскіх герцагаў Сфорца. З яе іменем звязана шмат легенд і паданняў і ўсе яны сцвярджаюць, што Бона была чараўніцай. Цудадзейную сілу даваў ёй “Залаты бог з брыльянтавымі вачыма”, які быццам бы захаваўся ў замку з часоў паганства. Сцвярджаюць, што каралева ажыўляла мёртвых, вылечвала людзей ад розных хвароб і што яна абараніла Мядзел і яго наваколлі ад змей. У лясах Нарачанскага краю вадзілася мноства змей, ад укусаў якіх вельмі пакутавалі мясцовыя жыхары. Каб зберагчы сваіх падданых ад гэтай бяды, каралева вывесіла на самай высокай вежы замка вялікі сцяг з вышытай на ім залатой выявай змяі. З таго часу мясцовасць, адкуль быў бачны сцяг, змеі пакінулі, а людзі за гэтую добрую справу Каралеву сталі называць “каралевай змей”.

Замак каралевы быў абнесены земляным валам, а вакол вострава была вада. Узімку, калі вада замярзала, лёд ламалі, каб нядобразычліўцы не прабраліся на востраў па лёдзе. Да замка ж з берага можна было трапіць па грэблі, якая была хітра пабудавана. Пачыналася далёка на беразе, стаяла на палях пад вадой, месцамі на глыбіні больш за 2 метры. Заканчвалася гаць асаблівым мостам, які на ноч падымаўся. Да пачатку гаці можна было трапіць толькі на пароме, які падчас небяспекі затапліваўся. Была яшчэ сакрэтная, таксама пад вадой, паміж трыснёга, нешырокая кладка, пра якую ведалі нямногія.

Існуе паданне, што падчас адной аблогі ворагі ніяк не маглі завалодаць замкам. Але раптам ім пашанцавала: на падводную гаць па кладцы ўзлезла карова і пабрыла да замка. Ворагі гэта заўважылі і ноччу прабраліся да замка, узарвалі вежу і ўварваліся ўнутр крэпасці. Але ў крэпасці нікога не засталі: каралева і яе асяроддзе выратаваліся па падземным ходзе, які пралягаў па беразе возера і злучаўся з замкам сястры каралевы, на паўвостраве возера Мястра. Гэты замак меў надзейныя абарончыя вежы, моцныя сцены і вялікі ўзброены гарнізон.

Уцякаючы з замка, каралева кінула ў калодзеж, які размяшчаўся на тэрыторыі замка, чароўнага залатога ідала. Пасля гэтага здарыўся неверагодны вялікі лівень, узровень вады ў возеры Мястра стаў імкліва падымацца, затапліваючы чужаземцаў, а маланкі разбілі рэшткі замка, знішчаючы і ворагаў. Калі вада спала, то выявілася, што падземны ход абваліўся. Гэта было апошняе чараўніцтва, створанае каралевай Бонай.

Без залатога ідала яна страціла чароўныя здольнасці і з’ехала з гэтых месцаў.

Мясцовыя рыбакі распавядаюць, што на тым месцы, дзе быў замак, іншы раз над возерам ноччу загараецца свечка, падсвечнік якой нагадвае залатую фігурку ідала, і пабліскваюць два зялёных вочы-агеньчыкі.

На вялікай паляне, сярод векавога лесу, дружна жылі некалькі сем’яў. Хадзілі адзін да другога ў госці, дапамагалі ў хатніх і гаспадарчых справах. Ні сваркі, ні непрыязнасці не было паміж імі. Так, воддаль ад паляны збудаваў сабе хату чалавек невысокага росту, шырокі ў плячах. Яго паважалі ў наваколлі, бо на гулянкі прывозіў хмельны напітак, зроблены з ячменю. Калі вып’юць з глінянага кубка мужчыны, ды і жанчыны, дык танцуюць і спяваюць: «Ячмянёк, ячмянёк! Які вясёлы дзянёк!» Так потым і сталі гэтага чалавека зваць Ячмяньком. Ён ніколькі не крыўдзіўся, а толькі падміргваў танцорам.

Аднойчы, танцуючы, мужчына балюча наступіў на нагу суседцы і папрасіў прабачэння. Тая не сцярпела і што ёсць сілы крыкнула: «Балда ты, Балдук! Адпусці мяне са сваіх рук!» Мужчына не захацеў заставацца ў даўгу і адказаў: «Калі я Балда ці Балдук, дык ты Балдучыца, злосная ваўчыца!»

Разгневаныя суседзі раз’ехаліся і захавалі варожасць. Вырашылі адгарадзіцца адзін ад другога. Пачалі капаць вялікія сажалкі, а зямлю ссыпаць у адно месца, каб быў узгорак, на якім паставяць умацаваную сядзібу. Балда-Балдук (так абазвала яго суседка) выкапаў глыбокі вадаём і з задавальненнем пазіраў за наваколлем. Не адстала Балдучыца-Ваўчыца. І ў яе з’явіўся вадаём, а побач узгорак з домам.

Ячмянёк таксама прыняўся за работу. Сіл і спрыту хапіла ненадоўга, а таму вадаём атрымаўся невялікі, і меў форму зерня ячменю. Ячмянёк збегаў да каваля і заказаў сабе мячы, каб бараніцца, калі хто часам нападзе на яго. Сваю зброю, ідучы дадому, паклаў ля самага берага. Раптам наляцеў шалёны вецер, узняў вялікія хвалі, якія пацягнулі з сабой у глыбіню мячы. І тут адбыўся цуд: мячы ператварыліся ў вадзяную расліну, якую потым сталі называць меч-трава і якой больш не знойдзеце ў навакольных вадаёмах.

Захацеў Балда-Балдук мець аж два паселішчы. Паклікаў нячыстую сілу на дапамогу. Тая капала начамі. Балдук усё камандаваў: «Глыбей і глыбей трэба капаць, каб больш зямлі на пагорак насыпаць!» Вада запоўніла яму, утварыўшы возера, якое потым назвалі Глубля. Не захацела адстаць ад суседа і Балдучыца. Яна таксама выкапала азярцо, але крыху меншае, і назвала пяшчотна — Глубелька. А пасярэдзіне пакінула невялікі астравок і разляглася на траве адпачываць. Убачыў гэта Балдук і задрыжэў ад злосці. Зрабіў вялікі лук, стрэлы з тоненькіх сасоначак і пачаў пускаць з пагорка на астравок. Тыя ўторкваліся ў зямлю і адразу прыжываліся, на вачах пачалі расці, зелянець. Ад здзіўлення і гневу Балдук заплакаў. Салёныя слёзы ручаём пацяклі з узгорка. Іх было так многа, што ўмомант затапілі адну невялікую ўпадзіну. Утварылася азярцо. Так як не толькі салёнымі, але і горкімі былі тыя слёзы гневу, адчаю і лютасці, цяпер у тым азярцы не водзіцца рыба, птушкі не п’юць вады, не гаворачы пра людзей. І стала возера Мёртвым, вакол балота. Нават расліны ў ім не растуць. Суседзі не пераставалі варагаваць. Балдучыца захацела свае азёры зрабіць такімі, каб яшчэ большую зайздрасць выклікаць у Балдука. Патаемна некалькі начэй насіла вапеннае каменне, крышыла яго і пасыпала на дно. Як толькі раніцай засвяціла сонца, сусед убачыў блакітную ваду. У яго ж азёрах так не было. Думаў-думаў, што здарылася і не мог здагадацца. Тады ён пасля доўгага вагання вырашыў пайсці да суседкі, каб памірыцца. Спярша наведаў Ячмянька, выпрасіў у яго ячменнага піва.

Балдучыца, убачыўшы, што да яе на чаўне да вострава плыве сусед, прыбралася, навяла парадак. Ды і ёй надакучыла адзіноцтва. Балдук нізка пакланіўся і папрасіў прабачэння.

— Я таксама не лепшай была, — сказала Балдучыца, — першай абазвала цябе непрыстойнам словам. Даруй і ты мне.

Выпілі піва. Захмялелі. Балдучыца раскрыла сакрэт, як возера зрабіць блакітным. Паабяцала дапамагчы ў рабоце — насіць вапеннае каменне. Памірыўшыся, суседзі выйшлі з хаты, абняліся і з радасці заплакалі, прыгаворвалі:

 — Колькі мы страцілі сіл, здароўя, часу, і ўсё з-за пустой справы!

— Праўда, суседка, страты немалыя.

І яшчэ больш заплакалі. Паліліся слёзы буйныя, але яны не былі горкімі. Слёзы прымірэння і ўспамінаў пра страчаны час і радасць сустрэчы. З невялікага ручая ўтварылася рака Страча. Дамовіліся Балдук і Балдучыца больш не сварыцца і ўзяцца за добрую і вядомую ім работу: агульнымі сіламі выкапаць у гонар прымірэння яшчэ адно азярцо. Так і зрабілі. Назвалі яго Болцікам.

Адкуль паходзяць Варашылкі?

ПАМЯТАЕЦЕ казку, як салдат варыў кашу з сякеры? У адным паселішчы, паблізу ад Камарова, здарылася штосьці падобнае. Сюды завітаў шавец па прозвішчу Шылак (яно сустракаецца і сёння ў Свірскім савеце). Хадзіў з хаты ў хату, шыў, рамантаваў абутак. Спыніўся ў адной кабеты, якая слаба накарміла майстра. Тады ён вырашыў пажартаваць. Папрасіў у гаспадыні гаршчок, наліў у яго вады і паставіў у печ. Калі вада закіпела, укінуў шыла.

— Што робіш? Не чула, каб хтосьці шыла варыў,— здзіўлена запытала жанчына, якая ўвесь час назірала за шаўцом.

— Шыла гэта незвычайнае, яно мяне корміць.

 — Ды як гэта атрымліваецца,— зноў пачуўся голас гаспадыні.

Шавец прапанаваў:

— Выйдзі на хвілінку на вуліцу, каб ніхто часам сюды не завітаў.

Гаспадыня паслухалася. Шавец-дзівак гэтым часам у гаршчок усыпаў круп, солі, укінуў кавалак сала. Усё гэта ён раней атрымаў ад іншых вяскоўцаў. А шыла выняў з гаршка і паклаў у торбу з інструментам. Каша варылася. Па хаце ішоў смачны пах.

— Ну вось, гатова! Сядай гаспадыня разам са мной за стол, будзем сілкавацца,— прапанаваў шавец.

— Але пад кашу і па кілішку нядрэнна было б…

Гаспадыня не адмовілася ад пачастунку. Абодва яны хутка апарожнілі гаршчок.

— Прадай, мілы чалавек, сваё незвычайнае шыла,— стала прасіць жанчына.

— Акрамя грошай дам табе на дарогу сала.

Спачатку аднекваўся шавец, але потым уступіў настойлівасці сквапнай кабеты. Узяўшы грошы і сала, падаўся далей ад гэтай вёскі.

На наступны дзень Вара (так звалі гаспадыню) варыла шыла. Варыла, варыла, вада выкіпела, на дне гаршка ляжала толькі шыла, а кашы… ніколькі. Узлавалася кабета, пабегла шукаць шаўца, а таго і след прастыў. Пачалі суседзі пытаць у яе, чаго яна так разгневалася. А яна, вазьмі, і раскажы ўсю гісторыю пра шаўца і яго таямнічае шыла. Людзі смяяліся. Пачулі пра гэтую прыгоду ў Камарове і сталі называць суседзяў Варашылы. З цягам часу населены пункт стаў Варашылкі.

 

Адкуль паходзяць Зані?

БЫЎ ТАКІ звычай у нашых далёкіх продкаў, і асабліва ён прыжыўся ў Гняздзішчы. Калі хлопец не жаніўся да 30 год, павінен быў пакінуць роднае паселішча і будаваць жыллё на новым месцы. Адзіноцтва прымушала шукаць сабе сяброўку жыцця. Трапіўся такі ўпарты малады чалавек, які на новым месцы ні з якой дзяўчынай не сустракаўся, гаварыў, што ніколі, ні з кім, ні пры якіх умовах не жэніцца. Так і сталі яго клікаць НІ.

У Мазалеўшчыне жыла дзяўчына. Усім яна казала: «Выйду замуж за добрага, за разумнага, за працавітага, за маладога, за таленавітага, за таго, каго пакахаю». Празвалі дзяўчыну ЗА. На Купалле каля рэчкі Заворнач сустрэліся ЗА і НІ. З першага погляду спадабаліся адзін аднаму. Разам скакалі праз вогнішча, танцавалі, спявалі, пайшлі ў лес шукаць папараць-кветку. Купаліся ў Кублі, у Сцюдзяніцы пілі халодную ваду, у Ліпаве іх частавалі мёдам.

Пасля таго купальскага вечара і ночы ЗА і НІ не маглі жыць адзін без аднаго. Пажаніліся. Тую мясціну, дзе стала жыць маладая сям’я, назвалі ЗАНІ (чаму, здагадацца няцяжка). Пайшло патомства, рассяліліся дзеці. Калі дзяўчат выдавалі ў іншыя мясціны, дык яны настойвалі, каб да ранейшай назвы дабаўлялася імя маці ЗА. Так і атрымаліся вёскі Завуголле, Залессе, Занарач, Засвір, Зарэчнае, Замошша, Забегі, Заўруткі. Хлопцы раз’язджаліся ў розных напрамках, станавіліся прымакамі. У назвы ранейшых паселішчаў дабаўлялі імя бацькі НІ. Таму мы цяпер маем Даўжані, Канчані, Бадзені, Вохабні, Гарані.

 

Як узнік Кабыльнік?

Не адно стагоддзе жыло ў Мядзельскім раёне паселішча з назвай Кабыльнік. Ніколькі не саромеліся людзі назвы свайго населенага пункта, але нехта палічыў за лепшае яго перайменаваць. І ў 1960 годзе вёска Кабыльнік стала Нарач.

На забалочанай мясцовасці ўзвышаўся пагорак. На ім сталі жыць нашы далёкія прашчуры. Абгарадзілі паселішча частаколам. Мужчыны хадзілі на паляванне, а жанчыны вырошчвалі гародніну, збіралі ягады, грыбы, лекавыя расліны. У дуплах дрэў пчолы адкладвалі мёд, які служыў лекавым сродкам пры розных захворваннях. Прымяняючы крэмень, навучыліся здабываць агонь. Вечарамі ўсе збіраліся ля вогнішча, грэліся, там гатавалі ежу, вялі гутаркі.

Аднойчы людзі загаварылі, што стала на пагорку цеснавата, бо нараджаліся і падрасталі дзеці. Старэйшы з жыхароў сказаў:

 — Трэба рассяляцца, але толькі парамі — хлопец і дзяўчына. Вядома, каб адно аднаму падабаліся. Тым, што пойдуць ад нас, дадзім самаробныя сякеры, лапаты. Няхай выбіраюць мясціны, што ім даспадобы, узводзяць хаціны. Мы перасяленцам будзем дапамагаць.

Мінула нямала часу. У новых пасяленнях з’явіліся новыя сем’і. На старым гарадзішчы зноў пачулася:

— Трэба ўсім нашым нашчадкам сабрацца разам, паслухаць, як уладкаваліся на новых месцах, што ёсць у іх павучальнага і цікавага. Няхай раскажуць, чым займаюцца, якую далі назву паселішчам.

Як было задумана, так і зроблена. Сабраліся суседзі-землякі не на балотным пагорку, а паблізу, на ўзвышшы, дзе стаяла некалькі хат.

— Зляцеліся, як галубы да свайго гнязда, — сказаў самы старэйшы жыхар Мікіта. — Дзядуля, давайце дадзім назву гэтаму новаму паселішчу Галубенькі, — пачуўся голас маладога чалавека, на вопратцы якога былі сляды мукі.

— Праўду кажаш, — прамовіў дзядуля. — Хай будуць Галубенькі. А як ты назвеш сваю мясціну? Не назваў? Дык назаві Мельнікі, бо бачна, дапамагаеш жонцы малоць у жорнах збожжа. Нават сляды мукі на кашулі.

І тут пачалося. Хто да таго часу не назваў сваё паселішча, дык калектыўна гэта зрабілі. Варанцамі назвалі таму, што шмат варон зрабілі гнёзды на дрэвах ля саміх хат. Белаўшчына ўзнікла ад таго, што ў ёй людзі баяліся загараць на сонцы, твары ў іх былі белыя. Целякі — там умела займаліся жывёлагадоўляй. Шышкі — бо з’явіліся з плямамі — шышкамі на лбе пасля сваркі паміж сабой. Рапяхі — бо любілі вырошчваць і спажываць рэпу. Ляшчынск — яго жыхары з лесу перасадзілі да хат шмат ляшчыны, збіралі шмат арэхаў.

Усе прысутныя з цікавасцю паглядзелі на маладых гасцей, якія з гарадзішча сышлі на захад, пасяліліся ля рэчкі, якая брала пачатак з забалочанай мясцовасці. Тую рэчку навасельцы назвалі Малінаўкай, бо на яе берагах нямала збіралі смачных ягад. Усіх частавалі малінамі.

— Рэчку вы назвалі Малінаўкай, — сказаў жыхар Грыбойшчыны, — і правільна назвалі. А як жа называеце сваё паселішча, чым там займаецеся.

— Сакрэту не маем, — прамовіў госць з берагоў Малінаўкі. — Праз наша паселішча часта ездзяць купцы з Вільні да Полацка. Едуць на конях. Бывае, што іх коні аслабнуць, дык мы ім прадаём выгадаваных намі коней. Такія пладавітыя і здаровыя ў нас кабылы, ад іх моцныя жарабяты, хутка растуць.

Пачуліся галасы:

— Не назвалі сваё паселішча самі, дык мы дапаможам. Назавіце Кабыльнік. Назва будзе адпавядаць таму занятку, якім займаецеся.

Тут запярэчыла жонка гаспадара з берагоў Малінаўкі Надзея:

— Ніколі не чула, каб паселішча назвалі так, як і жывёлу.

Прысутныя сталі прыводзіць такія прыклады, што ў наваколлі ёсць вёскі з назвамі Конікі, Целякі, Воўчына, Барсучына, Свінка, Каровіца, Ляхавічы-Каза, Звярынец, Дурыха. Уступіў у гутарку малады хлопец з паселішча Слукі Антон:

— Я шмат падарожнічаю. Каля Полацка чуў, што там возера называюць Кабылінае, а каля Верхнядзвінска — Кабылінскае. Так што і вёску можна назваць сугучна з назвамі гэтых азёр.

З таго часу пайшла назва паселішча Кабыльнік. Назва гэта існавала не адно стагоддзе. Нічуць яе не саромеліся ні тыя, хто яе заснаваў, ні тыя, хто жыў у далейшым. Аж да таго часу — 1960 года, — пакуль не перайменавалі ў Нарач. Цяпер ля возера Нарач ёсць курортны пасёлак Нарач, а за 3 км на поўнач ад яго — вёска Нарач.

Нярэдка на аўтастанцыі ў Мядзеле можна пачуць ля акенца касіра: — Мне білет да Кабыльніка. Хто чуе гэтыя словы, нічуць не здзівіцца. …Кабыліц у сучаснай вёсцы не вырошчваюць, каб атрымаць прыплод. Палі апрацоўваюцца тэхнікай. Той-сёй з жыхароў трымае каня, каб апрацоўваць прысадзібны ўчастак сабе і суседзям.

Адкуль паходзяць прозвішчы ў Кабыльніку? Прозвішчы раней прыдумвалі самі жыхары, сусед-суседу. Адзін з іх усюды паспяваў, вярцеўся, бы жук. Так і сталі называць Жуком, а сусед стаў Жукоўскім, другі — Вярцінскім. Куды б ні ішоў вяртлявы, шустры селянін, заўсёды штосьці знаходзіў. Не пакрыўдзіўся, калі сталі называць Находкам. Пры размове махаў крыламі, падскокваў — таго назвалі Вераб’ём. Абгарадзіў хату высокім плотам-шчытом — Шчыт. Каля хаты пасадзіў ліпы — Ліпніцкі. Рана аблысеў — Пляшак і Галяк. Часта хадзіў і зяваў — Зявалка. Многа меў на падворку коз — Казлоўскі. Падмятаў панадворак здзёртай мятлой — Дзяркач, да любой справы быў спрытны — Лоўкіс. Галінкі бяроз на венікі не рэзаў, а ламаў — Аблам. Свае думкі бойка адстойваў — Бойка. Ніколі не ўступаў у спрэчку — Ціхан. Сваю жонку клікаў: “Гэй, Алёна!” — сам стаў Галёнам. Ажаніўся з Дуняй — Дунец. Мацеяў сын стаў Мацеюнам. Не праходзіў спакойна, каб не загаварыць з замужнімі — Бабіч. Самко — ад таго, што сцвярджаў: “Я ўсё сам, сам зраблю, не дапамагайце”.

 

Як узніклі Чарняты?

Жылі-былі на хутары муж і жонка. Жылі яны заможна, ды толькі адно турбавала — колькі ўжо год не маглі займець дзяцей. Пад благі настрой гаспадар не раз дакараў жонцы: «Якую ж недарэку мне бог даў, нават дзіця нарадзіць не можа!» Была вінаватая бедная кабета ці не, але да галавы брала моцна. Што ж рабіць? Нават у праезджага гандляра пад вялікім сакрэтам кніжку набыла, дзе патаемнасці кахання тлумачыліся! І ўсё было дарэмна, хоць трэсні! Не жадала яе жаночае нутро новае жыццё зачынаць!

Аднойчы паехаў гаспадар у горад на кірмаш, каб прадаць сёе-тое. Пэўна добрыя грошы займець пашчасціла, бо затрымаўся на дзень-другі, каб пасядзець у шынку са знаёмымі хутаранамі, пагаварыць аб жыцці-быцці. А на тое ліха (а мо і на шчасце!) завітаў на ягоны хутар малады чарнявы хлопец, бачна адразу, не з мясцовых. Спыніў той каня ля плоту і папрасіў у гаспадыні вады напіцца. Узяў у рукі паўнюткі жбан і кажа:

 — А чаго ж гэта паненка такая сумная, ці што здарылася?

— Ды няма, мілы чалавек, з чаго радавацца, толькі гэта ўжо мая бяда.

Але слова за слова распачалася ў іх размова. І сапраўды аказалася, што чужому чалавеку лягчэй аб сваім горы расказаць. І так яны ўпадабалі адзін аднаго, што не заўважылі, як хутка сцямнела. Не пусціла гаспадыня ехаць хлопца праз ноч…

Назаўтра прыехаў сам гаспадар. Ніякіх змен у жончыных паводзінах не заўважыў, толькі нейкай светлай радасцю свяціліся яе вочы. Прайшоў месяц. І раптам жонка паведаміла нечаканую навіну: «У нас, каханенькі, будзе дзіця!» З гэтай нагоды ён так узрадаваўся, што не пашкадаваў грошай і падарыў сваёй палавіне залатыя завушніцы. А яшчэ праз восем месяцаў нарадзіўся хлопчык, чарнявы-чарнявы, зусім непадобны на сваіх бацькоў.

Маці ведала, у чым тут справа, ды змоўчала. Яна нават пахваліла мужа:

 — Во, бачыш, калі пастарацца як след…

Слых аб гэтым чарнявым хлопчыку дайшоў і ў навакольныя вёскі. І калі наезджы чалавек пытаўся, як праехаць на той хутар, людзі падказвалі: «Едзьце і пытайцеся пра сядзібу, дзе хлопчык такі чарнявы нарадзіўся».

З тае пары паболела на хутары сем’яў, ператварыўся ён у вёску, якую і сталі зваць Чарняты.

Паміж невялікіх пагоркаў, лугоў і пералескаў вілася незвычайнай прыгажосці рака Вілія. Гледзячы на яе, цешыліся людзі. Сонца, аблокі далёка-далёка разносілі славу пра цудоўную раку. А вечар любіў пагуляць па паверхні, калышучы хвалі і лілеі.

Аднойчы ўсе заўважылі, што Вілія суцішыла свой бег да Нёмана, зменшыўся ўзровень вады да таго, што і птушкі ў асобных месцах маглі без перашкод прайсціся ад берага да берага. Першым пачаў біць трывогу вецер. Ён стаў прыносіць з усіх бакоў аблокі, якія праліліся струменямі вады. Але гэта не ратавала гаротны стан ракі, узровень вады не павышаўся. На дапамогу прыйшлі дрэвы, яны трывожна шумелі, перадаючы далей і далей вестку пра недахоп вады ў Віліі. Даляцела трывога на поўнач, у лясісты і азёрны край.

Задумаліся шматлікія азёры, балаціны, рэчкі і ручаіны і вырашылі падзяліцца сваімі воднымі запасамі, бо не маглі дапусціць, каб прыгажуня Вілія знікла з твару Зямлі. Возера Баторына паслала ручаёк у Мястра, а з Мястра вада трапіла праз пратоку ў Нарач. Возера Нарач, выпраўляючы свайго пасланца — ручаіну на паўднёвы-захад, давала наказ:

 — Бяжы хутчэй, не затрымлівайся!

Рэчка дасягнула Віліі. Тая спытала, адкуль яна і як яе зваць. Пасланец Нарачы, хвалюючыся пасля доўгай дарогі, адказаў: з возера Нарач. Так і ёсць па сённяшні дзень: і возера і рака адной назвы — Нарач.

Швакштаўскія азёры (Вялікая і Малая Швакшта) падалі адна адной рукі-ручаіны і, злучыўшыся, накіравалі нешырокую, але бурлівую рачулку ў дарогу. Плыла, плыла яна, напаткала ручаіну са Свірскіх азёр, злучылася і паімчала далей. Па меры таго, як аддалялася ад месца свайго нараджэння, страчвала свае сілы, напорыстасць, атрымаўшы потым назву Страча.

Даляцеў голас трывогі да Будслава, пад самыя Докшыцы. У нізінных мясцінах і балацінах было там шмат вады. На выручку Віліі паплыла спачатку невялікая ручаіна. На сваім шляху яна шырылася, паглыблялася. Абыходзіла перашкоды, размывала невялікія пагоркі, зрывала дрэвы і кусты. Даплыла ўсё-такі да Віліі і, папоўніўшы яе чыстай вадой, супакоілася.

— Ты разрывала перашкоды? — пацікавілася Вілія ў сваёй новай знаёмай. — Раз так, дык буду называць цябе Зрывач.

— Не пярэчу, але лепш назаві мяне Зэрвач ці Сэрвач.

— Няхай будзе так, як сама жадаеш.

Адной з рэк не хапіла сілы дасягнуць Віліі і стаць непасрэднай яе выратавальніцай. Ёй перашкаджалі хутка плыць дрэвы са сваімі вузлаватымі каранямі. На сваім шляху напаткала раку Нарач. Узрадаваная, папрасіла і яе воды таксама панесці далей. «Скажы Віліі, што дорыць воды Габскае балота, я ж толькі яго пасланец» (потым гэту раку людзі сталі называць Вузлянкай).

Знайшлося возера, якое заганарылася, зрабіла выгляд, што не чула просьбы далёкай Віліі.

— Мне дзяліцца сваім багаццем ні з кім няма ахвоты, — бурчала яно, — мёду з’ела б з ахвотай, а тая Вілія яго мне не дасць. Сквапнае возера (яго потым сталі называць Мядзел) паслала раку Мядзёлку зусім у іншым напрамку — на поўнач.

х х х

Вілія выжыла. Яе жывяць і па сённяшні дзень такія рэкі, як Нарач з Вузлянкай, Сэрвач, Страча. Яны плывуць па Нарачанскай зямлі і нясуць воды старэйшай сяброўцы.

Плылі па небе хмаркі, любаваліся наваколлем. Плылі спакойна, вялі сябе прыстойна. Адна толькі свавольнічала, перашкаджала іншым. Як ні ўшчувалі яе сяброўкі, не слухалася. Раптам страціла раўнавагу, паляцела ўніз і стукнулася моцна аб зямлю. Заплакала. Слёзы паліліся фантанам, запаўняючы вялікую катлавіну. Вада ўзнімалася ўсё вышэй і вышэй. Не змагла ўзняцца свавольніца ўверх і пераўтварылася ў вадаём. Спачатку моцна білася ў берагах, а потым супакоілася, прымірыўшыся са сваім лёсам. Сяброўкі-хмурынкі, што засталіся ў небе, пашкадавалі свавольніцу, але не маглі доўга заставацца на месцы, бо вецер панёс іх далей.

Прайшоў дзень, ноч. Наступіла раніца. Паволі ружавела неба. Яго чырвань адбівалася ў вадзе. У той час з гушчыні лесу выйшаў волат — жыхар тутэйшых мясцін. Абараняў зямлю ад чужынцаў, а зараз вяртаўся з паходу. Крыватачылі раны, перасохла ў горле. І як толькі ўбачыў азярцо, здзівіўся: ці не заблудзіўся часам? Але ўражанне ад прыгажосці было такое, што юнак-волат усклікнуў:

— Азярцо, як сапраўдная вішанька, так і вабіш да сябе!

Падыйшоў бліжэй, агледзеўся, напіўся сцюдзёнай вады, абмыў раны. Адчуў, што лягчэй стала ва ўсім целе, знікае стома.

Адкуль бы потым ні вяртаўся малады чалавек, заўсёды спяшаўся да свайго азерца, пяшчотна назваў яго «Вішанькай». Запрасіў аднойчы волат у госці сваіх сяброў — маладых, дужых, прыгожых, ростам пад самае неба. Сталі яны забаўляцца, хто вышэй за ўсіх кіне зброю-булаву. Заляцела вышэй за ўсіх тая булава, якую кінуў гаспадар. Доўга не вярталася, потым пачуўся шум. З вялікай сілай плашмя шлёпнулася ў даліну, ад удару паляцелі ў бакі камякі зямлі. Адзін з іх быў настолькі вялікі, што засланіў паўнеба, і ўпаў зусім блізка. Гаспадар і яго госці ледзь узабраліся на яго вяршыню.

 — Глядзіце, глядзіце, — пачуліся галасы, — булавы няма, правалілася глыбока ў зямлю, там паяўляецца вада.

— Вада віруе! — Так, узнікае возера з віру!

Возера «З віру» блішчэла на сонцы, вецер гнаў хвалі. Возера нагадвала сабой вялікую булаву.

Булавы гасцей вастрыём уваходзілі ў зямлю, робячы малыя адтуліны, якія адразу напаўняліся вадой.

Аднойчы возера «З віру» аглядала наваколле. Заўважыўшы па-суседству маленькае азярцо «Вішаньку», прапанавала:

— Працягні сваю ручаньку-ручаінку. Вось добра. А цяпер давай разам пабяжым у далёкі свет.

Суседка-Вішанька адказала:

— Навошта нам кудысьці бегчы, добра тут сярод лясоў і пагоркаў. Трымай мяне адной рукой, а другой шукай іншых суседзяў.

Паслухалася такой парады возера Звір (так яго стаў называць волат, які пасяліўся на высокай гары), выцягнула ўперад другую руку-ручаіну, далей і далей нашчупвала наваколле. Даведалася, што непадалёку знаходзяцца невялікія вадаёмы. Не захацелі яны нават пазнаёміцца, тым больш пусціцца ў няведамае падарожжа. Так і засталіся з сабой (потым людзі іх назвуць не вельмі мілагучна — Глухое, Чорная Лужа, Свірышчa).

Нічуць не засумаваў пасланец вялікага возера, а імкнуўся далей і далей. На шляху сустрэлася рака з чыстай і халоднай вадой.

— Я рака Страча, — адрэкамендавалася незнаёмка. — Паплывём разам.

— Хачу дамоў, трэба расказаць, што бачыў, дзе быў, — сказаў пасланец возера Звір.

— Ты мала маеш яшчэ ўражанняў, — пераконвала рака Страча свайго госця, — Будзем плыць разам, злучымся з прыгажуняй Віліяй, яна занясе нас у Нёман, а той — у Балтыйскае мора. Адтуль уздымемся вадзяным парам, ператворымся ў хмару. Вецер панясе нас на ўсход. Убачым сваю радзіму. Ад радаснай сустрэчы не ўстрымаемся, каб не заплакаць. Тыя слёзы-кроплі ўпадуць у азёры, і ты ўсё раскажаш пра сваё падарожжа, прыгоды, сустрэчы.

…Усё гэта адбылося вельмі даўно-даўно. Шмат што змянілася. Змяніліся і назвы азёр: Вішанька стала называцца Вішнеўскім, а Звір — пераўтварылася ў Свір. Змяніўся і выгляд пагорка. Сябры пахавалі пасля смерці свайго сябра-волата на ўзгорку і па-свойму пастараліся ўвекавечыць памяць справядлівага і мужнага барацьбіта за народную справу: надсыпалі курган і прыдалі яму форму вялізнай птушкі. Хто сёння ўзбіраецца на вяршыню, той бачыць дзюбу, два крылы.

Так і хочацца спытаць у хмарак, якія плывуць у вышыні: «Ці жыў тут калісьці волат?» Маўчаць хмаркі. У іх свае клопаты, а можа згодны з легендай, якую склалі свіране?

Пасяліліся людзі на шырокай паляне. Вакол быў дрымучы лес. Грыбоў, ягад — усіх не сабярэш. Паляўнічыя заўсёды вярталіся з багатай дабычай. Старыя людзі займаліся пчалярствам. Ніхто не заставаўся без справы. Дзеці і тыя цягнуліся, каб дапамагчы бацькам. У адной сям’і жыў хлопец, які любіў жартаваць, выдумваць розныя гісторыі, выкрыўляцца. Аднойчы ён пачаў шыпець: «Ш-ш-ш клён пажаўцеў, ш-ш-ш». Аддавяскоўцы сталі такога жартаўніка-выдумшчыка зваць «Шкленік». Не крыўдзіўся.

Ніякага возера ці рачулкі паблізу паселішча не было. Вось і задумалася хлопцу-шкленіку выкапаць хоць бы невялікую сажалку, каб можна было купацца, лавіць карасёў. Сваімі рукамі не пад сілу. Жартаўнік вырашыў дзейнічаць іншым спосабам.

На віду ўсёй вёскі ішоў з рыдлёўкай на плячах і насвістваў.

— Куды спяшаешся? — пыталіся землякі.

— Пад струхнелым дрэвам знайшоў залатую манету. Іду капаць зямлю, кажуць, там недзе закапаны вялікі клад. Хачу разбагацець.

Пайшоў у поле, выкапаў невялікую ямку, закапаў стары гліняны посуд, паклаўшы ў яго адну залатую манету. Капаць не спяшаўся, а ўсё пазіраў за вёскай: ці не прысунуцца сюды землякі? А яны таксама захацелі раздабыць багацце.

Капаў хлопец зямлю, выціраў рукавом пот і раптам ускрыкнуў:

— Во, глядзіце, адкапаў нейкую пасудзіну!

Там была адна манетка, многія пазайздросцілі ўдачы Шкленіка. Дружней закіпела работа. Зямлю адносілі і адкідвалі далей, рос глыбокі катлаван. Праз пэўны час жартаўнік зноў ускрыкнуў, што знайшоў манету і паказаў суседзям (яна ў яго была прыхавана і непрыкметна ўскінута на рыдлёўку). Так малады чалавек «знайшоў» і трэцюю манету.

Даведаўшыся пра такія падзеі, жыхары суседняй Памараўшчыны таксама паспяшаліся за «багаццем». Вяртаўся з палявання стары паляўнічы, дзед Шкленіка, зацікавіўся, чым займаюцца суседзі.

 — Твой унук знайшоў тут прыхаваныя даўным-даўно кімсьці манеты, залатыя. Нас таксама заахвоціў пашукаць скарб.

Дзядуля падыйшоў да ўнука, запатрабаваў паказаць знойдзеныя залатыя. Агледзеўшы з усіх бакоў, прамовіў:

— І вы паверылі такому дзіваку? Залатыя манеты ён учора ў мяне выпрасіў на некалькі дзён і абяцаў іх аддаць. Гліняны гаршчок разбіўся, і яго выкінулі пад плот. Ніякага клада тут няма, ніхто ніколі пра гэта месца не ўспамінаў. Лупцоўку трэба такому свавольніку.

Кінуліся мужчыны да Шкленіка-выдумшчыка, каб адлупцаваць, даць яму бярозавай кашы, а той што было сілы пабег у лес. Паспрабуй, дагані. Заблішчэлі толькі голыя пяткі.

Гнеў прайшоў у людзей. Стаялі яны і смяяліся, як лёгка над імі насмяяўся зямляк, нездарма яго сталі называць не імем Іван, а клічкай Шкленік.

Як раз пад тым катлаванам, дзе людзі патрацілі нямала сіл, працякала падводная рака. Адзін струмень падаўся ўверх і прабіў адтуліну. Забурліў, запеніўся фантан. Катлаван поўніўся празрыстай вадой. Людзі моўчкі стаялі і дзівіліся такой з’яве. Потым схамянуліся і сталі казаць:

— Праз сваё штукарства Шкленік падарыў нам азярцо. Якое яно прыгожае, круглае! Назавём яго Шкленікоўскім. Вось толькі дзе той наш штукар? Няміласці да яго ў нас няма.

Усёй вёскай кінуліся шукаць свайго насмешлівага земляка. Знайшлі ў лесе, дзе ён спаў і чамусьці ўсміхаўся. Мабыць у сне прыдумваў нешта новае, фантастычнае. Калі пачуў галасы і прачнуўся, стаў на калені і папрасіў прабачэння. А людзі сказалі:

— Ты нам зрабіў сваім недарэчным учынкам добрую справу. Ля вёскі ёсць азярцо, яго мы назвалі Шкленікоўскім. Але каб больш не выдумваў розныя небыліцы і нас не вадзіў за нос. Хутчэй жаніся. Жонка будзе трымаць цябе пад кантролем.

Сасваталі Шкленіку дзяўчыну са Сватак. Прыгожую, працавітую. Не называў ніхто больш Шкленікам, бо ў яго было сапраўднае прозвішча — Малька.

Неўзабаве і вёску сталі называць Шкленікова. Возера хоць і малое, але ніколі не высыхае. І сонца ў яго глядзіцца, і дзеці ловяць карасёў, і праезджыя любуюцца так патрэбным усім азярцом. У кнізе «Лісткі календара» Максім Танк пісаў, што першую спробу пяра ён рабіў, запісваючы ў вёсцы легенду пра Шкленікоўскае возера. Але будучаму паэту апрацоўка легенды аказалася няўдалай, і ён яе знішчыў. Ён пра гэта потым шкадаваў.

Жыў у невялікім паселішчы ўдавец. І быў у яго сын Кузьма. Калі ў дом прыйшла мачыха, неўзлюбіла пасынка. Усім папракала: то позна ўстаў, шмат за сталом з’еў хлеба, хутка знасіў вопратку.

Засумаваў хлапчына. Аднойчы прыйшла ў галаву думка пайсці ў белы свет. Але не мог, бо ў суседніх Галубеньках жыла дзіўнай прыгажосці дзяўчына: рослая, гарэзлівая, з кароткімі хвалістымі валасамі. Пры сустрэчы з ёй Кузьма траціў мову і не мог прызнацца, што моцна кахае.

З надзеяй тады-сяды бачыць прыгажуню Кузьма пайшоў улетку з дому да бліжэйшага возера. Збудаваў невялікі будан і вырашыў лавіць і прадаваць рыбу, з гэтага мець кавалак хлеба. Зрабіў невялікую лодку, у добрых людзей пазычыў сетку. З раніцы да позняга вечара быў на возеры. Злоўленую рыбу аддаваў усім, хто падыходзіў да берага, а тыя ў сваю чаргу прыносілі хлопцу хлеб, малако, масла. Змог набыць і свае снасці.

Аднойчы сюды завітала галубеньская прыгажуня і, каб спадабацца маладому рыбаку, прынесла на абмен на рыбу курыцу і петуха: каб не галадаў, меў яйкі свежыя.

— Ніякага ў цябе няма парадку ля будана,— сказала госця,— нават градку не ўскапаў, не пасадзіў бульбы, агуркоў, цыбулі. Які ты гаспадар!

Чырванеючы, хлопец адказаў:

— Ускапаць мог бы, і думаў, але даглядаць за агародам патрэбна гаспадыня.

Здагадалася дзяўчына, на што намякае адзінокі рыбак, пра якога ў ваколіцы кажуць толькі добрае, апрача злой мачыхі. Асмялеў Кузьма, падыйшоў бліжэй, прыцягнуў да сябе. Дзяўчына не адштурхнула, са згодай прытулілася, замерла ў доўгім і салодкім пацалунку. Згадзілася жыць ля возера, не ісці ў тыя свае Галубенькі і сказала: «Калі мілы па душы, будзе рай і ў шалашы» (мо тады і ўзнікла гэта прымаўка?)

Маладая, напоўненая здароўем, яна збегала ў свае Галубенькі, тое-сёе прыхапіла з адзення і патаемна знікла з дому (ведала, што бацькі не згодзяцца, каб жыла з бедным рыбаком). Днём яна хавалася ў будане ад людскога вока, вязала сеткі. А ноччу, пры месяцы, плавала са сваім Кузьмой па возеры, дапамагала ставіць сеткі. Больш стала лавіцца рыбы, людзі і грошы пачалі плаціць. А калі даведаліся, што Кузьма збіраецца да восені паставіць на беразе хату, дык дружна адгукнуліся:

— Талакой дапаможам. Не сумуй. Але ці будзе табе весела аднаму ў той хаце?

Кузьма ўсміхаўся і маўчаў. Пачула пра гэта мачыха, узлавалася, забараніла бацьку прыйсці на дапамогу роднаму сыну. Глянула на елку каля хаты і злосна вымавіла:

— Я таму рыбаку і шышкі пашкадую!

Потым суседзі сталі называць дом сквапнай і помслівай жанчыны Шышкай, назва замацавалася і за цэлым паселішчам, якое існуе па сённяшні дзень.

А што было з Кузьмой? Бацькі яго маладой жонкі змірыліся з тым, што дачка збегла да каханага, чакалі ў сям’і папаўнення, сталі дапамагаць, выдзелілі пасаг. Галубка з Галубенек нараджала сыноў і дачок. Падрасталі дзеці, аддзяляліся, будавалі свае дамы. Стала паселішча называцца Кузьмічамі і возера — Кузьмічы. Ля самага возера вёска. Людзі ловяць рыбу, старэйшыя маладзейшым расказваюць гэту легенду. Вераць у яе, бо і сёння здараюцца выпадкі, калі дзяўчаты з каханым гатовы з’ехаць на край свету, не разлічваючы нават на будан.

У цяперашніх Кузьмічах няма ніводнага Кузьмы. Бацькі лічаць старамодным так называць сваіх сыноў, але з павагай адносяцца да памяці заснавальніка роду.

Вось якая падзея адбылася ў сівой даўніне. У адной з прыбярэжных хат ля самой Нарачы жыла сям’я: бацька, маці, сын. Дарослыя былі працавітымі, паважанымі людзьмі, а вось сын рос непаслухмяным, рабіў усё наадварот, не так як дарослыя і аднагодкі. Нават шапку не здымаў, калі заходзіў у чужы дом, за што яго пачалі зваць «Шапэчка».

Пра дрэнныя паводзіны юнака ведаў сусед Ціхан, вельмі абураўся і ўвесь час думаў, як дапамагчы няшчаснай сям’і, як навучыць маладога хлопца працаваць, паважаць старэйшых і не лічыць сябе занадта смелым, самаўпэўненым і ганарліўцам.

Сустрэўшы аднойчы маладога шалапута «Шапэчку», Ціхан пацікавіўся:

— Ты, кажуць, нічога не баішся, ноччу пойдзеш у любое месца і не ўцячэш ад жаху?

— Я смелы, ва ўсёй ваколіцы нічога і нікога не баюся,— адказаў ганарлівец. — Завядзі ў лес, ніякі звер да мяне не падыйдзе, пабаіцца.

Назаўтра, як толькі звечарэла, крочылі сталы чалавек і маладзейшы. Рабілася цямней і цямней, ледзь прыкметнай была сцежка, густой сцяной стаялі дрэвы, таямніча шумелі.

— Вакол гэтага невялікага каменя будзеш без перапынку хадзіць,— сказаў дзядуля Ціхан прыцішаным голасам над самым вухам хлопца. — Калі не ўцячэш адсюль да раніцы, паверу, што смелы, церпялівы, настоўлівы.

Пачаў хадзіць Шапэчка вакол каменя, прайшла гадзіна-другая. Небарака вытаптаў глыбокую сцежку, ад чаго камень пачаў падымацца ўверх. Вось зраўняўся з чалавекам, павялічыўся ў памерах. Ад гэтага хлопца апанаваў жах, але ніяк не мог спыніцца і кінуцца наўцёкі.

А сусед Ціхан, адыйшоўшы на якую сотню крокаў, пачаў выкрыкваць розныя гукі. Пачуўшы гэта, ламаючы кусты, на іх бегла карова, якая, заблудзіўшыся, блукала па лесе. Раздаваўся трэск, які прыбліжаўся да каменя. Ганарлівы хлопец палічыў, што гэта бяжыць дзікі звер тур і кінуўся наўцёкі. Згубіў шапку, увесь спацеў, дрыжаў, ледзь вымаўляў дома:

— За мной гнаўся… тур… Страшэнны і вялікі. Мяне выратаваў камень, у які звер стукнуўся і паваліўся.

Назаўтра людзям захацелася пабачыць тое жахлівае месца. Ніякага тура не было, толькі ўзвышаўся вялікі-вялікі камень з плоскім верхам. З таго часу той камень пачалі называць Туравым. Паляўнічыя, грыбнікі часам спыняюцца, кладуць на камень ежу і сілкуюцца. Вельмі зручна, не трэба садзіцца на сырую зямлю. Той Тураў камень знаходзіцца на ўскрайку лесу паміж вёскай Нарач і курортным пасёлкам. Ні дождж, ні пяруны, ні вецер не змянілі аблічча Туравага каменя. Кажуць, раз у год апускаецца ён ноччу ў зямлю, каб расказаць сваім меншым сабратам пра падзеі, якія адбываюцца на паверхні. А пад раніцу зноў становіцца на сваё ранейшае месца.

Селяніна з паселішча каля Нарачы напаткала вялікае гора: памерла жонка. У дом прыйшла мачыха, якая неўзлюбіла пасынка.

— Нялёгка жывецца хлапчыне, — спачувалі суседкі. — А ён такі працалюбівы, спакойны мае характар. Не можа быць, каб у Міколы не лопнула цярпенне.

 Так, цярпенню прыйшоў канец. Аднойчы Мікола сказаў мачысе: «Не хачу цярпець твае кпіны, хоць я і пасынак. Пайду ў свет далёкі шчасця шукаць». І пайшоў, развітаўшыся толькі з бацькам, які ніяк не мог ні ў чым пярэчыць новай жонцы. Далёка ад радзімых мясцін не адыйшоў, бо амаль у той жа самы час з недалёкай адсюль вёскі мачыха выгнала з дому падчарку. Праз парог хаты наўздагон несліся словы: «У пячонцы ты маёй сядзіш, пераела маю пячонку. Занадта цябе ўсе хваляць, а чаму не мяне? Зыйдзі з вачэй!» Дзяўчына заплакала і пайшла, спадзеючыся дзе-небудзь знайсці прытулак. Працаваць яна любіла і магла. І сустрэліся гаротнікі Мікола і Галя ў адным месцы. Расказалі адзін аднаму пра свой лёс. Іншага выйсця не бачылі, як не разлучацца, жыць толькі разам. Збудаваў Мікола будан, а побач з ім бервяно за бервяном узводзіў хаціну. Месца маладая сям’я выбрала непадалёку ад Нарачы. Стаміўшыся, малады гаспадар спяшаўся з рыбацкімі снасцямі да возера, каб мець што і самому есці, і абмяняць з суседзямі на хлеб. Галя ўскапала зямлю, пасеяла гародніну. Вельмі сумавала Галя, калі адлучаўся яе каханы. Яна аднойчы пабывала ля берага, назірала, як Мікола адвязваў лодку, адштурхоўваў ад берага, браў у рукі вёслы. Сустрэчны вецер і хвалі не былі перашкодай. Зрабіўшы ўсё па гаспадарцы і прыгатаваўшы вячэру, маладая жонка толькі і думала пра мужа. «Выйду я на пагорак, можа ўбачу лодку і Міколу»,— вырашыла аднойчы нечакана для сябе жанчына. Сапраўды, такі пагорак быў, на ім не расло ніводнага дрэўца. Але аказалася, што не такі высокі, каб агледзець усё возера.

Тады Галя вярнулася дадому, узяла кошык, насыпала ў яго зямлі і занесла на пагорак. Аднак нічога з задуманага не атрымалася. Не спыніла жанчына сваёй работы на наступны дзень, праз месяц, праз год. Шмат зямлі вынесла Галя з таго месца, дзе непадалёк стаяла хата. Восенню і вясной садзіла бярозкі. І ўсё ж праз некалькі год свайго дабілася. Як стане на пагорак, дык аглядае ўсю Нарач. Бачыць вялікі паўвостраў, які быццам касой уразаўся ў возера (пазней гэты паўвостраў так і сталі называць Касой). Бачыла Галя і лодку свайго Міколы, сэрца радавалася, што муж заняты сваёй любімай справай, вернецца з возера з багатай здабычай.

Аднойчы жанчына, нагледзеўшыся на прыгожы нарачанскі краявід і наталіўшыся дарагім чалавекам, кінула свой погляд туды, дзе была яе хаціна, і жахнулася: пустэча, нічога не бачна. Напалоханая Галя кінулася з пагорка. Сэрца білася моцна: што сталася з хацінай? А яна ссунулася туды, дзе была выбрана зямля для пагорка. Села бедная жанчына на зямлю, залілася горкімі слязамі. Якраз у той момант вярнуўся з возера яе Мікола. Муж ніколькі не засмуціўся, а стаў суцяшаць жонку: «Не бядуй, ведай, што калі мілы па душы, можна жыць і ў шалашы. Раз наша хата апынулася ў лагчыне, назавём гэту мясцовасць і будучую вёску Логавіны. Ці згодна, любая?»

Пасля такога здарэння Галя не перастала амаль кожны дзень узбірацца на пагорак, каб назіраць за возерам. У спякотнае лета насіла ў вядзерцы ваду і палівала маладзенькія бярозкі. Яны шпарка ішлі ў рост, і Мікола па іх арыентаваўся, калі плыў да роднага берага.

Аднойчы жанчына з пагорка ўбачыла, як на возера насоўваецца туман, і муж можа заблудзіцца. Галя не разгубілася: збегала дадому за медным тазам і пачала біць па ім што было сілы. Гукі разносіліся па наваколлю, траплялі на возера. Мікола здагадаўся, што сігнал трывогі падае жонка і паспяшаўся да берага.

Было і такое: Мікола так захапіўся ловам, што не заўважыў, як раптоўна сцямнела. Быў на сярэдзіне возера: куды веславаць? Як узрадаваўся, калі ўбачыў касцёр. Здагадаўся, што дарагая Галя падае такім чынам сігнал. Налёг на вёслы, хутка быў на беразе.

Калі ўсё гэта было? Вельмі даўно! Ці праўда? А як жа! Ёсць жа такая вёска, паблізу Нарачы — Логавіны, а за ёй пагорак з прыгожымі і вясёлымі бярозкамі. Адсюль добра бачна ўсё возера, яго берагі, навакольныя вёскі. Ад Логавінаў рукой падаць да вёскі, якую калісьці назвалі Пасынкамі, мо таму, што жыла жорсткая кабета, якая неўзлюбіла пасынка і выгнала ў далёкі свет. Успомніце, Галю выгнала мачыха, прыгаворваючы, што падчарка сядзіць у яе пячонках. І такую вёску потым назвалі Пячонкамі. Пагорак з бярозкамі людзі назвалі і сёння называюць «Бярозавы Гай».

Гэта было даўным-даўно. Ведаюць пра падзеі хіба Нарач і Мястра (у той час і яны не мелі назвы). Воддаль ад гэтых двух азёр пасялілася на ўзгорку адна вялікая сям’я, пакінуўшы стаянку паміж азёрамі.

Жылі-пажывалі людзі, міналі год за годам. Падрасталі дзеці. Стала цесна. Бацька прапанаваў двум сынам:

— Падраслі, умееце працаваць, не палохаецеся нічога. Ідзіце ў розныя бакі, знаходзьце зручныя мясціны і там наладжвайце свае гаспадаркі.

— А дзе ўзяць жонак? — засмуціўшыся, спыталі сыны.

Усміхнуўся стары і паведаміў пра сваю маладосць:

— Калі я пайшоў у свет ад бацькі, дык каля аднаго паселішча ў лесе ўбачыў немаладую жанчыну і яе дачку-прыгажуню. Збіралі ягады. Падыйшоў непрыкметна, схапіў на рукі і кінуўся ўцякаць. Старая памкнулася дагнаць. Але дзе ёй. Крычала: «Мікола! Мікола!» Мабыць, свайго мужа. Маладая рвала мне валасы, драпалася, але я не адпусціў. Ніхто не дагнаў. У паселішчы здагадаліся, з якой мэтай украў. Асабліва не паспачувалі, бо ведалі, што ў той сям’і яшчэ ёсць дочкі.

Бацькаў намер сыны зразумелі і, развітаўшыся, рушылі: адзін — на ўсход, другі — на захад. Памочніц жыцця раздабылі такім спосабам, як і бацька.

Пасяліліся браты на ўзгорках, абгарадзіўшыся частаколам. Попел, вугаль, перагарэлыя косці ссыпалі на схілы гарадзішча. Зямля рабілася з кожным годам чарней і чарней.

Праз пэўны час малодшы сын вырашыў з жонкай, дзецьмі, унукамі наведаць бацькоў. Неслі гасцінцы: мёд ад дзікіх пчол, арэхі, сушаныя грыбы, рукавіцы з воўны прыручаных коз. Усхваляваны бацька быў рады за малодшага сына і яго сям’ю, спытаў пра месца жыхарства. Той адказаў:

— Жыву з сям’ёй на Чорнай гары. Сын аддзяліўся, стаў жыць асобна непадалёку ад мяне. Дапамагаў яму рыхтаваць кармы і, калі стаміўся, прамовіў: «Няма больш сіл, я ўжо не касец».

 Яго сынам-жэўжыкам так спадабалася гэта слова, што пачалі крычаць: «Дзед — некасец, некасец!» І паселішча сваё потым назвалі Некасецк.

У той жа дзень завітаў у госці і старэйшы сын, прынёсшы шмат сушанай і сырой рыбы, а таксама прыгожы галаўны ўбор — капялюш з вялікім брылём. Ён гаварыў:

— Жыву на Чорнай гары, а побач сын, які ад мяне аддзяліўся, і вось робіць такія капялюшы, паселішча называюць цяпер Брылі.

Пра ўсё перагаварыўшы, параіўшыся, моўчкі пасядзелі, сталі развітвацца. Стары бацька сказаў:

— Вось дзіўная рэч! Вы разышліся ў розныя бакі, а свае паселішчы назвалі аднолькава — Чорная гара. Праўда, адна каля невядомага мне Некасецка, а другая — паблізу Брылёў.

…Як бы там ні было, а гісторыя нам пакінула дзве Чорныя гары. З брылёўскай добра бачна Нарач, а з некасецкай — азёры Баторына, Мядзел.