Максім Танк. Шлях паэта

Калі трэба была песня-
Ні ў чые не грукаў дзверы.
Я яе знаходзіў дома,
Як пад лаваю сякеру,
Як у прыпечку- цяпельца,
У сальніцы – жменю солі.
Паважаныя сябры!
У гістарычным жыцці кожнага народа ёсць імёны, постаці, праз якія свет вызначае, чым гэты народ самабытны і цікавы, за што яго можна паважаць і цаніць. Гэта – людзі-маякі, людзі-светачы. Гэта такія волаты духу, якія прыходзяць у жыццё не часта. Прыходзяць, каб усім нам дапамагчы зразумець найвялікшыя жыццёвыя ісціны, зразумець тое, дзеля чаго і варта чалавеку жыць.
Такога волата паэтычнага духу, вялікага сына свайго часу – Максіма Танка – падаравала свету Мядзельшчына. Народны паэт Беларусі, Герой Сацыялістычнай працы, лаўрэат Ленінскай і іншых літаратурных прэмій, акадэмік, вядомы дзяржаўны і грамадскі дзеяч Яўген Іванавіч Скурко (Максім Танк) нарадзіўся 17 верасня 1912 года на хутары Хведарцы, што каля в. Пількаўшчына.
За восемдзесят два гады жыцця паэт пакінуў вялікі скарб літаратурных шэдэўраў, прыклад цвёрдай грамадзянскай пазіцыі, памяць пра шчодрасць і адкрытасць беларускай душы. Засталіся кнігі паэзіі і і прозы, якія ўвабралі ў сябе фарбы і колеры роднай зямлі і мовы, раскрылі іх адметнасць і прыгажосць.
Пазнаёміцца бліжэй з жыццём нашага знакамітага земляка, дакрануцца душой да яго паэзіі, і, увогуле, яго творчасці, вы зможаце, калі наведаеце наш віртуальны музей “Максім Танк – чалавек святла”. Мы, бібліятэкары дзяржаўнай установы “Мядзельская цэнтральная раённая біблітяэка імя Максіма Танка”, з вялікім хваляваннем і адказнасцю працавалі над даным праектам, каб нашым чытачам, гасцям, наведвальнікам было цікава і карысна.