О библиотеке

История библиотеки

У студзені 1940 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР быў утвораны Мядзельскі раён. У хуткім часе пачала працаваць у райцэнтры і бібліятэка. На жаль, нам  дакладна невядома дата заснавання бібліятэкі. Гэтыя звесткі не захаваліся ў абласным архіве, у які мы не раз звярталіся. Даты заснавання не ўдалося адшукаць і ў даваенных газетах, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Адзінай крыніцай, якая падцвярджае існаванне бібліятэкі ў Мядзеле летам 1940 года, з’яўляецца артыкул М.Танка “У новым Мядзеле”, які быў змешчаны ў “Сялянскай газеце” ад 3 жніўня 1940 года: “Цяпер тут кіпіць новае совецкае жыццё. Мядзел стаў раённым цэнтрам. Растуць новыя дамы, адкрыта раённая бібліятэка, будуецца новы клуб…”. Таму дату 3 жніўня 1940 можна лічыць датай заснавання бібліятэкі.

Хаця, па ўспамінах старажылаў наша бібліятэка мае даволі даўнюю гісторыю. Яшчэ ў 1843 годзе, калі ў мястэчку Мядзел было заснавана двухкласнае вучылішча, пры ім пачала працаваць і бібліятэка, якая налічвала на той час 122 кнігі.

Былы карэнны мядзельчанін Іван Андрэевіч Будкевіч 1906 года нараджэння ўспамінаў бібліятэку, якая ў дваццатых гадах мінулага стагоддзя размяшчалася ў двух пакоях памяшкання валаснога Савета (зараз вул.Юбілейная, раён гандлёвага цэнтра). У бібліятэцы захоўваліся кнігі ў асноўным на польскай і часткова рускай мовах. Кнігі выдаваліся бясплатна. Папулярнасцю карысталіся творы Л.Талстога, М.Лермантава, Г.Сенкевіча, М.Канапніцкай і іншых аўтараў. Большую частку чытачоў бібліятэкі складала моладзь. Па ўспамінах  І.А. Будкевіча  моладзь у той час  актыўна цягнулася да ведаў, імкнулася цікава і карысна арганізаваць свій вольны час, ставячы інсцэніраваныя пастаноўкі па прачытаных творах.

Побач з валасной у мястэчку дзейнічала і школьная бібліятэка. Чытаць у ёй мелі магчымасць не толькі вучні, але і ўсе жадаючыя.

Карэнны мядзельчанін Міхаіл Гершынавіч Гардон (1929 года нараджэння) успамінае, што ў 30-ых гадах ХХ стагоддзя (пры Польшчы) бібліятэка ў мястэчку Мядзел размяшчалася ў святліцы каля пастарунка (міліцыі). У гэтай бібліятэцы меліся кнігі, часопісы, збіралася моладзь. Хутчэй за ўсё бібліятэка працавала на грамадскіх пачатках.

У верасні 1939 года Мядзел і яго ваколіцы былі далучаны да Усходняй Беларусі. Максім Танк узгадвае: “Цяпер ва ўсіх сельсоветах раёна распачаліся курсы па ліквідацыі малапісьменнасці сярод дапрызыўнікаў. Арганізавана 92 чырвоныя куткі і 7 хат-чыталень”.

У канцы чэрвеня 1941 года Мядзел  акупіравалі войскі фашысцкай Германіі. Бібліятэчны фонд быў разграблены, часткова спалены немцамі.

У хуткім часе пасля вызвалення Мядзела (4 ліпеня 1944 года) пачала адраджацца і раённая бібліятэка. Па сведчанню Міхаіла Гардона ў бібліятэцы на той час працавала Фэйга Гудкін. Пад бібліятэку было выдзелена памяшканне па вуліцы Крупскай  (зараз д.№20).

   У 1944-1946 гадах моладзь і камсамольцы аб’явілі рух па збору літаратуры для бібліятэкі. Некаторыя мясцовыя жыхары вярталі кнігі, якія былі ў фондах бібліятэкі яшчэ да вайны. Вучні Мядзельскай школы звярнуліся ў Чалябінскую бібліятэку з пісьмом, у якім прасілі выслаць кнігі. На іх просьбу адгукнуліся, і праз некаторы час у раённую бібліятэку прыйшла пасылка, у якой было 800 кніг.

У аддзеле культуры, створаным у маі 1945 года, захаваліся загады, згодна з якімі ў 1949 годзе ў раённай бібліятэцы працавалі Ганна Дзмітрыеўна Шурпялёва і Мальвіна Францаўна Магуцкая. У  бібліятэцы захаваліся інвентарныя кнігі, запісы  ў якіх пачалі весціся з 1947 года. Па стану на 1 студзеня 1948 года ў фондзе раённай бібліятэкі налічвалася 1358 экз. кніг.

У пасляваенны час бібліятэка памяняла сваё месцазнаходжанне. У памяшканні на вуліцы Крупскай было вырашана размясціць раённы фінансавы аддзел, абібліятэку для зручнасці чытачоў перавесці  бліжэй да цэнтра ў памяшканне зямельнага аддзела (зараз вул. Крупскай, д.№3 )

Напрыканцы саракавых гадоў па вул. Савецкай, 6 быў пабудаваны драўляны будынак райкома камсамола. Некалькі пакояў было выдзелена пад раённую бібліятэку.

                                                       

Пазней, там жа размясцілася і раённая дзіцячая бібліятэка, якая адкрылася 12 жніўня 1951 года. У гэтым будынку бібліятэкі існавалі да 1980 года. У 1982 годзе бібліятэка атрымала спецыяльна пабудаванае памяшканне па вуліцы Шаранговіча.

   З 1 студзеня 1979 года згодна з рашэннем райвыканкама ад 15.03.1978г. №18-11 “Аб цэнтралізацыі сеткі дзяржаўных масавых бібліятэк раёна”  раённая бібліятэка была рэарганізавана ў цэнтральную раённую, пры гэтым значна пашырыліся не толькі функцыі бібліятэкі, але і яе штатны расклад, утварыліся спецыяльныя аддзелы: абслугоўвання чытачоў, камплектавання, арганізацыі і выкарыстання бібліятэчных фондаў, методыка-бібліяграфічны. На цэнтральную бібліятэку была ўскладзена адказнасць за арганізацыю бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва раёна і за работу ўсёй цэнтралізаванай сістэмы, у якую на той час аб’ядналіся 63 бібліятэкі.

10 кастрычніка 1995 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі раённай бібліятэцы прысвоена імя народнага паэта Беларусі, Героя Сацыялістычнай працы Максіма Танка.

З 1999 года пачалася аўтаматызацыя асноўных унутрыбібліятэчных працэсаў: камплектавання і ўліку фондаў, апрацоўкі і каталагізацыі. Пачаў фарміравацца электронны каталог, з’явілася ўласная друкаваная прадукцыя, аўтаматызаваныя базы дадзеных.

У 2002 годзе створаны публічны цэнтр прававой інфармацыі з набыццём адпаведнага эталоннага банка дадзеных і яго штодзённым абнаўленнем.

Цэнтральная бібліятэка атрымала выхад у Інтэрнэт, была наладжана работа электроннай пошты.   

З 1 студзеня 2008 года ў чытальнай зале, а з 1 студзеня 2009 года на абанеменце абслугоўванне карыстальнікаў ажыццяўляецца ва аўтаматызаваным рэжыме.

   Бібліятэка штогод абслугоўвае каля 2,5 тыс. карыстальнікаў. Сукупны інфармацыйны рэсурс складае  60 тысяч экзэмпляраў, акрамя кніг – звыш 80 назваў перыядычных выданняў.

З 2000 года пры бібліятэцы працуе клуб для пажылых людзей “Задушэўная размова”, у 2001 годзе пачаў працаваць клуб для старшакласнікаў “Абітурыент”.

                                                 

   У 2005 годдзе пры аддзеле бібліятэчнага маркетынгу створаны клуб дзелавых спецыялістаў “Прафесіянал” і клуб для маладых бібліятэкараў “Факультэт бібліятэчных ведаў”.

                                               

    У бібліятэцы ладзяцца літаратурна-музычныя кампазіцыі, творчыя сустрэчы, тэматычныя вечары, тэатралізаваныя прадстаўленні, конкурсы, прэзентацыі і іншыя мерапрыемствы.
   На базе бібліятэкі праводзяцца семінары, канферэнцыі, сустрэчы з калегамі па абмену вопытам

                                                     

Адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці бібліятэкі з’яўляецца краязнаўства. Краязнаўчая інфармацыя захоўваецца ў 40 папках-дасье, якія пастаянна папаўняюцца.

Бібліятэка ганарыцца сваімі славутымі ўраджэнцамі: М.Танкам, М.Захарэвіч, В.Шаранговічам, П.Мядзёлка, Г.Шупенькам, А.Каўрусам, Л.Салавей, М.Шабовічам, Г.Бальчэўскай, М.Дуксам, І.Скурко, А.Варановічам, Я.Шабаном, М.Шаховічам, Н.Капай, А.Нафрановічам і інш.

Бібліятэка ушаноўвае тых, чый лёс звязаны з Мядзельшчынай: У.Дубоўку, А.Быкава, Р.Малахоўскага, П.Жукава, М.Маскевіча, І.Пракаповіча, С.Валодзьку. Неаднаразова гасцямі бібліятэкі былі вядомыя літаратары, артысты, кампазітары: Л.Дранько-Майсюк, Н.Гайда, І.Лучанок, І.Краснадубскі, Т.Кашчэва, Э.Акулін, С.Законнікаў, А.Пісьмяннкоў, В.Іпатава, К.Камейша, У.Ліпскі, С.Грахоўскі і інш.

Творчыя вечарыны, прэзентацыі, вечары памяці, сустрэчы з пісьменнікамі, абмеркаванні, выпуск буклетаў з нагоды юбілеяў – вось няпоўны пералік напрацовак з творчай скарбонкі бібліятэкі.

За гады сваёй гісторыі Мядзельская цэнтральная раённая бібліятэка неаднаразова адзначалася ўзнагародамі розных узроўняў. Вось толькі некаторыя з іх:

1985г. – Ганаровая грамата Упраўлення культуры, Мінскага аблвыканкама і абкама прафсаюза работнікаў культуры за высокія паказчыкі, дасягнутыя ў ходзе абласнога агляда-конкурса работы бібліятэк “Дасягненні навукі і перадавой практыкі ў вытворчасці.”

1992г. – Дыплом пераможцы Рэспубліканскага агляда-конкурса “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

2002г. – Дыплом Упраўлення культуры Мінаблвыканкама ІІ ступені пераможцы агляда-конкурса на лепшую арганізацыю бібліятэчнай прасторы “Бібліятэчны інтэр’ер” у намінацыі “Лепшая цэнтральная бібліятэка”.

2003г. – Дыплом Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С.Пушкіна “Пераможца спаборніцтва на лепшую пастаноўку работы ў 2002 годзе сярод раённых ЦБС Мінскай вобласці”.

2004г. – Дыплом пераможцы Рэспубліканскага агляда-конкурса “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

2006г. – Дыплом Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С.Пушкіна “Пераможца спаборніцтва на лепшую пастаноўку работы ў 2005 годзе сярод раённых ЦБС Мінскай вобласці”.

2006г. – Дыплом Мінскага абласнога выканаўчага камітэта “Аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі года ў намінацыі “Бібліятэчная справа”.

2010г. – Ганаровая грамата Прэзідыума Мінскага гарадскога камітэта Беларускага прафсаюза рботнікаў культуры за значны ўклад у інтэлектуальнае, духоўнае і эстэтычнае ўзбагачэнне насельніцтва, надзейнае сацыяльнае партнёрства, умацаванне прафсаюзнага руху.

2015г. – Падзячнае пісьмо страшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай праваслаўнай цэрквы епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веніаміна за ўдзел у І рэспубліканскім конкурсе “Библиотека – центр духовно-нравственного просвещения и воспитания” і значны ўклад ў духоўнае адраджэнне сучаснага грамадства.

2012г. – пераможца спаборніцтва сярод устаноў культуры Мядзельскога раёна на лепшую пастаноўку работы па развіццю культуры па выніках работы за 2012 год

2016г. – Баярская сельская бібліятэка-дом вольнага часу Дыплом 3 ступені ў  XХVI Рэспубліканскім конкуреа “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” у намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем”.

 

 

Сёння раённая бібліятэка імя М.Танка адна са старэйшых і буйнейшых бібліятэк раёна, якая заўсёды імкнецца ісці ў нагу з часам і знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку.

                        У розныя гады кіраўнікамі бібліятэкі працавалі:

28.02.1949

Шурпялёва Ганна Дзмітрыеўна

01.03.1949 – 19.02.1950

Магуцкая Мальвіна Францаўна

19.02.1950 – 15.01.1951

Малышава Марыя Ягораўна

16.01.1951 – 18.07.1952

Сцяпанава Марыя Ануфрыеўна

18.07.1952 – 14.08.1954

Шашкіна Тамара Рыгораўна

03.08.1954 – 01.10.1958

Мікуліч Марыя Конанаўна

01.10.1958 – 03.02.1965

Навіцкая Лія Аляксандраўна

03.02.1965 – 17.05.1971

Місуна Елізавета Станіславаўна

17.05.1971 – 26.06.1973

Жаўрыд Тамара Кірылаўна

09.10.1973 – 07.12.1977

Звяруга Галіна Адамаўна

07.12.1977 – 05.12.1978

Цыркулеўская Леакадзія                                                             Уладзіміраўна

 

06.12.1978 – 10.11.2014                  

Несцяровіч (Цыркулеўская)                                               Лекадзія Уладзіміраўна,                                              дырэктар раённай                                                цэнтралізаванай бібліятэчнай                                             сістэмы

11.11.2014

Нырцова Таццяна Ананьеўна

 

 

 

 

 

                                                                                    Храналогія падзей

1843 г.

пачала працаваць  бібліятэка пры       двукласным вучылішчы                            

Пачатак ХХ ст

у двух пакоях памяшкання валаснога Савета размяшчаецца бібліятэка

30-ыя гады ХХ ст.

пры Польшчы бібліятэка на грамадскіх пачатках размяшчаецца ў святліцы 

Верасень 1939 г.

кнігі з валасной бібліятэкі спалены, бібліятэка перастае існаваць

Вясна 1940 г.

пачынае працаваць раённая бібліятэка

Чэрвень 1941 г.

Мядзел акупіраваны войскамі фашысцкай Германіі. Фонд раённай бібліятэкі часткова спалены немцамі, разрабаваны

Ліпень 1944- 1946 гг.

пасля вызвалення Мядзела сярод моладзі і камсамольцаў аб’яўлены рух па збору літаратуры для бібліятэкі

Май 1945 г.

створаны раенны аддзел культуры

1947 г.

адраджаецца раённая бібліятэка, размяшчаецца па вул. Крупскай

Пачатак 50-х г.

бібліятэка пераязджае ў будынак райкама камсамола (вул. Савецкая, 6)

12 жніўня 1951 г.

адкрываецца раённая дзіцячая бібліятэка (вул.Савецкая, 6)

15 сакавіка 1978 г.

выканкам раённага Савета народных дэпутатаў прымае рашэнне “Аб цэнтралізацыіі сеткі дзяржаўных масавых бібліятэк раёна”

5 снежня 1978 г.

усе дзяржаўныя масавыя бібліятэкі раёна аб’яднаны ў цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму.             

Раённая  бібліятэка рэарганізавана ў  цэнтральную раённую бібліятэку

6  снежня 1978 г.

загадам па раённаму аддзелу культуры №107а першым дырэктарам раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы прызначана   Цыркулеўская Леакадзія Уладзіміраўна 

1982 г.

цэнтральная раённая і раённая дзіцячая бібліятэкі    атрымалі спецыяльна пабудаванае памяшканне па     вул.Шаранговіча,1 

10 кастрычніка 1995 г.

указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прысвоена імя Максіма Танка

1999 г.

набываюцца камп’ютары, пачынаецца аўтаматызацыя асноўных бібліятэчных працэсаў

2002 г.

ствараецца публічны цэнтр прававой інфармацыі 

2003 г.

пачынаецца камплектаванне дакументамі на  электронных носьбітах 

2008 г.    

абслугоўванне чытачоў чытальнай  залы ажыццяўляецца ў аўтаматызаваным рэжыме

2009 г.

абслугоўванне чытачоў абанемента ажыццяўляецца ў аўтаматызаваным рэжыме

2009 г.

ствараецца невялікая музейная экспазіцыя “З гісторыі бібліятэкі”

люты 2011 г.

пачала працаваць аўтабібліятэка

2012 г.

па выніках работы за 2012 год калектыў  бібліятэкі прызнаны пераможцам спаборніцтва сярод устаноў культуры раёна

2013 г.

ствараюцца комплексныя ўстановы культуры – бібліятэкі-клубы, бібліятэкі-дамы вольнага часу

2014 г.

устаноўлена новая версія праграмы  ALIS-WEB

2017 г.

праведзена інтэграцыя школьных бібліятэк з бібліятэкамі аграгарадкоў:  Будслаў, Княгінін, Сваткі, Слабада, Старлыгі і Старыя  Габы. 

01.04.2018 г.

створана дзяржаўная ўстанова “Мядзельская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Танка”

2019 г.

зроблены рамонт аддзела абслуговання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі ім.М.Танка.  Набыта новая мэбля для аддзела. Для зручнасці чытачоў чытальная зала перанесена з 4 паверха на 3.

2021 г.

з абласнога бюджэту выдзелена 25 тысяч рублёў на набыццё мэблі для раённай дзіцячай бібліятэкі

                                                   На главную страницу