Праходзіць XXIV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2025».
Традыцыйна на вуліцы Прытыцкага свае экспазіцыі паказваюць установы культуры і народныя майстры з усіх куткоў Міншчыны.
Вось крыху з экспазіцыі Мядзельшчыны.
Што прадставіла Мядзельская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Танка, расказала загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Анастасія Карзяёнак.
– Наша бібліятэка носіць імя народнага паэта Беларусі Максіма Танка, і, канешне ж, мы прывезлі выставу, часткова звязаную з яго творчасцю. Спецыяльна для фестывалю мы распрацавалі ўнікальную выставу-інфаграфіку, якую сёння ўпершыню прадстаўляем гасцям. Яна прысвечана знакамітым землякам і творчым асобам, якія праславілі наш раён. Сярод іх – Паўліна Мядзёлка з Будслава, першая выканаўца ролі Паўлінкі ў аднайменнай п’есе Янкі Купалы, народнын мастак Беларусі Васіль Шаранговіч, паэт Аркадзь Нафрановіч, малады паэт Рагнед Малахоўскі, былы рэдактар газеты «Нарачанская зара» Павел Жукаў. Акрамя цікавых фактаў аб кожным з іх, тут прадстаўлены асабістыя рэчы і аксесуары, якія раскрываюць сутнасць іх дзейнасці. Напрыклад, у Яўгена Шабана можна ўбачыць зборнік “Чырвоныя Сумёты” і арыгінальны рукапіс.