Творчасць Міколы Шабовіча
Свой першы верш Мікола Шабовіч напісаў яшчэ ў школе, калі яго, васьмікласніка Дзягільскай васьмігодкі, адправілі на раённую алімпіяду па хіміі. А паколькі аўтобус прыпазніўся, і ён зайшоў у клас апошні, Міколу пасадзілі на першую парту да бялявай сімпатычнай дзяўчынкі, якая вельмі спадабалася. Тады ж і нарадзіўся верш, які прысвяціў незнаёмцы: «Все оксиды, кислоты и соли / Реагируют только с тобой…».
Упершыню верш паэта быў надрукаваны ў 1976 годзе ў раённай газеце “Нарачанская зара”. Потым, ужо падчас вучобы ў сталічным педінстытуце, з’явіліся вершаваныя падборкі ў “Настаўніцкай газеце”, “Мінскай праўдзе”, “Чырвонай змене”, “ЛіМе”, часопісах “Маладосць”, “Беларусь”. Першы зборнік вершаў “Сэрцатрасенне”аўтар падаў у выдавецтва “Мастацкая літаратура” у 1980-я гг., але з-за адмоўнай рэцэнзіі Рыгора Яўсеева зборнік не быў надрукаваны тады, што сам Шабовіч пазней прызнаў за рацыянальнае. Сваю першую падборку з 17 вершаў пад назвай “Каб вымавіць: “Люблю!” паэт апублікаваў у калектыўным зборніку “Крыло” (1984), у якім пад адной вокладкай былі аб’яднаны творы 18 аўтараў: Яўгена Гарадніцкага, Васіля Сахарчука, Уладзіміра Мароза, Анатоля Зэкава і іншых. А адкрываў “Крыло” менавіта ўраджэнец Мядзельшчыны Мікола Шабовіч.

Ападаюць з бяроз лісты,
Ім яшчэ паспрачацца з ветрам.
Што з таго, што мінула лета
І ў праменях гараць кусты?..
Ападаюць з бяроз лісты.
Ападаюць з бяроз лісты,
Мы любуемся іх падзеннем…
Дзесь і ў вёсцы маёй Бадзені,
Нібы кропелькі яснаты,
Ападаюць з бяроз лісты.
У 1996 годзе пабачыў свет аўтарскі паэтычны зборнік “Дом”. Чаму такую назву даў свайму зборніку аўтар? Сюды, ва ўтульнае і цёплае жытло Мікола Шабовіч запрашае ўсіх, каму яшчэ вельмі холадна ў жыцці, хто не знайшоў увагі і разумення. Дом – не проста слова. Дом – пачатак існавання на зямлі. Усё пачынаецца з яго, і ўсё заканчваецца ў ім.
А стане сумна, роспачна і горка,
Хай новы дзень надзеяй расцвіце.
На студзеньскіх заснежаных пагорках
Мой свтлы дом расчынен для гасцей.
Хоць ён не надта, можа, і вялікі,
А ў ім жыву – і лепшага няма.
Гайдае неба сонечныя блікі,
Віхурыцца і гурбіцца зіма.
Бацькаўшчына, каханне, сяброўства, паэзія – асноўныя тэмы зборніка. Тэма Бацькаўшчыны ў зборнікупрасякнута сумам і адначасова светласцю. Паэт асэнсоўвае павольнае выміранне дарагога кута:
У нашай вёсцы – трыцаць тры двары.
Людзей з гадамі менее і менее.
А колькі іх палегла без пары
На той вайне з апошнімі завеямі?!
І вёска-маці плача па сынах,
Маршчыніцца паціху ды сівеецца.
Зіма пабеліць учарнелы дах,
Ды пад яго сыны наўрад ці вернуцца…
У нашай вёсцы – трыццаць тры двары,
І, нібы назаўсёды выпраўляючы,
Глядзіць мне ўслед задумлівы стары,
З вачэй далонню слёзы выціраючы.
Значнае месца ў творчасці Міколы Шабовіча займае інтымная лірыка. Жанчына прыходзіць у яго паэтычны Дом спрадзеная з пяшчоты і дабрыні, прыходзіць як сама чысціня і толькі застаецца глядзець у яе вочы і прасіць: “Я ўсё табе скажу, застанься давідна…”
Шчырую размову пра каханне прадоўжыла кніга інтымнай лірыкі паэта “Яшчэ пакуль не лістапад”, якая ўбачыла свет у 1996 годзе. Тут сабраны вершы, сагрэтыя шчымлівым сумам і яскравымі ўспамінамі, паэт выказвае свае адносіны да кахання, якое заўсёды дапамагае людзям жыць, а іншым нават і выжыць. Вершы пранізаны шчырасцю і вернасцю, простымі словамі выказана гэта пачуццё і, між тым, так узнёсла, светла і прачулена.

Будзь такой, як была калісьці,
Хоць вяртацца заўжды няпроста
У краіну спазнаных ісцін,
У краіну найлепшых тостаў.
Будзь такой, як была калісьці,
Не святошай, але святою,
Калі нават суцем, бязвыйсце
І навокал зусім не тое,
Што было ў чароўным маі,
Калі спеўна звінела лісце…
Я прашу цябе, заклінаю:
Будзь такой, як была калісьці.
У 2002 годзе у выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў чарговы зборнік паэта “Падары мне саю адзіноту”. Гэты зборнік – метка на яго 25-гадовым шляху літаратурнай творчасці. Тут шмат пяшчотных радкоў аб Радзіме, узнёслых і трапяткіх слоў, прысвечаных жанчыне, маці, каханню.

Сягоння ты хоць крышачку бліжэй,
Глядзіш задумна-мякка з фотаздымка
І не даеш забыцца пра абдымкі,
Як май хмялеў у засені алей.
Сягоння ты не можыш уцячы,
Гляджу табе я летуценна ў вочы
І так баюся позіркам сурочыць
Наступны дзень, што выспее ўначы.
Прыйдзі мне ў сны, не бойся – я з табой,
Як і тады, шчакою прытуліся.
Багі яшчэ, на шчасце, не звяліся,
Яны мо возьмуць у вышынь з сабой.
Прыйдзі мне ў сны, не бойся – я з табой…
Зборнік “Мая надзея” выйшаў у свет у 2006 годзе. Яго склалі творы, напісаныя паэтам за сем гадоў. Тут і прачулыя радкі пра свой родны Нарачанскі край, і шчырыя прызнанні ў светлых пачуццях да Жанчыны, і яскравыя літаратурныя пародыі, а таксама эпіграмы і прысвячэнні сваім калегам па пяру. Адкрывае зборнік верш “Мая надзея”, які з’яўляецца своеасаблівым эпіграфам да ўсёй кнігі:

Калі прарочацца растанні
І рэй сяброў штогод радзее,
Ёсць у мяне выратаванне –
Мая надзея.
Яна, як сонейка ў сінечы
Ці ў лузе ваблівая краска,
Падорыць новыя сустрэчы,
Сагрэе ласкай.
Няхай жа сонейка ў нябёсах
Штодня нас промнямі вітае
І нашы мары, нашы лёсы
Пераплятае,
Пераплятае,
Пераплятае…
Якім бы сціплым і невялікім ні быў той куточак. Дзе чалавек нарадзіўся, і якім бы вялікім ні быў той свет, які расхінуўся перад ім, якімі б прыгожымі не былі гарады, адкрытыя яго погляду, поўныя агнёў і неонавай рэкламы, сэрца сумуе і плача па тых мясцінах, дзе столькі цяжкасцяў. Але даражэй іх няма нічога на свеце. І менавіта сюды, на родную Мядзельшчыну, у вёску Бадзені, дзе нарадзіўся і вырас, хочацца вяртацца Міколу зноў і зноў:
Я да цябе прапісаны, мой край,
Рачулкай, што ў полі запятляла,
Сцяжынкай, што з бацькоўскага двара
Мяне ў жыццё і ў людзі выпраўляла.
Я да цябе прапісаны, мой край,
Бусламі і буслянкамі на вербах,
Лясамі, што трымаюць на руках
Высокае бязвоблачнае неба.
Я да цябе прапісаны, мой край,
Сузор’ямі і месяцам над хатай,
Жытамі, што калышуць небакрай
І абяцаюць ураджай багаты.
Я да цябе прапісаны, мой край,
Матулі наймілейшымі вачыма,
Якіх, хоць цэлы свет ты абшукай,
Мілей знайсці ніколі немагчыма.
Сам Мікола Шабовіч вось што гаварыў пра свой родны куточак: “Мае шляхі-дарогі, відаць, яркія і разнастайныя, як у многіх маіх калег, якія бачылі (і не толькі бачылі) мора і акіян, горы і пустыні, Парыж і Лондан, Стамбул і Токіа. Мае шляхі-дарогі былі скіраваны ў родныя мясціны, у маю маленькую вёсачку Бадзені, дзе я адпачываю ў летнюю спёку ў засені высознай грушы-дзічкі, а росным ранкам ці астылым ад сонца вечарам люблю прайсціся з касой і пакласці ладную колькасць пакосаў на лузе каля бацькоўскай хаты.
Найлепшы адпачынак там, дзе спакойна на душы, дзе нараджаюцца радкі, дзе душа не пакутуе ад шматлюднага шуму, бегатні, тоўхання-штурхання….”
Бацькоўская зямля! Я сын тваіх абшараў.
Табе мой ціхі верш, сыноўні мой паклон.
Я тут прыйшоў на свет, я тут кахаў і марыў.
Бацькоўская зямля, ты сноў маіх палон.
Тут мой нясмелы крок і першае прызнанне,
Тут лёгка мне заўжды пад маміным крылом.
Спяшаюся сюды на шчырае спатканне
І ў ранні лістабой, і ў позні крыгалом…
…Прымі мой ціхі верш, сыноўняе вітанне,
Мой Нарачанскі край – калыска дабрыні.
Хай мірна над табой ружовіцца світанне,
Пяшчотай і цяплом твае хай промняць дні!
У 2008 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў чарговы зборнік паэта “Хор болей не спявае”, у які сабраны вялікі стос жартаўлівых радкоў: пародыі, эпіграмы, прысвячэнні. “Хор болей не спявае” – гэта трэцяя ў гісторыі беларускай літаратуры кніга гумарыстычнага накірунку такога зместу. Акрамя пародыйна амаль усіх знакамітасцяў сучаснай айчынай літаратуры, эпіграм і прысвячэнняў, у кнізе змешчаны 60 шаржаў на герояў гэтых твораў мастака Алега Карповіча, не менш дасціпных і выразных, чым вершаваныя радкі.

“Прыколы ад Міколы” (2015) з’яўляецца своеасаблівым працягам кнігі “Хор болей не спявае”, якая ў свой час стала пераможцай конкурсу на лепшы мастацкі твор у намінацыі “Сатыра і гумар”.


Зборнік “Маладыя мроі маладога лета” пабачыў свет на прыканцы 2017 годзе ў прыватным выдавецтве “МінКоПрынт”. Цэнтральнае месца ў гэтай кнізе – тэма кахання. Паэт жыве ўспамінамі пра маладыя гады, калі сэрца не ведае спакою, і верыць, што не ўсё яшчэ страчана. Мікола Шабовіч піша з вялікім пачуццём:
Будзь заўсёды зямной такой,
Ад якой нават боль сціхае.
Растрывож мой начы спакой
Дзіўнаспеўным сваім “кахаю”.
Вершы характарызуюцца глыбокім лірызмам і вобразнай напоўненасцю, што яскрава паказвае эмоцыі і перажыванні закаханых. З асаблівай пяшчотай адлюстроўваюцца інтымныя пачуцці.
Заслугоўвае ўвагі цыкл вершаў “Твая прафесія – настаўнік”:
Ад сівой даўніны мудрых думак сувой
Не згубіўся ў вяках і сягоння дарэчы:
“…Пад матуляй укленчы, Айчынай сваёй
А яшчэ прад настаўніцай першай укленчы”.
Аўтар выказвае гонар за прафесію настаўніка:
І веру я, што час настане
І скажа хтось, пражыўшы век:
“Мая прафесія – настаўнік!
І я – шчаслівы чалавек!
Кнігу “Я і Ты” (2019) склалі як новыя рамантычна-пяшчотныя вершы пра каханне, так і лепшыя творы гэтага ж накірунку, напісаныя паэтам раней. Напэўна, няма нічога асаблівага ў тым, каб за столькі гадоў творчай дзейнасці назапасіць 150 вершаў пра каханне. Увесь час зборнік чытаецца як адзін вялікі тэкст пра каханне з адпаведным вакабулярам і рытмам, які крыху змяняецца ад верша да верша. На працягу ўсіх вершаў аўтар ніводнага разу так і не паказаў тую, што ён усхваляе. Усе рысы і тытулы, якімі паэт надзяляе сваю музу, пакідаюць яе вобраз абсалютна абстрактным. “Незнаёмка”, “Князёўна”, “Царыца”, “незямная прыгажосць” – гэта ўмоўныя абазначэнні нейкага ідэальнага вобраза, за якім практычна немагчыма разгледзіць сапраўдную жывую жанчыну.
Мая маленькая Багіня,
Пяшчотна-казачная міс!
Ідзеш ты ў блузцы ярка-сіняй
Паміж калясак і валіз…

***
Ёсць два словы, займеннікі два,
Што ратоўча гучаць з нематы
І якім падуладна трава,
Лесу гонкага шолах густы.
Ёсць два словы, займеннікі два-
Я і Ты.
Тыя словы абудзяць сінеч,
Тыя словы народзяць зару,
Разарвуць цемру ночы, як меч,
Сонца ўздымуць цвысь-угару.
І тады заблішчыць сінява,
Загарацца ад промняў лісты…
Ёсць два словы, займеннікі два-
Я і Ты.
Незадоўга да таго, як Міколы Віктаравіча не стала, у выдавецтве “Мастацкая літаратура”пабачыла свет яго кніга “Пад маміным крылом…”. Яе склалі лепшыя вершы паэта, напісаныя за 45 гадоў літаратурнай дзейнасці. Тут і шчырыя радкі, адрасаваныя роднаму Нарачанскаму краю, і трапяткія прызнанні ў каханні, і філасофскія разважанні. Асобным раздзелам прадстаўлены вершы, напісаныя ў студэнцкія гады, але не ўключаныя ў папярэднія зборнікі.

Ёсць людзі…
На сцежцы жыццёвай ці ў творчай сяўбе,
Дзе сэрца шчыруе да змогі,
Ёсць людзі, якія не здрадзяць табе,
Працягнуць руку дапамогі.
Калі ж час ваганняў, сумненняў праб’е
Ці клопатным днём, ці начамі,
Ёсць людзі, якія суцешаць цябе,
Адпрэчаць хвіліны адчаю.
Як добра, што ў юні ці ў сталай пары,
Як самыя лепшыя лекі,
Ёсць людзі – сябры, мужнары, песняры…
Ёсць людзі. Хай будуць давеку!
На вершы Міколы Шабовіча напісана каля 200 песен, якія выконвалі Ірына Дарафеева, Алеся Гайдук, Дзмітрый Мінько і іншыя. Некаторыя з іх гучалі на Нацыянальным фестывале беларускай паэзіі і песні ў Маладзечна і Міжнародным фестывале мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.
З песняй “Я чакаю цябе” (словы Міколы Шабовіча, музыка Алены Атрашкевіч) Таццяна Валахановіч перамагла ў 2015 годзе ў конкурсе маладых выканаўцаў у рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай паэзіі і песні ў Маладзечна. Кампазітар Мікалай Яцкоў напісаў 30 песен на вершы Міколы Шабовіча. Песня “Пад небам Радзімы” (словы Міколы Шабовіча, музыка Дзмітрыя Пятровіча) з 2017 года ўвайшла ў рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага хора Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча. Мікола Віктаравіч – аўтар слоў гімна Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Маскіма Танка.
У апошнія гады жыцця паэт актыўна працаваў як перакладчык. Ён перакладаў на беларускую мову творы рускіх паэтаў – Аляксандра Блока, Сяргея Ясеніна, Канстанціна Бальмонта, Ігара Грыгор’ева, Мікалая Рубцова і іншых.
