Жыццёвы шлях Міколы Шабовіча
Нарадзіўся Мікола 4 студзеня 1959 года ў вёсцы Бадзені Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Маці, Серафіма Уладзіміраўна (1923 – 2019) з в. Бадзені, усё жыццё працавала даяркай у калгасе. Бацька, Віктар Пятровіч (1936 – 1983), родам з в. Баяры, працаваў трактарыстам. У сям’і ніхто вершы не пісаў, але Коля ад бацькоў чуў нейкія мудрыя прыпеўкі, праўда, аўтарства іх было невядомым. Мікола пазней успамінаў: “Памятаецца, калі я быў маленькі, дзядуля мне спяваў салдацкія песні. Больш я такіх песень нідзе ні ад каго не чуў. Не выключаю, што ён сам і склаў”.


Рос ён добрым, вясёлым хлопчыкам. У дзяцінстве, як звычайныя вясковыя дзеці, ганяў мяч, бегў басанож па лужынах і росным мурагу, хадзіў у лес па грыбы і арэхі. Але акрамя гульняў былі і свае абавязкі па гаспадарцы – трэба было дапамагаць бацькам. Ён навучыўся касіць, араць, рабіць іншую мужчынскую работу, не цураўся і жаночай.

У пачатковую школу Мікола пайшоў у Бадзенях, да 8 класа вучыўся ў Маргах, а дзесяцігодку заканчваў ужо ў Мядзелі. Навука давалася яму лёгка, яму ўсё было аднолькава цікава: літаратура і фізіка, геаграфія і матэматыка, маляванне і фізкультура. Вучыўся добра, чым заўсёды радаваў бацькоў.


Пасля школы Мікола паступаў на факультэт прыкладной матэматыкі ў БДУ, але на жаль, не хапіла аднаго бала. Амаль год хлопец адпрацаваў шафёрам у родным калгасе “Шлях Ільіча”. Але, як сам прызнаваўся Мікола Віктаравіч, шафёр ён быў не вельмі ўдалы – то з дарогі з’едзіць, то паспее спыніцца перад самым абрывам у канаву, то плот зламае. З тае пары ён за руль больш не садзіўся, хаця, як сам жартаваў, “маю шафёрскае пасведчанне з паметкай “шоф-проф-люб-мото”.
У 1976 годзе Мікола празнаў, што ў Львоўскім ваенна-палітычным вучылішчы ёсць спецыяльнасць “ваенная журналістыка”, і вырашыў паспрабаваць паступіць, але, атрымаўшы чацвёркі, вярнуўся ў Беларусь і паспеў падаць дакументы на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Мінскага педінстытута імя М. Горкага (1977-1981 гг.)

Пасля заканчэння інстытута, Міколу давалі рэкамендацыю для паступлення ў аспірантуру, але ён не адважыўся, а паехаў па размеркаванні ў вёску Шыпкі Вілейскага раёна працаваць настаўнікам Шыпкоўскай васьмігадовай школы. Тут і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, Кацярынай Валянцінаўнай, якая пасля заканчэння Аршанскага педвучылішча была накіравана сюды на працу настаўнікам матэматыкі. У 1982 годзе адгулялі вяселле. У 1983 года нарадзіўся першы сын Юрый, а ў 1985 – сын Аляксандр.

У Шыпкоўскай школе Мікола Шабовіч адпрацаваў пяць год (1981-1986 гг.) і , калі прафесар кафедры беларускага мовазнаўства Міхась Станіслававіч Яўневіч напісаў яму ліст і запрасіў у аспірантуру, ён не адмовіўся.
З 1989 года Мікола Віктаравіч выкладаў у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. У 1992 – 2002 гадах ён адначасова працаваў загадчыкам літаратурна-драматычнай часткі Мінскага абласнога драматычнага тэатра ў Маладзечне. Акрамя таго, Мікола Шабовіч – заснавальнік і шматгадовы кіраўнік універсітэцкага літаратурнага аб’яднання “Крокі”.У 2004 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю і атрымаў навуковую ступень кандыдата філалагічных навук, у 2008 годзе – вучонае званне дацэнта.
16 лістапада 2021 года пасля перанесенай хваробы паэта не стала.
Мікола вельмі любіў сваю малую радзіму і пры любым выпадку ехаў у Бадзені, дзе чакала яго маці і сястрычка, Валянціна Віктараўна са сваёй сям’ёй. Хочацца адзначыць, што вельмі цесная сувязь была паміж роднымі, вельмі цёплыя і душэўныя адносіны.

Яшчэ пры жыцці, маці Серафіма Уладзіміраўнавось што гаварыла: “Задаволена (сынам), чаму ж не. Вывучыўся, выйшаў у людзі. Сына цяпер шмат дзе ведаюць, пішуць аб ім у газетах. Прыемна мне, як маці, калі гучыць яго імя. Хоць цяжкавата вырвацца з горада, рэгулярна наведваецца ў Бадзені. Часцей вясной і ўлетку, калі цвіце і пладаносіць у садзе груша яго маленства. Любіць пад ёй пасядзець з гасцямі, паўспамінаць… Вясковай работы не цураецца. Калі трэба, агарод узарэ, травы накосіць для маёй козачкі. Доўгімі зімовымі вечарамі, як зараз, вяжу, каб забавіць час, шкарпэткі. І для сына таксама… Тэлефануе на мабільнік амаль штодзённа, пытаецца аб здароўі, цікавіцца вясковымі навінамі…
…Дзеці самі выбіраюць свой шлях у жыцці, вось і мой сын адшукаў уласную дарогу.”

***
Нічога мераць не хачу на грошы
І сквапным быць ніколі не змагу.
Сваю пяшчоту маме я прыношу,
Перад якой заўсёды я ў даўгу.
Яна мяне, вядома, зразумее,
Даруе, што нячаста ёй пісаў.
І гляне ў вочы пасмаю ссівелай
Такая непаўторная краса.
І сорамна мне стане на хвіліну,
Што так нядоўга дома я гасціў,
Што роднай маме, мілай і адзінай,
Нямнога ўсё-ткі вершаў прысвяціў.

***
Толькі ты мне і сілу,
і веру даеш,
Родны край – маіх дум,
маіх сноў прыцягненне.
Тут мой верш самы першы
імкнуўся ў бязмеж,
Тут знаходзіла сэрца
ад бед суцяшэнне.
Тут пазнаў я крыніц
люстраводную плынь,
Слухаў клёкат буслоў,
спеўны свіст салаўіны.
І калі ахінае марозная стынь,
Саграваюць мяне
дарагія ўспаміны.
Хто б я быў без цябе,
мой бадзенеўскі кут?
Дзе б знайшоў для душы
выратоўныя лекі?
Дзякуй Богу, што я
нарадзіўся вось тут
І што гэтай зямлі
я адданы навекі.