Мікола Шабовіч

Калі прарочацца растанні
І рэй сяброў штогод радзее,
Ёсць у мяне выратаванне-
Мая надзея.
Яна, як сонейка ў сінечы
Ці ў лузе ваблівая краска,
Падорыць новыя сустрэчы,
Сагрэе ласкай.
Няхай жа сонейка ў нябёсах
Штодня нас промнямі вітае
І нашы мары, нашы лёсы
Пераплятае,
Пераплятае,
Пераплятае…
Паважаныя сябры!
Наша Мядзельшчына багатая на таленавітых людзей!
Адным з такіх з’яўляецца Мікола Віктаравіч Шабовіч – вядомы ў Беларусі паэт-лірык, паэт-сатырык, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат філалагічных навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Тыя, хто ведаў Міколу Віктаравіча, распавядалі пра яго імкненне да хараства і гармоніі, якое жыло ў ім з юнацкіх гадоў. Так, будучы школьнікам, аднойчы ён, поўны ўзнёслага захаплення, расказваў аднакласнікам, як прыгожа сонечныя промні адлюстроўваюцца ў замёрзлай лужыне і на скептычныя недаверлівыя выказванні суразмоўцаў з запалам парыраваў: “Як скончацца заняткі, пойдзем, я пакажу вам гэтае сонца!” Напэўна, такая здольнасць заўважаць прыгожае ў простых паўсядзённых рэчах, бачыць самае лепшае ў людзях і была той сілай, што натхняла на вершы, дапамагала ствараць яркія запамінальныя вобразы.
Мы спадзяёмся, што пазнаёміўшыся з творчасцю Міколы Шабовіча, вы дакранецеся да прыгожага света пачуццяў, прыроды, жыцця…