Ушанаванне памяці. Прысвячэнні
Ушанаванне памяці.
Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 кастрычніка 1995 года Мядзельскай цэнтральнай бібліятэцы прысвоена імя Максіма Танка. Яго імя носіць таксама педуніверсітэт у Мінску, Сваткаўская сярэдняя школа, вуліцы ў Мінску, горадзе Мядзел і вёсцы Сваткі. У Мядзеле з 2014 года стаіць памятнік знакамітаму земляку.

Прысвячэнні Максіму Танку.
Рыгор Барадулін
“Пад мачтай ” пількаўскай гонкай сасны
Плылі Вы ў свет на агледзіны.
А “Нарач” крышыла зімовыя сны.
Радок, як курок, быў узведзены.
Нідзе “На этапах” суровых гадоў
Не збочылі ў заціш здрадную.
“Здарова, таварышы!” – родных братоў
Віталі па-танкаўску, з радасцю.
Не шкадаваліў змаганні сіл,
“Вастрыце зброю!” – да волі клікалі.
Прайшлі “Праз вогненны небасхіл”
Шляхамі, праўдай вялікімі.
Блакіт “Нарачанскія сосны ” ўзнялі,
Вянчаныя вечназялёнай пашанаю,
Вы горда “Вернасць” змаглі.
Дарогай, жытам закалыханаю.
Ваш кожны радок, як “Глыток вады”,
Паэзіі роднай Волаце!
І Вашаму слову жыць назаўжды
“На камні, жалезе і золаце”.
Генадзь Бураўкін
***
Памяці
Максіма Танка
Зноў пацямнеў наш родны небасхіл-
Упала зорка зыркая ў знямозе.
І сэрца, што ўжо больш не мела сіл,
Раптоўна спатыкнулася ў дарозе.
І выпала пяро з халодных рук.
І анямела белая папера…
Няўмольнасці бязлітасны павук
Закратаваў навек зямныя дзверы.
Жыццё пражыта.
У сівой траве
Згубілася паніклае калоссе…
Ды усё навокал дыша і жыве.
Усё на гэтым свеце засталося.
Няма канца пракладзенай вярсце.
Яна вядзе ў прастор, як ўпачатку…
І зорка, як бяссмертнае зярнятка,
На беларускай ніве прарасце.
1995
Аляксандр Быкаў
Восенню на радзіме Максіма Танка.
Час прыспеў пакланіцца мяжы,
Дзе праменіла Танкава лета.
Сон вярэдзяць блізняты-крыжы,
Што вартуюць прытулак Паэта.
Над старонкаю роднай – імжа,
Спахмурнелі дубы. Як прарокі.
А Паэтава свеціць душа,
Прабіваецца зноў праз аблокі.
Прарастуць шчэ не раз жалуды
Праз навалу жыццёвага друзу.
Толькі й там, за абрысам жуды,
Песняру немагчыма без Музы…
Час прыспеў пакланіцца мяжы,
Дзе праменіла Танкава лета.
Сон вярэдзяць блізняты-крыжы,
Ды не вернуць ніколі Паэта.
Станіслаў Валодзька
Нарачанскі край
Максіму Танку
Нарачанкі край,
Запаведны край
Рад мяне сустрэць,
Рад мяне прыняць.
Лечыць сэрца мне
Зёлак медаграй,
І вада бяжыць
Маю стому зняць.
Нарачанскі край,
Блаславёны край
Асяніў крылом,
Азарыў кастром!
За твой добры люд
Тост падняць я рад
І за песні, што
Паднялі настрой!
Нарачанскі край,
Партызанскі край,
Аб героях ты
Памяць беражэш.
Запявае бор,
Падпявае гай.
І гараці-трымцяць
Свечкі зор бліжэй…
Нарачанскі край,
Паэтычны край,
Ты яшчэ таму
Знакамітым стаў,-
Тут на свет прарос
І высока ўзрос
І цябе апеў
Сын твой слаўны –Танк.
Нарачанскі край,
Хлебасольны край,
Я твайго цяпла
Не змагу забыць,
Аб сустрэчы зноў
Буду марыць я,-
Твае хвалі мне
Ў грудзі будуць біць…
Васіль Вітка
Максім Танк.
Не будзе зняты з узбраення,
Бо перайшоў на рэактыўнае натхненне.
І лірыкі, яго сустрэўшы,
Кідаюць недапісаныя вершы,
Сціхаюць балалаечкі, тальянкі:
– Ратуйце, хто можа, – Танкі!
1966
Васіль Вітка
Бліскавіцы ўладар
Каб спасцігнуць існасць Тварца,
Не спачатку чытайце – з канца.
Маладому было няўцям,
Сам спасціг у канцы жыцця.
Спасціжэння шлях некароткі,
Як з бінокля – наадварот.
Пачынайце з апошняй старонкі,
Хай раскручваецца калаўрот.
Сам сабою ён спыніцца – стоп,
І сама перапыніцца плёнка.
Вось адкуль пачынаецца ўзлёт
І становіцца на крыло
Бліскавіцы ўладар – Зеўс!
Так было.
А іначай і быць не магло.
Так нанова Тварэц
Уваскрэс.
27.09.1995
Анатоль Вярцінскі
Ля магілы Максіма Танка
Гучыць яго голас…
Ну вось я нарэшце і дома.
Вярнуўся я ў родны кут.
Бацькі тут, Іван ды Домна,
і дзядзька Фадзей недзе тут.
Са мною Любаша, вядома.
Любаша, Люба, Лю…
Нарэшце мы з ёю дома.
Душу да душы тулю.
Апошні наш прыстанак.
Сабраліся тут назусім.
І тут ніякі не Танк я
і нават – не Максім.
Прыдумвалі ж псеўданімы!
Мой быў накшталт брані.
Маўляў: “Абарані!
Бо ўражлівы я і ранімы”.
А Жэнем быў я з нараджэння.
Жэнем вярнуўся дамоў.
Матчынае “Жэня!”
мне соладка чуецца зноў.
“Жэня!” – шапочуць хваіны,
Што ў песнях славіў я.
Бярозавыя галіны
шэпчуць маё імя.
Змружыла вейкі стома,
набыўся ў гасцях-людзях.
Я тут спачываю. Я дома.
…А вы ўсё яшчэ ў гасцях?
1995
В. Глінскі
(в. Пількаўшчына)
Апошняе вяртанне
Да 40 дзён з дня смерці Максіма Танка
Вось і ўсё. Ні мары, ні нягоды
Не хвалююць больш ужо цябе.
Ты сюды вярнуўся назаўсёды
І навек знайшоў спакой сабе.
Галаву сваю схіляю нізка
Перад светлым розумам тваім.
Ты ўзышоў ад матчынай калыскі
Да вяршыні славы – на Алімп.
Праз Лукішкі, Вільню, дзе б ні ішоў ты,
Праз усе “Лісткі календара”
Ты вяртаўся ў Пількаўшчыну зноўку,
Майстар паэтычнага пяра.
Ты вядомы ўсім: вяскоўцам, родным,
Як грамадскі дзеяч, як паэт.
Пружанка табе была заўсёды
Быццам Іісусу назарэт.
Колькі ты памог аднавяскоўцам!
Каб паспеў, яшчэ б дапамагаў.
Калькі вершаў напісаў цудоўных,
Колькі іх яшчэ не дапісаў.
У жалобе сёння ўсе жывыя.
Я таксама смутак свой нясу.
Нават і твая “Аве Марыя”
Асцярожна змахвае слязу.
Не знайду такога параўнання,
Выказаць самоту каб маю,
У дзень твайго апошняга вяртання
У Пількаўшчыну родную сваю.
…Вось і ўсё. Ні мары, ні нягоды
Не хвалююць больш ужо цябе.
Ты сюды вярнуўся назаўсёды
І навек спакой знайшоў сабе.
Мар’ян Дукса
Памяці Максіма Танка
Зямляк мой, геній з нарачанскай вёскі…
Было нялёгка на зямлі гасціць.
А твой агонь, які лічыўся Боскім,
чырвоным д’яблам не жадаў свяціць.
Ты не хацеў лічыць агонь палонным
і полымя не шкадаваў свайго.
і нават люд захаладзела-тронны
грэў рукі неаднойчы ля яго.
Ён і дыміўся ў гэткія хвіліны,
і ўпарта кідаў водбліскі наўсцяж –
было цяплей і соснам, і ялінам,
край беларускі асвятляўся наш.
І смех, і плач, і дым, і промень першы –
усё ўзяла душа без берагоў.
Пакутліва вылузваліся вершы
з падпольнай цемры, з ярасці сцягоў.
Ляцелі ўверх нябеснаю дарогай,
іскрыліся, звінелі, як званы.
І колькі раз з ілжываю эпохай
ніяк не рыфмаваліся яны.
Ужо не ззяла вера дыяментам,
начных сумненняў дапякала моль.
Міжволі сціхнуў гром апладысментаў,
і толькі ў сэрца барабаніў боль.
З бядой-журбой застаўшыся сам-насам,
калі ў запасе лічаныя дні,
як хочацца зноў памірыцца з часам,
хоць гэта й час мышынай мітусні…
Ты спіш, накрыты сонцам і блакітам,
ад Нарачы сваёй непадалёк.
Як жаўранак, закалыханы жытам,
спявае над табою твой радок.
Гады ірвуцца, і яны мінуцца,
тваёй жа песні не апасці ніц.
Да роднай маці захацеў вярнуцца,
Адвергшы пантэоны ўсіх сталіц.
Плыве твой голас з вечнага прадоння –
сардэчны, мудры і зямны такі.
А па табе так жаласна – і сёння
ніяк не сціхнуць – плачуць кулікі.
1995
Наталля Дунец
У Пількаўшчыне
Пількаўшчына!
Сцежкаю знаёмай
Да хаціны Танкавай ідзём.
Тут душа так шчыра нарадзіла
Вершы, падказаныя жыццём.
Пра бацькоў, пра родных,
Пра суседзяў.
Гумар ціхі,
Шчодрыя пачуцці.
Так хацеў Паэт,
Каб яго вершы
Усе людзі на зямлі пачулі.
Пількаўшчына.
Мілая мясціна.
Ты заўсёды выглядаеш годна.
Крочым мы да Танкавай хаціны –
Сонца ўсміхаецца лагодна.
Ніна Загорская
Чытаючы Максіма Танка
Быццам дзеючы вулкан,
кожным уздыхам
паэзія
нізвяргае
расплаўленую лаву думак…
Апякае сэрца і розум,
вымушае ісці і ісці…
1975
Паліна Звяруга
Максіму Танку
Не зарасце твая дарога,
Не зацярушацца сляды,
Бо творчасць , што ідзе ад Бога,
Тут будзе помніцца заўжды.
Твой светлы твар і мужны голас,
І дабрыня, і прыгажосць –
І мудрасць – жыта спелы колас,
Усё ў адной асобе ёсць.
Такіх, як ён, на свеце мала,
Для нас адзіны, непаўторны!
Жыццё ламала – не зламала,
Застаўся верны свайму слову.
Я сцежкамі, паэт, іду тваімі!
Тваёю праўдай даражу!
І да апошняе хвіліны
Твой вобраз у сэрцы зберагу.
Казімір Камейша
У Пількаўшчыне
У вянок Максіму Танку
Два дубы схілілі тут чубы,
Пчолка кветку пры гумне гайдае.
Кветкі – не ратунак ад журбы
І па іх свой лёс не разгадаеш.
Сам схілю я моўчкі галаву,
Нібы дзень пабачу той, адсутны.
…Два чаўны па Нарачы плывуць,
Два крыжы выходзяць
ім насустрач.
Нібы цені два, яны ідуць.
Дзень і ноч, і нават век мінаюць.
І куды сцяжыны іх вядуць,
Я не заню.
І ніхто не знае,
Можа, толькі цішыня адна,
Што навісла хмараю над летам,
Таямніцу ведае спаўна
Вечнасці, што суджана паэту.
Дзе яна, адзіная вярста,
Што знаходзіць у жыцці не кожны,
Толькі ў Бога можна запытаць
І яшчэ ў паэта часам –
можна.
Уладзімір Караткевіч
Кнігі
Кнігі- сябры.
Іх кідаюць перш за ўсё:
Яны цяжкія,
Як дзесяць вазоў з цэглай.
І калі над дарогамі
Равуць бамбавозы,
Чалавек нясе з сабою
Не цэглу,
А хіба насавік.
(А мо абыходзіцца без яго.)
Кнігі- сябры,
Іх кідаюць перш за ўсё.
Але потым…
Коштам пайковага хлеба,
Калі знойдзеш на вуліцы пяцьсот рулёў
(Два боханы!),
Купляеш не боханы, якіх дома чакаюць,
Купляеш “Гісторыю Чалавецтва” Гельмальта.
Чалавека,
Унук якога,
Магчыма, расстраляў
Або прымучыў
Твайго адзінага брата.
Кнігі- сябры.
Іх кідаюць перш за ўсё…
І потым,
Галодныя,
Перш за ўсё зноў пачынаюць заводзіць.
Згарэлі бібліятэкі прадзеда,
Дзеда,
Бацькі,
Твая…
Але ты копіш,
Грамаздзіш адна на адну
“Віфліофікі” жонкі,
Сваю,
І дзяцей,
І ўнукаў.
Кнігі – сябры.
Іх кідаюць перш за ўсё,
Каб навек зберагчы,
Як сяброў,
У сэрцы.
Чалавек прыходзіць
З-за далёкіх, чужых нам меж
І здзіўляецца:
“Што вы за нацыя,
Хай вас халера,
Што ні дом – сотні кніг!”
Гэта правільна, дружа,
Іначай бы мы не былі
Ні народам,
Ні нацыяй,
А дзярмом,
Гноем,
Хімерай.
Гэта ведамствы гебельсаў
Толькі хлусілі на нас:
“Дзікуны,
Шайзэланд!”
Але ў гэтым нялёгкім сусвеце
Мы чытаем,
Мыслім,
Мы дзейнічаем,
Мы.
Мы, што больш за ўсіх чытаюць на свеце.
Кнігі-сябры.
Іх кідаюць перш за ўсё.
Але ўсё ж Чалавек
Выходзіць пад бомбы ў дарогу,
Захапіўшы з сабой
Акрым шчоткі зубной
Багдановіча, Танка, Купалу,
І Коласа, й Панчанку,
І Эклезіяста,
І – ў сэрцы – Бога.
Калі здарыцца горшае,
Калі будуць паліць
(А папера палае лёгка і весела),
Мы на памяць завучым,
Каб прапраўнукам не забыць
Усё сваё,
Дарагое:
Наш свет –
Ад сонца да месяца.
Кнігі – сябры.
Іх кадаюць перш за ўсё.
Але ў сэрцы яны застаюцца,
Як памяць нятленная.
Бо яны – гэта мы,
Бо яны –
“Гэта рэкі суць,
Рэкі, што назаўжды
Пяюць вечную нашу ўсяленную”.
Уладзімір Караткевіч
Усход
Максіму Танку
Бы ў першыя дні стварэння,
Цемра, хаос і шал,
Прыбой і туман спадаюць
На труны змрочныя скал.
Плывеш між валоў і бачыш,
Як там, на грані імглы,
Над светам і над табою
Светаносна кружляюць арлы.
Нябачную ўбачыўшы радасць,
Лятуць пад нябесны шацёр,
І рыжае сонца праз падзі
Лавай спаўзае з гор.
За ім мільёны гайдукаў
Ідуць з цямноццем на бой
У зялёных ірваных адзеннях,
З дзідамі за спіной.
Над ашаломленым змрокам
Сведчаннем вечнай вясны
Шумяць пераможна над брызам
Зялёныя лахманы.
Хлусня начной ліхаманкі,
Жах заімшэлых стром
Ў пячоры здыхаць запаўзае
З пераламаным хрыбтом.
І, кроплямі вечнай вясёлкі
Ажывіўшы мёртвы граніт,
Яр магутны з неба спускаецца
На сонечныя прамяні.
Бэзавы спеў сірэнаў
У поўнай сонцам вадзе.
Гульні вясёлых дэльфінаў
Сярод вясёлых людзей…
І толькі яму, адзінаму,
Сэрца я падару,
Адзінаму богу ў свеце,
Адзінаму ў свеце цару.
1972
Якуб Колас
Максіму Танку
Экспромтам
Максіма, па прозвішчу Танка,
Забыць я ніяк не магу:
Паэзія светлага ранку
І нашай зямлі калыханка
Квітнее ў яго мурагу.
Мурог! Ды што за травіца!
І шоўк у ёй мяккі, і лён,
І вечная наша крыніца
З гаючай жывіцай-вадзіцай
Ад бацькаўскіх, дзедаўскіх дзён!
Нясі ж ты, мой дружа, народу
Жывучасць, гаючай зямлі
І песні складай пра свабоду,
І больш паддавай ты ёй ходу,
Каб мы к нашым святам прыйшлі.
26.11.1948
Валянціна Коўтун
Максіму Танку
Пра пакаленні раімся дарма,
Тут пасынкаў няма,
Няма старонніх…
О салаўёў салодкая турма!
О памяць год, –
Імчыць, бы горды коннік.
О памяць ран!
Агонь душы крыляў,
Калі акопы дыхалі радкамі
І калі ўся радзінная зямля
Забінтавана ўласнымі рукамі.
І калі ўсе бярозкі пад акном
Свіціліся знутры гарачым словам…
Буслінае элады вешчы звон –
Такі блакітны ён…
Такі суровы…
Максімаў шлях!
Яму гадоў – няма.
Стагоддзяў хлеб спатольны ў польны будзень.
Пра пакаленні раімся дарма –
Эпохі ёсць.
І як эпохі – людзі.
1983
Тамара Кручэнка
Прыйшла ў край наш горкая навіна:
“Не стала Танка, песняра Максіма”…
Ступаю з хваляваннем на падворак,
Дзе ён бываў і ў радасці, і ў горы…
У бацькоўскі дом ідзём усе сцяжынкай,
Тут вырашыў Паэт зрабіць дажынкі…
Сабраў усіх сваіх ён землякоў:
І пількаўскіх, і сваткаўскіх дзядзькоў,
І з Новікаў, Мацкоў, і Шкленнікова
Прытупалі праводзіць Майстра слова…
І чыйсьці голас:”Ну, вязуць Максіма,
У труне вярнуўся на сваю радзіму…”
У Новіках, на ўзгорку… Тры бярозкі…
Дзядзькі сівыя не хаваюць слёзы.
“Абраў сабе тут месца, наш Максім…
Ён быў сапраўдны Беларусі сын…”
Паэт вярнуўся да матулі Домны.
Ён – дома…
Марыя Лётка
Максіму Танку
З тых далёкіх часоў –
З Нарачанскага краю,
Яго вершы напеўна
Для народа гучалі.
Нялёгкую выбраў
Хлапчына дарогу:
Праслаўляў ён свой край,
Песціў родную мову.
І былі тыя вершы,
Як належыць, ад сэрца.
Аб ім памяць людская
У вяках застанецца.
Уладзімір Ліпскі
* * *
Наглядзеўся за сваё жыццё крыжоў,
замшэлых і свежых.
А гэтыя два,
чорныя і велічныя,
у вёсцы Пількаўшчына,
на Мядзельшчыне,
запомню на ўсе дні жыцця.
У падмурку крыжоў
кароткі надпіс:
“Максім Танк
Любоў Скурко
1912-1995”.
Разам убачылі свет,
у адзін год пакінулі яго.
Я ведаў гэтых сямейнікаў,
заужды зайздросціў іхняй любові
адзін да аднаго,
іхняй чалавечнасці,
мудрасці,
сціпласці…
Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко)-
народны паэт,
акадэмік,
Герой Сацыялістычнай Працы,
лаўрэат Ленінскай прэміі,
ганаровы грамадзянін Мінска…
Як мы ўсе збяднелі без яго!
Ганьба таму, хто гэтага не адчувае.
Гора таму, хто гэтага не разумее.
Сорам таму, хто гэтага не ведае…
З мармуровай пліты перад крыжамі
Я скінуў засохлыя,
прыліплыя,
счарнелыя,
пракаветныя
цурбалкі ад кветак.
Паклаў замест іх белыя ружы.
А мая ўнучка Маша – палявыя краскі.
Ёй, дашкольніцы,
прачытаў словы Паэта,
высечаныя на метале:
Непакой за цябе, зямля мая,
За твой ураджай, спакойны сон,
За дрэва кожнае ў гаях,
За весніх песень перазвон,
Непакой за цябе, зямля мая,-
Мой хлеб надзённы…
Зразумей, Маша, гэты верш.
Запомні, унучка, імя вялікага Беларуса
Максіма Танка! (30.07.2000)
Алег Лойка
У Крынках
У Крынках,
Як колісь з Адамам Міцкевічам
любіцелі мудрасці – філарэты,
Мы п’ём з Максімам Танкам
малако.
Пра Адама Міцкевіча, пра філарэтаў
Максім Танк не ўспамінае,
Бо Крынкі таму і Крынкі,
Што кубкі малака ледзь падымеш,
А збанкі з малаком, гладышы, бітоны –
Упоравень з высокім Танкам.
Танк падымае кубак, вяшчаючы,
Што самая найлепшая прамова –
кароткая,
Каўбаса – доўгая,
І п’е за хату, у якой
ачаг не гаснуў бы ніколі,
кацёл кіпеў бы дасхочу,
а жанчына песні спявала.
І тут гэта і загучала
Крынкаўская кадрыля,
Якую ва ўсе скрыпкі рэзалі
Крынкаўцы,
Ва ўсе бубны бубнілі
Крынцаўцы,
Ва ўсе цымбалы званілі
Крынкаўцы,
Выгукваючы:
“Першае каленца- хлебнае!
Другое – нязрэбнае!..
Трэццяе – малочнае!..
Чацвёртае – талочнае!..
Пятае – “Лявоніха”..”
“Самае лепшае каленца ў Лявоніхі!..” –
Падагульняў Танк,
І ўсе мы смяяліся,
Становячыся мудрацамі.
Слаўнае ў Крынках малако!
Слаўны Максім Танк!
Слаўныя крынкаўскім калгаснікі!..
14.11.1980
Еўдакія Лось
Тэлеграма
А. Куляшову, М. Лынькову, М. Танку
А мне Нарач прыслала вітанне,
Нарач бурна гукнула!..
Не было, здаецца, чытання,
Каб так моцна мяне кранула.
Не было такое спагады,
Пажаданняў такіх высокіх…
О, настаўнікі, будзьце рады
Там, на ростанях сінявокіх!
Там, ля мора Айчыны нашай,
Жывы будзьце вы і здаровы!
У душы, ваш прывет зазнаўшай,
Застануцца цёплыя словы.
Свет мой родны,
Свет верасовы!..
Тэлеграмаю дзень мой сутны…
Я спяшу да чужога паўстанка,
Шлю падзякі лісток трохкутны:
“Куляшову, Лынькову, Танку…”
Балтыка, 12.08.1971
Анастасія Лубнеўская
Прысвячэнне
У вершах Паэта – душа народа,
Шчасце і доля, каханне, святло.
Бруіцца крынічка ў лесе пад голлем,
І бусел махае з нябёсаў крылом.
Максім Лужанін
У дарогу Максіму Танку
Стаялі.
Плакалі.
Ўздыхалі,
Здароўкаючыся моўчкі з ім…
А ён – па асмутнелай залі
Ужо не сам ішоў,
Максім.
Я першы раз быў ім узрушан
У галадуючай Маскве.
Палез у стол, дастаў асушак:
“Ламаць не будзем, еш увесь”.
Падумаць толькі!
Нібы ўчора
Я растрывожыўся душой,
Пачуушы ў трубцы голас хворы,
Я хутка ўстаў…
А не дайшоў.
А не паспеў…
Сам-насам з горам,
Яшчэ не кемячы – з якім!
Адчуў той свет,
Што быў ім створан
Як гэта мог адзін Максім.
Свет, злучаны зямлёю з небам,
Свет, стаўшы храмам зіхаткім,
Дзе душу, як асушак хлеба,
Не дзеляць – аддаюць зусім.
Дзе робіцца сваім чужое
Няшчасце, што ўціскае дом,
Дзе, перамогшы, рану гоім
Ідзём і, плачучы, пяём.
І твая песня падымала
Да мужнасці, да хараства
Даўно нам гэткіх неставала
І доўга будзе неставаць.
Мікола Мятліцкі
Памяці Максіма Танка
На радзіму, сюды, дзе юнацтва сцяжыны,
Праз аснежанасць зім, спёку страчаных лет,
Як у вечнасць сваю – у чаўне дамавіны
Жніўным шляхам жыцця адплывае Паэт.
І дарога наўсцяж – закалыхана жытам,
І нябёсы ў аблоках – сівыя багі.
І зіхоціцца Нарач таемным блакітам:
Едзе зноўку дадому пясняр дарагі.
Ён на бераг-сыпчак выйшаў некалі ранкам,
Вёрсты мераў не раз праз бары і палі.
І над хваляй сівой ахрысціў сябе Танкам,
Каб бясстрашна крышыць вершам зло на зямлі.
Іскрамётным радком, як агністай паходняй,
Быў асветлены шлях між жыццёвых нягод.
Чуўся голас усёй Беларусі Заходняй,
Гнеўна пілячы краты, іскнуўся на ўсход.
Ў дзень народзін яго – найслаўнейшага сына –
Лёс адкрыўся жыццю на чатыры бакі:
Непадзельна святой стала наша Айчына,
Каб ступіць на абсяг і прайсці праз вякі.
Ўслед сыходным усім бліскавіцам- маланкам
Пазіраў ён цяпер у захмараны свет.
На шырэчах яго слыў узрушліва Танкам –
Беларускай зямлі міралюбца- паэт.
І схіляўся не раз над святынямі ў скрусе
На чужых кантынентах расчулены ён.
І натхнёна тварыў, каб маёй Беларусі
Мужны голас паўсюд быў у свеце чуцён.
Як стамлёны хадок, што папросіцца нанач,
Тут прылёг ля азёр і знаёмых хацін,
Каб у родным кутку, дзе хвалюецца Нарач,
Заірдзела душа ў спелі гронак рабін.
Аляксандра Назарэнка
Пясняр
На Мядзельшчыне ён з’явіўся,
З Радзімай лёс свой паяднаў.
Для новых вершаў нарадзіўся,
І светлы шлях сабе абраў.
Ён славіў сонейка і маці,
І хваль блакіт, і неба ўзлёт.
І хлеб у печы ў роднай хаце,
І казкі, што любіў народ.
Пятро Прыходзька
Глыток нарачанскай вады
У вянок Максіму Танку
Аднойчы ранняю вясною,
Далёка ад сталічных з’яў,
Над Нараччу я пад сасною
Адзін на беразе стаяў.
Вясна на крыгах адплывала
Далей – не разлядзець куды, –
І з-пад ільдзінкі я адталай
Далонню зачарпнуў вады.
Празрысты, як сляза, крыштальны
І светлы быў яе глыток,
Як вечны і невычарпальны
Для ўсёй паэзіі выток.
Акінь вачыма і пабач ты
Максіма Танка родны кут.
На белых ветразях пад мачтай
Ішлі ад сэрца вершы тут.
Свае зіму, вясну і лета
Па кроплі піў я – з той вадой,
З радзімай слаўнага паэта
Дзяліў і боль і смутак свой.
1995
Яўгенія Пфляўмбаўм
Максіму Танку
Жыві, адужвай, чалавеча,
Ты маеш права на вякі,
Табе стыхія не пярэчыць,
Калі бярэшся за радкі.
Сціхае Нарач, моўкне вецер,
Ласкава хіляцца бары,
Нібыта ты – адзін на свеце,
І ўвесь сусвет – твае сябры.
Такая поўня ў словы чыстым,
І не стыкаецца нідзе
Несфальшаваная вячыстасць
З узмешкай добрай да людзей.
1967 год.
Я гэтых слоў не адаслала –
Дыхнуліся шмат год назад…
Цяпер жа, як цябе не стала,
Дарожны сшытак свій дастала,
Да Нарачы абліччам стала,
А можа, стрэну твой пагляд.
1995 год.
Виктор Носов
Песня Максиму Танку
За песнь твою, сын славной
Беларуси,
Поэт с большой, нелегкою
судьбой,
Тебе я нынче низко
поклонюся,
Негромкой поэтической
строкой.
За песнь, что путь взяла в
краю озерном.
Рвалась к свободе, кандалы
рвала,
Была простой, приветливой и
скромной,
В борьбе за правду
знаменем была.
В сентябрь багряный,
обретя свободу,
Освободившись напрочь от
оков,
Она влилась в стоустый хор
народов,
В многоязычье древних
языков.
Ликуя в каждой хате, в
каждом доме,
Под звон цимбал, в годину
торжества,
Сестрица-песнь, мне близкая
до боли,
За дружбу тост свой гордо
подняла!
Вдруг лай моторов расколол
тишь неба…
Внезапно враг обрушил
шквал свинца!!!
И песнь дралась, сражалась
до Победы
С ордой фашистской
насмерть, до конца.
Разбив врага, еще шинель
не сбросив
С своих усталых
обожженных плеч,
Песнь шла туда, где было
нужно очень,
Как на войне, в работе
подналечь!
Она жила и в шахте,
и на стройке.
В колхозном поле, в цехе
заводском,
Где радовались, плакали
девчонки,
Смахнув слезу озябшим
рукавом…
И вот теперь, когда наш
край в смятеньи.
В пределах близких
льется кровь людей.
Звучит набатно песнь
за единенье
Распятой чернью Родины
моей.
Міхаіл Семяновіч
На Нарачы
Лёгкі ветрык над Нараччу,
Крыкі чаек чуваць над вадой.
Плёскат хваль,
цішыня і спакой –
Як тут хораша марыцца!
Яніна Скроцкая
Мядзел чакаў Паэта…
Мядзел чакаў Паэта…
Прыцішана зала гула.
Ведалі: ён са шляху
Звярнуў да свайго двара.
Пількаўшчыны сцяжынкі
Паклікалі, як калісьці.
Бачна, хацелася вельмі,
Па родным двары прайсціся,
Зірнуць на магілы продкаў,
Адчуць роднай хаты пах,
Суседзяў былых пабачыць,
А потым прадоўжыць шлях.
Апошняе падарожжа
У родны азёрны край,
Які у сваіх паэмах
І вершах не раз усхваляў.
Даўно ўжо сустрэча гэта
У гісторыю адышла.
Мядзел чакаў паэта…
Сустрэча апошняй была…
Алесь Ставер
Адзінокі дуб
Максіму Танку
У сяле Маргавіца жыў юны скрыпач, –
А было гэта даўна-прадаўна,-
Дужы быў у плячах,
Сілу меў у руках
Ды іграў ён на скрыпачцы слаўна.
Як па струнах, бывала, смычком павядзе,
Занямеюць у лузе бярозы.
Ад мелодый такіх
Маладыя жанкі
Выціралі хусцінкамі слёзы.
Дух бадзёрасці быў у ягоных грудзях,
Не губляўся ў любую хвіліну.
Ён аднойчы спаткаў
І душой пакахаў
Чарнабровую кветку-дзяўчыну.
Колькі ночак правёў ён ля хаты яе…
Галасілі пявучыя струны…
Як хацеў, каб яна
З ім была ля акна
Да грудзей прытулілася юных…
А яна не ішла, пазбягала яго:
Ёй другі ў тыя дні спадабаўся.
Хлопец вянуў і чах.
Горкі сум у вачах
Кожны бачыў, хто з ім сустракаўся.
З рук валілася ўсё.
… і прайшла весялосць,-
Жыць яму стала дужа няміла.
А яна той зімой
Разам з скрыпкай сваёй
На вяселле яго запрасіла.
Граў вяселле яе. Шчырым голасам струн
Гаварыў аб гарачым каханні.
За бяседным сталом
Пад вясельным вянком
Не стрымала дзяўчына рыданняў.
Пражыла ўсё жыццё без турботаў яна.
Яго іменем сына назвала.
Ён другіх не кахаў,
Ўсё яе ўспамінаў,-
Сэрца меў, што адну пакахала.
Скрыпку дзесьці закінуў ён. Жыў бабылём –
Без сумеснага шчасця, без мілай.
Трыццаць меў усяго,
Як хавалі яго…
Дуб магутны узрос над магілай.
Ні буранам, ні громам яго не зламаць,
Спадарожніку шлях ён азнача.
Аб жыцці скрыпача
Дуб шуміць па начах
І, як скрыпка, спявае і пдача.
1967
Анатоль Сыс
Маналог “тутэйшага”
Ахвярую Максіму Танку
Люцыян, уяві, ты адзін,
ты застаўся адзін на Славяншчыне,
і нікога няма, паглядзі,
і нічога з Купалавай спадчыны,
і забралі жанчыну тваю,
віна налілі ёй атрутнага,
загадалі: адпі за сям’ю,
а да дна – за радзіму акрутную,
і сканала жанчына твая,
і памерла радзіна апошняя,
і паглохлі зязюлі ў гаях,
а ў нябёсы ўсмакталіся коршакі,
захлынуўся крывёю Пярун,
зразумеўшы ў запозненым плачы,
як сваёю крывёю Гарун
і ягоную кроў прадбачыў,
і зліліся ў адну раку
і атрута, і кроў, і слёзы,
і на выспу, як на руку,
селі коршакі, як залозы.
А ў тваім, Люцыян, Дняпры,
што жывіў спакон веку гоні,
тры русалкі, славянкі тры
янычаравых мыюць коней,
а ў тваім, Люцыян, Сажы
на грудзёх з камянём пудовым
твой апошні паэт ляжыць,
бы ў труне – у Сажы лядовым.
Ты адзін, ты адзін, ты адзін,
ты застаўся адзін на Славяншчыне,
і Радзіма твая, паглядзі, –
русакосая Янычаршчына,
а калісьці ты гаварыў,
а калісьці ты нават кляўся:
не патухне Зніч на Гары!
Ён патух. Ты яму пакайся
за ягоны пакутны прах,
за Радзіму сваю нявінную,
янычыры яе ў палях
крумкачам ды ваўкам пакінулі,
ты пакайся за свой спакой,
што зубамі не груз вяроўку,
бо здушыўся і ты на ёй
ад жывёльнага поту мокры,
кайся, кайся за свой жывот,
не забудзься і пра Купалаў,
бо цяпер ты адзін – народ,
быццам храм на шляху вандалаў.
ДЫ ПАКУЛЬ ТЫ ЯШЧЭ ЖЫВЕШ,
ЗАПАЛІ ПРАД КУПАЛАМ СВЕЧКУ,
ПРАЧЫТАЙ І СПАЛІ МОЙ ВЕРШ.
А ВАНДАЛАМ СКАЖЫ:
Я ВЕЧНЫ!
1989
Раман Тармола- Мірскі
Закалыханы жытам
Максіму Танку
Не памёр! Закалыханы жытам,
Як дарога, па якой хадзіў,
Моцна спіць ён, кветкамі накрыты…
Ты яго, прахожы, не будзі.
Чым яго здзівіць сягоння зможаш?
Лепшае – ўсё той жа краявід,
Блаславёны ім і вокам божым,
Цяшыня без роспачы і крыўд.
Хваля нарачанская ласкавей
Самых лепшых і людзй і слоў,
Хай жывыя рупяцца аб славе.
Ім далёка да ягоных сноў.
Сны ж каб разгадаць (ізноў жа сёння),
Трэба не хаваць у сэрцы шрам,
Трэба мець свой беларускі соннік,
А найперш – не спаць у шапку нам.
І, крый Божа, клюнуць на прыманку,
Што “ўгары” яму ўсе сваякі:
З танкамі не раз ішлі на Танка
“Родзічы”, ахоўнікі трасянкі,
І бязродныя баевікі.
З гэтых высевак духоўных бомжаў
І пячэцца наш дзяржаўны хлеб.
Спі, паэт, пакуль на раздарожжы
Твой народ зняверыўся, аслеп…
Якаў Хелемскі
Свеціцца Нарач
Максіму Танку
Дым бензінны развеяўся
На смалістых вятрах.
І святлее ад верасу
І ласкавых барах.
Сцежка пудкаю пліскаю
Шум у засень нясе.
І чарнічка паблісквае
Ў звечарэлай расе.
Ад сасны кожнай
Ценькі
Цень,
Нібыта ўспамін,
Зажурыўся.
Апенькі
Сціхліся ля сцяжын.
Сонца просіцца нанач
Да лугоў- паплавоў.
Ціха свеціцца Нарачанскіх
Між асмуглых ствалоў.
1983
Пераклад з рускай Рыгора Барадуліна
Галіна Швайкоўская
Дзень добры!
Дарога-стужка векавога бору
Вядзе нас да радзімы песняра.
Здаецца, соснам
мала зноў прасторы,
І рвуцца ўвысь, як песня гусляра.
Калісьці быў тут,
каля стромкіх сосен –
Натхнялі на цудоўныя радкі.
За летам прабягала следам восень,
Зіма кідала белыя шматкі.
Паэт спяваў адвечны
гімн прыродзе:
Азёры чулі, рэкі і палі.
Каб жыў вякамі
наш народ у згодзе,
І ў шчасці поўным
на святой зямлі.
Дзень добры,
край Максіма Танка!
Душой з табой, калыска песняра.
Хачу, каб ад світанку да світанку
Яго паэзія нас па жыцці вяла.
Віктар Шніп
Балада Максіма Танка
(17.09.1912-7.08.1995)
У Максіма была, як няволя, Радзіма,
Але тая няволя любіла Максіма,
А Максім нарачанскія сосны любіў,
Быццам гліну, з якой гэты свет сатварыў
Наш Пан Бог, для якога сягоння ўсе мы
Як праталіны ў снезе сусветнай зімы…
Ад Максіма для нас засталася Радзіма,
Без якой аніхто тут не ўспомніць Максіма…
14.06.2003
Нарач Максіма Танка
Золата поўні на вадзе нарачанскай
сцяжынай вугровай
і ты ідзеш па гэтай сцяжыне
у Саргасава мора
каб сказаць вуграм пара вяртацца
у кропельках расы
дзе сонца начавала
ты бачыш нарачанскіх анёлаў
пра якіх ведаеш толькі ты
бо яны прыляцелі з тваіх вешаў
галавешкі ў вогнішчы
як залатыя зліткі
якімі ты заплаціў нарачанскаму вечару
за добры настрой і сяброў
белыя лебедзі як белыя вершы
жывуць на Нарачы
і толькі табе давяраюць
белыя вершы як белыя лебедзі
пачуць дыханне сваё і вечнасці
плывеш па Нарачы ў чаўне
як Ной у каўчэгу
праз туман як райскі сон
што сніцца Богу
сосны як калоны беларускага Храма
які ты стварыў з вершаў
і калі ты пайшоў у вечнасць
над Нараччу як у Храме тваім загучала
і сёння гучыць твая “Авэ Марыя”
вецер замёў сцяжыну да Нарачы
лісцем як лісткамі твайго календара
які выпаў з тваіх рук
як камень жалеза золата
як хвалі Нарачы
23.03.2012