Вайна. Пасляваенны час. Апошнія гады жыцця

Вялікая Айчынная вайна застала паэта ў Беластоку.  Апошнім цягніком яму з сям’ёй удалося выехаць на Усход, у Саратаўскую вобласць, дзе М.Танка запісаўся ў апалчэнне, каб пайсці на фронт, але Галоўнае палітупраўленне Арміі накіравала яго разам з П. Броўкам і А. Кучарам на работу ў газету “За Савецкую Беларусь”.

 

У рэдакцыі паэт быў да чэрвеня 1942 года, а затым М.Танка прызначылі адказным сакратаром партызанскага сатырычнага агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”.

На старонках сатырычнай газеты-плаката М. Танк змагаўся з ворагам трапным подпісам пад карыкатурай ці малюнкам, сатырычным апавяданнем і казкай, палітычным памфлетам і палымянымі вершамі:

Не шкадуйце, хлопцы, пораху,
Куль гарачых і гранатаў.
Усе, каму свабода дорага,
Падымайцеся на ворагаў
На катаў!

У цяжкія дні  вайны М.Танк узяўся за стварэнне паэмы аб гераічнай партызанскай барацьбе нашага народа – “Янук Сяліба”. Паэма асобным выданнем выйшла на беларускай мове ў 1943 годзе, а праз год – на рускай мове. Паэма расказвае пра складанасць барацьбы супраць узброенай да зубоў гітлераўскай арміі, пра няўдачы і ахвяры патрыётаў і радасць першых перамог.

Вершы паэта, напісаныя ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, аб’яднаны ў зборніку “Вастрыце зброю” (1945) і часткова ў кнізе “Праз вогненны небасхіл” (1945). Большасць з іх вызначаецца публіцыстычнай накіраванасцю, высокім грамадзянскім пафасам і рамантычнай прыўзнятасцю.

Максіма Танка моцна цікавіла праблема нацыянальных традыцый, значэнне культурнай спадчыны ў жыцці нашага народа. Таму з’явіліся такія творы, як “Родная мова”, “Беларусь”, “Адыходзячы з хаты”, “Мы ў свой горад прыйшлі” і іншыя. Як казаў сам аўтар ужо на прыканцы свайго жыцця: “ … Ідэя беларушчыны… Я хачу ўкрапіць яе ў свае творы, каб яна была як вітаміны ў ежы: не так вылазіла са сваімі вушамі, але каб дзейнічала… Вось што сама небяспечнае – каб мы наша святое слова не зацёрлі. А яно пачынае сцірацца. У мяне нават верш ёсць, у якім я гавару: перш чым вымавіць гэта слова, трэба, як воіну перад бітвай, апрануць чыстую кашулю. Я баюся, каб не стала разменным тое, за што змагаемся. Ад частага ўжывання, бяздумнага, лёгкага. Ужо калі ўспомніў, то ўспоўмні, каб яно засталося ў памяці не толькі тваёй…”

З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц,
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
І з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго,-
Ты выткана, дзіўная родная мова.

                            “Родная мова”, 1943 г.

Закончылася Вялікая Айчынная вайна, пачаліся гады мірнай, стваральнай працы. М.Танк актыўна ўключаецца ў культурнае жыццё рэспублікі. Будні паэта запоўнены творчасцю, работай у газетах і часопісах, выдавецкімі клопатамі. Некалькі гадоў супрацоўнічае ён у сатырычным часопісе “Вожык”, а з 1948 года яго прызначаюць галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”.

Асобнымі выданнямі выходзяць “Галінка і верабей” (1946), “Казка пра мядзведзя” (1947), паэма “Нарач” (1947). Творчым дасягненнем паэта з’яўляецца першы пасляваенны зборнік “Каб ведалі” (1948), які заслужана адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР.

Да 1966 года Яўген Іванавіч быў галоўным рэдактарам літаратурна-мастацкага часопіса “Полымя”. За час работы ў рэдакцыі ён зарэкамендаваў сябе як адзін з найбольш талерантных і дэмакратычных кіраўнікоў.

З 1966 па 1990 гады Максім Танк узначальваў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Быў дэпутатам Вярхоўных Саветаў СССР і БССР, Старшынёй Вярхоўнага Савета рэспублікі VІ-VІІ скліканняў, членам Савецкага камітэта абароны міру, шматлікіх грамадскіх арганізацый.

Вынік напружанай творчай працы ў пасляваенныя гады – больш чатырох дзесяткаў кніг, пазначаных высокім паэтычным майстэрствам, адметных глыбокім філасофскім зместам. Паэзія Максіма Танка – уся ад зямлі, ад лёсу людскога. Адны ўжо назвы яго кніг гучаць, як песня жыцця – “На камні, жалезе і золаце” (1951), “У дарозе” (1954), “След бліскавіцы” (1957), “Мой хлеб надзённы” (1962), “Глыток вады” (1964), “Перапіска з зямлёй” (1967), “Ключ жураўліны”  і “Хай будзе святло” (1972), “Дарога, закалыханая жытам” (1976), “Прайсці праз вернасць” (1979), “Дарога і хлеб” (1988), “Мой каўчэг” (1994).

Танк мог напісаць пра ўсё. У яго вершах заўсёды Жыццё. Яно ўслаўляецца, яно абараняецца і сцвярджаецца.

Калі горыччу
Перапоўнена сэрца
І дыхаць, і жыць немагчыма, здаецца,
Заўжды ўспамінаю
Сасну
Над абрывам,
Падсечаную нарачанскім прылівам.
Сасну, што трымаецца рэшткай карэння
За грунт,
А вяршыняй сваёю высокай
Да сонечнай цягнецца
Высі праменнай,
Над тонню смяротнай
калыша аблокі.

 

Пра што б ні пісаў паэт, у якія далечы ні сягала б яго натхненне, ён ніколі не забываўся пра дарагі яму і запаветны край, сваю Радзіму. Бо ад нарачаснкіх прастораў, ад роднае зямлі, бацькоўскай хаты, ад песень і казак народа і пачыналася паэтава любоў да Беларусі.

Ёсць куток на зямлі,
Дзе крыніцы звіняць,
З трыснікамі гавораць азёры,
Дзе на кожнай сцяжыне
Курганы стаяць,
Векавечным парослыя борам.
Ёсць куток на зямлі
Казак, песняў, і мар,
І вясёлкавых, красачных сноў,
Дзе і папараць нат
Расцвітае-гарыць
У купальскую ноч.
Ёсць куток на зямлі:
Дзень адзін пражывеш –
Назаўсёды цябе зачаруе.
І дзе б ты ні хадзіў,
Кім бы потым ні быў,
Сум-тугу за тым краем пачуеш.

 

 

А ён быў рамантыкам. Рамантыкам, які ў маладосці паверыў у лозунгі сацыяльнай справядлівасці і светлай будучыні. Рамантыкам, які ў старасці верыў у непераможную моц сяброўства і кахання.

Вельмі важнае месца ў творчасці Максіма Танка адводзіцца МАЦІ, Домне Іванаўне, якая вельмі моцна любіла свайго Жэню, і ён гэта адчуваў. Праз шмат гадоў напіша, як яна гадзінамі прастойвала ў чарзе, каб передаць сыну за краты перадачу. Вершы пра Маці, самага роднага і блізкага чалавека, прасякнуты любоўю, і іх нельга чытаць без слёз.

Іх цалавала зямля
Сваімі пясчанымі вуснамі
І каласамі;
Неба спякотай, вятрамі, дажджамі
Іх цалавала.
Пража нямала
З іх выпіла ў ночы бяссонныя
Свежасці ранняй.
Колькі яны запалілі світанняў.
Зораў над намі.
Колькі сягоння на іх
Віднеецца чорных, глыбокіх
Шрамоў і маршчынаў,
Гэта сляды, што навекі пакінуў
Шлях наш суровы.
Толькі заўсёды,
Як мы зберымся дамоў
І на стол пакладзе рукі маці,
Быццам ад сонца, ад іх пасвятлее ў хаце
І ў сэрцы.

Домна Іванаўна мела цудоўную памяць. Гэта з яе вуснаў, ён упершыню пачуў казкі і вершы Пушкіна, якія ў 10 год ужо чытаў напамяць. Маці ніколі не папракне сына і не дасць папракнуць іншым за выключэнне яго з Радашковіцкай і Віленскай гімназій, за рэвалюцыйную дзейнасць. Ён будзе зноў і зноў вяртацца ў родную Пількаўшчыну, дзе маці заўжды чакала свайго Жэню.

Максімам Танкам пражыта жыццё вельмі нялёгкае і няпростае, зведана безліч пакут і горычы, момантаў крайне небяспечных і драматычных. Можна сказаць так: усё, што выпала ў ХХ стагоддзі на долю яго народа, – дасталося ў пэўнай меры і яму.

 На заканчэнне, як запаветны прыклад нашчадкам – споведзь жыцця майстра слова:

Я не лічыў бы салдатам сябе,
Каб не гатоў быў прайсці
Праз няўдачы…
Я не лічыў бы аратым сябе,
Каб першы град
Мог скасіць маю веру ў калоссе,
І не лічыў бы паэтам сябе,
Каб кожны мой дзень
Не быў днём нараджэння.

“Я не лічыў бы сябе…”, 1962 г.