Максім Танк - дзіцячы паэт
Максім Танк вядомы і як таленавіты дзіцячы паэт. Ён пісаў пераважна для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. Для іх выдаў кніжкі казак і вершаў.
Вершы пра дзяцей і для дзяцей паэт пачаў друкаваць у 1937 годзе ў дзіцячым часопісе “Снапок”. Паэт не толькі садзейнічаў навучанню дзяцей роднай мове, але і выхоўваў у іх пачуцце патрыятызму, нацыянальнай гордасці.
Выйшла некалькі кніг паэта для дзяцей. Першы зборнік твораў для дзяцей “Галінка і верабей” убачыў свет у 1951 годзе, потым выйшлі кнігі вершаў і казак паэта “Сярод лясоў наднёманскіх”, “Вершы”, “Ехаў казачнік бай”, “Блікі сонца ”, “Журавель і чапля”. Асобнымі выданнямі выходзілі творы “Лемантар”, “Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіню” і інш.
У вершах шмат вобразоў вясны, зімы, сонца, нас чаруе непаўторнае хараство і веліч роднай прыроды. Родная зямля і мова прыгажэйшыя і багацейшыя за усё тое, што Максім Танк убачыў у час далёкіх падарожжаў. Ён нібыта гаворыць у сваіх вершах дзецям: любіце свой край, сваю зямлю, сваю мову.
Ёсць такая зямля, дзе крыніцы звіняць,
Пераліўчата ззяюць азёры,
Дзе стаяць веліканы – капцы-курганы,
Векавечным парослыя борам.
Ёсць такая зямля казак, песень, якіх
Больш нідзе не пачуць, не знайсці…
У вершах паэт вучыць дзяцей беражліва адносіцца да прыроды. Верш “Як збіраць кветкі”:
Адна кветка – для пчолкі,
Другая – для матылька,
Трэцяя – на букет.
Адна ягадка –
Для мядзьведзькі,
Другая –
Для жураўліка,
Трэцяя на абед.
У паэта ёсць вершы, якія дапамагаюць знайсці адказы на пытанні: “Над чым думае варона”, “Хто самы старэйшы”, “Чаму”, “Чаму настаў вечар”, “Чаму птушкі лётаюць”…
У Максіма Танка есць выдатныя вершаваныя казкі для дзяцей – “Казка пра мядзведзя”, “Казка пра Музыку”, “Журавель і чапля”, “Жук і слімак”, “Чарапаха і кабан” і інш. Менавіта казкі аказваюць вялікі уплыў на фарміраванне духоўнага свету дзіцяці:
Матчыны казкі,
Яны вучаць
Родную мову любіць,
На крылах юнацтва
Уздымацца пад хмары,
З няпраўдай змагацца,
А з праўдай дружыць
І аб недасяжным
І сонечным марыць…
“Матчына казка”
Творы Танка для дзяцей цесна звязаны з фальклорам, з нацыянальнымі вытокамі. Так, верш “Іван-ды-Мар’я” расказвае гісторыю назвы кветкі іван-ды-мар’я, верш ”Ля вогнішч начлежных” знаёміць з легендай утварэння Нарачанскіх азёр:
Ля вогнішч начлежных
І ля невадаў
Чуў гэту легенду я часта
Ад гатаўскіх сосен
І ад рыбакоў
Пра Нарач, Баторына, Мястра…
Вельмі цікавы твор “Быліна пра касмічнае падарожжа Мураша Бадзіні”. Мураш Бадзіня часта марыў пра вандроўку ў захмарныя прасторы, і хоць ніхто яму не раіў рызыкаваць дарэмна, але пераадолеўшы вялікія цяжкасці, мураш дабраўся да Байканура, злётаў на караблі ў космас, вярнуўся дадому у мурашнік:
Нагледзеўся ён столькі
У палёце дзіўным гэтым,
Што нат сябрам не мог бы
Усё расказаць за лета.
І сёння, калі часам
Заглыбіцеся ў нетры,
Дзе векавыя хвоі
Шумяць над веснім ветрам,
Дзе Нарач хвалі сініць
І звон стаіць птушыны
Пачуеце вы гэту
Пра Мураша быліну.