Каханне пранеслі праз усё жыццё…
Асаблівае месца ў жыцці паэта займала сям’я: жонка Любоў Андрэеўна і дзеці – сын Максім і дачушкі Ірына і Вера. Любоў Андрэеўна Асаевіч нарадзілася ў 1912 годзе і была родам з в. Новікі, якая знаходзілася недалёка ад хутара, дзе паявіўся на свет і паэт. Бацькі дзяўчынкі яшчэ раней пераехалі ў Вільню – тагачасны цэнтр грамадска-палітычнага і культурнага жыцця Заходняй Беларусі. Максім Танк здымаў у іх пакойчык падчас навучання ў гімназіі. Магчыма, з таго часу і з’явілася ў яго светлае пачуццё да дзяўчыны:
Я помню крылы вашых рук,
Сукенку з воблакаў лятучых
І басаножак гулкі стук
На лесвічнай бетоннай кручы,
Свой страх, калі прынёс букет:
Хаця б ніхто не мог дазнацца,
Што закахаўся ваш сусед…
Калі польскія ўлады кінулі Яўгена Іванавіча за краты ў Лукішкі, Любоў Андрэеўна аказалася адной з тых, хто не адвярнуўся ад паэта. Яна прыносіла перадачкі, а яе лісты сагравалі сэрца ў халодных сценах камеры.
Дзе б ні жыў паэт – у Вільні, Вілейцы ці Беластоку – яго падтрымлівала дарагая Лю (так называў сваю каханую Максім Танк). Дасылала любімыя кнігі, была яго галоўным крытыкам: “Учора прыйшла паштоўка ад Лю. Піша, што ёй спадабаліся мае апошнія вершы (“Калі хочаш…”, “Зноў загарэліся сосны”, “Марозны, белы вецер…” і інш.).
Знаходзячыся ў разлуцы, Яўген Іванавіч нецярпліва чакаў магчымасці спаткацца з ёю: “Чакаю прыезду Лю. Зараз няма ў мяне нікога з блізкіх, з кім мог бы падзяліцца сваімі думкамі. Нават, у турме, у адзіночцы, я знаў, што за сценамі – мае сябры, з якімі магу перастуквацца. Здаецца, яшчэ ніколі такіх беспрасветных і глухіх дзён не было” (Вільня, 1938 г.).
Пажаніліся яны ў 1940 годзе ў Вілейцы. Любоў Андрэеўна была адукаванай жанчынай, валодала беларускай, рускай і польскай мовамі. Яна добра разумела паэзію і была першым слухачом творчасці Танка, яго першым крытыкам і цэнзарам.
Маладая сям’я перажыла і цяжкія гады вайны. Яўген Іванавіч з жонкай эвакуіраваліся на ўсход, а бацькі аказаліся пад нямецкай акупацыяй. Уладкаваўшы жонку з малым сынам Максімам (1941 года нараджэння), паэт вярнуўся на захад, дзе працаваў франтавым карэспандэнтам. У 1945 годзе 1 чэрвеня нарадзіліся ў пары дачушкі-блізняткі, Вера і Іра.
З успамінаў сына Максіма Танка, Максіма Яўгенавіча Скурко: “Клопат пра сям’ю у яго быў проста паталагічным. Нехта захварэў, нават на нешта нязначнае, напрыклад на ангігу, дык ён ужо ходзіць, пытаецца пра тэмпературу, звоніць урачам, знаёмым. Ён да гэтага амаль хваравіта адносіўся – не дай Бог, каб штосьці здарылася ў сям’і. Вось гэта найперш яго характарызавала”. Нягледзячы на вялікую занятасць, дапамагаў жонцы па гаспадарцы – гатаваць ежу, мыць посуд, даглядаць дзяцей. Сам паэт жартаваў: “Як я пішу? У мяне ж двойня. Хлопцы! Дзве дзяўчынкі – Іра і Вера. Адну я трымаю на правай руцэ, другую на левай, а ззаду на шыі вісіць Максім, сын. Побач жонка грыміць каструлямі і тазамі – пакой адзін. І я пішу… нагой, левай”.
Сын узгадваў, што ніколі не бачыў, каб маці чысціла бульбу: гэта быў абавязак бацькі. Максім Танк умеў рабіць па дому многае – і электрыку, і сантэхніку (гэтаму ўсяму навучыў яго бацька – Іван Фёдаравіч, майстра на ўсе рукі). А яшчэ паэт плёў кошыкі з кораню сасны – “добрыя атрымліваліся, нават вада не працякала”.
У адным з позніх вершаў “Прасвет” (1994) паэт з замілаваннем узгадвае маладосць, калі зараджалася каханне да будучай жонкі.
Ну як с табой памілавацца?!
У мерзлым віленскім пакойчыку
Сядзіць ля грубкі твая маці
Са сваім неадлучным коцікам
І пераматвае пражу,
Як Пенелопа,
Вяжа,
Вяжа…
Глянь, Лю, мароз крапчае хіба,
Замаляваў акно малюнкамі…
І мы адаграем на шыбе
Прасвет сваімі пацалункамі.
Яўген Іванавіч вельмі трапятліва адносіўся да сваіх дзяцей. Сын Макісм Яўгенавіч па прафесіі хімік, да пенсіі працаваў вучоным сакратаром Інстытута біяарганічнай хіміі Акадэміі навук Беларусі. Сын Максіма Яўгенавіча – Максім (1965 г.н.) жыў у Мінску, працаваў у аўтасервісе. У яго ёсць сын Яўген (1985 г.н.) (праўнук Максіма Танка), які мае дзвюх дачок (прапраўнучкі Максіма Танка): Наталлю (2002 г.н.), Валерыю (2011 г.н.).
Дачка Вера была таксама хімікам, памерла ад рака лёгкіх у 1991 годзе.
Дачка Ірына па прафесіі біёлаг. Яе муж, Пачанін Юрый Сцяпанавіч, кандыдат фізіка-тэхнічных навук, дацэнт БНТУ. Вырасцілі двое дзяцей: сын Сяргей (1973 г.н.), закончыў радыётэхнічны інстытут, па прафесіі інжынер-канструктар, і дачка Кацярына (1982 г.н.), закончыла Беларускую палітэхнічную акадэмію, жыве і працуе ў Велікабрытаніі.
Яўген Іванавіч збярог юнацкае пачуццё да сваёй Любашы на ўсё жыццё. Любоў Андрэеўна апошнія гады свайго жыцця правяла і інваліднай калясцы. Паэту самому было цяжка хадзіць, але ўвесь час ён быў з жонкай, варыў есці, мыў посуд. Яны пастаянна спрачаліся: кожны хацеў памерці раней. Але ў гэтай невясёлай спрэчцы “перамагла” Любоў Андрэеўна. Максім Танк вельмі цяжка перажываў смерць каханай:
А вось, што часінай трывожнай
Не змог аблягчыць твайго болю,
Пасля ўсіх амністый – і Божай –
Сабе не дарую ніколі.
Як і дамаўляліся з жонкай, пасля яе смерці яе крыміравалі, а ўрну з прахам паэт паставіў у тумбачку каля свайго ложка. І калі паэт памёр праз чатыры месяцы, урну з прахам Любові Андрэеўны паклалі ў магілу да мужа.
А час зямны наш прамін,
Згасіўшы сонца дыск на ўсходзе,
Дамовімся: ты-да мяне,
Я-да цябе і ў снах прыходзіць.