Максім Танк быў чалавек святла...

Асобна хочацца затрымацца на ўспамінах пра  Максіма Танка як Чалавека. Узгадаць многае з таго, што было сказана у адрас паэта, яго сябрамі, роднымі, калегамі.

 Мікола Мікуліч.

“…Асабліва часта прыгадваецца яго светлы вобраз, калі сутыкаюся з чэрствасцю і абыякавасцю, прыстасаванствам і крывадушнасцю ў жыцці, а тым больш адкрытым хамствам і хлуснёй. Ён паўстае нязменна ў абрамленні дружалюбнай увагі і высакароднай дабрыні, непадобнай шчырасці і шчодрай цеплыні, чысціні і даверу… Святло шчымлівага ўспаміну выхоплівае з сутоння часу яго самавітую постаць, няспешныя рухі, мяккі, думны твар, стомленыя і сумныя, але лагодныя вочы, засланяючы сабою самыя актуальныя і вострыя падзеі і факты.

… Ён, як ніхто іншы, умеў слухаць сваё сэрца і ў той жа час тонка адчуваў чалавека, яго стан, настрой і характар, даражыў цяплом і сілай сяброўства і любові, чуласці і спагады. Гаворачы пра чалавека – дзяржаўнага дзеяча, калегу-літаратара ці проста суседа, Яўген Іванавіч ніколі не акцэнтаваў увагу на яго недахопах, нібы і не заўважаў іх, шукаў і падкрэсліваў у ім станоўчае, пазітыўнае, добратворнае. Аснова жыцця – стваральная праца, чыстае сумленне, “найцяжэйшая за ўсё на свеце” праўда, высакароднае дабро, “сіла дружбы, што рве путы”, ахвярная вернасць, узаемнае каханне, прыгажосць, гармонія. Ён паўтараў гэта на розныя лады, нібыта замову ці запавет, як вялікую філасофію быцця і свету”.

Шчырай удзячнасцю і захапленнем выдатнымі чалавечымі якасцямі і ў цэлым асобаю Максіма Танка поўняцца лісты, адрасаваныя паэту.

З ліста Паўліны Мядзёлкі: “Найбольшай нагародай і радасцю для мяне з’яўляецца ўсведамленне, што ёсць на свеце людзі вялікага сэрца і дабраты, як Вы, дарагі Яўген Іванавіч, як тыя, што памятаюць і клапоцяцца аба мне…” (ад 17 студзеня 1966 г.).

З ліста Ларысы Геніюш: “Вельмі добра, што Вы ёсць на свеце. Я зусім не хвалю Вас, гэта я перабіраю ў думках маё жыццё і жудасна мне ад зла людскога… Я так баюся, каб Вы не сталіся інакшымі! Людзям так трэба ціхай, непрыкметнай і пэўнай, як скала, дабраты. У мяне нейкі голад той дабраты. Смешна, але у жыцці маім кожны хацеў ад мяне помачы і сілы. Бесканечна. Я крыху змучылася, і мне здаецца часам, што Вы -нерэальнасць… Я з вамі гутару як з Міхаськай. Ходзіць тут не аб уроўні гутаркі, але аб яе чысціні, першапачатковай беззаганнасці нейкай. Будзьце заўсягды такі, Максім Танк, я баюся, што прачнуся некалі і Вы станеце такі, як усе людзі…Першы раз я на некага апіраюся (акрамя веры ў дабро) і вельмі гэта адчуваю… Лучыць мяне з Вамі супольнасць шляху, на якім Вы – вялікая сіла… Мне здаецца часам, што Вы мой брат і мне так добра гутарыць з Вамі, аб усім, як з некім родным. Дзіўна, але Вас любіць і мой муж! Ён рэдка каго любіць!”.. ( ад 20 лютага 1967 г.)

З успамінаў Івана Шамякіна: “… Для нас, асабіста для мяне, было гонарам сядзець (на першым пасляваенным пленуме праўлення Саюза пісьменнікаў у снежні 1945 г.) за адным сталом з такім паэтам, але захапляла не паэзія – пра яе Максім Танк гаварыў рэдка, неахвотна. Захапляла надзвычайная, проста-такі сялянская прастата славутага паэта і, асабліва, яго дасціпнасць: на сур’ёзныя пытанні ён часта адказваў дасціпна…

… Мне хацелася зразумець гэтага незвычайнага чалавека. Я захапляўся яго жартамі, афарызмамі. Феерверк гумару! Але, разам з тым, адчуваў, што ўвесь яго гумар бытавы, ніякай палітыкі! Жартаваў ён як бы азіраючыся. Мяне гэта здзіўляла. А часам нават расчароўвала. Пазней я зразумеў прычыну такой насцярожанасці і асцярожнасці, зразумеў і Танкаву мудрасць. Паэт, які, здавалася, узносіўся ў паднябессе ў вершах, быў цвярозым рэалістам.

…Часам мне здавалася, што ў Паэта склероз: ён забываўся на праблемы, якія мы вырашалі ўчора, пазаўчора. Аднак гэта была адменная ўласцівасць характару: адбіраць істотнае, галоўнае, а ўсё, што яго не кранула, не ўсхвалявала, тут жа выкідваць у бяздонную скрынку. Ніякага склерозу не было: і ў 75, і ў 80 гадоў у Яўгена Іванавіча была памяць лепшая, чым у некаторых намнога маладзейшых. І неспакой ён меў чалавечы ў лепшым сэнсе гэтага слова”.

Шмат добрых слоў выказваў у адрас М. Танка Генадзь Шупенька: “Апрача выключнага паэтычнага таленту ў яго, аднаго з самых найдаражэйшых людзей, каго паслаў мне Бог у маім няпростым жыцці, была выключна чулая, спагадлівая душа.

Я, зямляк Яўгена Іванавіча, усім сэрцам, усёй сваёй істотай перакананы, што народ наш – “роўны сярод роўных”, а ў нечым варты асаблівага нашага гонару.

Якое ж гэта шчасце ўсё-такі, што лёс паслаў мне на маім, мякка кажучы, незайздросным жыццёвым шляху шмат такіх, хоць і не такога маштабу, людзей!… Але! Каб не Максім Танк, нічога б я ў жыцці не зрабіў і ніхто цяпер нічога пра мяне не ведаў бы. Хіба тыя, хто танцаваў пад маю музыку, калі-небудзь успомнілі б…

Калі б не Яўген Іванавіч – мяне ўжо 33 гады назад не стала б… (перанёсшы 5 няўдалых аперацый, скончыўшы ў 1965 г. філфак БДУ і паступіўшы ў аспірантуру, Генадзю было адмоўлена ў асобным добраўпарадкаваным жыллі, і ён хацеў налажыць на сябе рукі, але перад гэтым напісаў ліст М. Танку, каб той неяк памог).

І мне, аспіранту, чалавеку без мінскай прапіскі, Гарсавет пры ўдзеле Максіма Танка дае кватэру ў новым доме з усімі выгодамі, з жылой плошчаю аж у 18 метраў…

.. І вось рэдагую кнігу Міколы Мікуліча пра Максіма Танка “На скразняках стагоддзя” і чытаю: “Я ведаю, што такое здароўе. І таму адно з маіх самых шчырых жаданняў – каб зменлівы жыццёвы лёс быў ласкавы да Вас і да Вашых родных і блізкіх, каб не адняў самае дарагое ў жыцці – здароўе. Каб я маліўся, то цяпер не раз у жыцці сваім прасіў бы: “Дай, Божа, здароўя на доўгія гады Максіму Танку, Паэту і Чалавеку!”…

Максім Танк быў чалавек рэдкай душэўна-псіхалагічнай арганізацыі, маральнай чысціні і прыцягальнай сілы – шчыры, сціплы, сумленны, добразычлівы, сардэчны, высокародны. Некалі Яўгенія Янішчыц у лісце да Міхася Забэйды-Суміцкага пра яго вельмі трапна заўважыла: “Шчырай і вялікай душы чалавек, прыгожы ва ўсіх чалавечых адносінах…” Ён не імкнуўся зрабіць уражанне, што характэрна для многіх нашых сучаснікаў, не імкнуўся выглядаць лепш, чым быў на самой справе, неяк камуфліраваць сваю прынцыповасць і патрабавальнасць. І са сваімі роднымі і блізкімі, і калегамі па літаратурна-творчай рабоце, і з вядомымі і аўтарытэтнымі грамадскімі і дзяржаўнымі дзеячамі Максім Танк паводзіў сябе натуральна, немітусліва, разважліва, проста. У адрозненні ад многіх сучасных беларускіх пісьменнікаў ён быў зусім неабміцыйным, непрагматычным.

Максім Танк нічым сябе не выдзяляў сярод іншых людзей, у прыватнасці прадстаўнікоў творчай інтэлегенцый. Ён рашуча выкрэсліваў хвалебныя характарыстыкі сваёй асобы з успамінаў дзеячаў заходнебеларускага вызваленчага руху, што рыхтаваліся да друку ў часопісе “Полымя”. Мала на якім здымку вы ўбачыце яго на пярэндім плане, а ўсё дзесьці збоку ці за спінамі іншых, ніхто ніколі не чуў ад яго, што ён народны паэт Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы, акадэмік і г.д.

Фактычна на працягу ўсяго жыцця і творчасці народнага паэта да яго з самымі рознымі клопатамі і просьбамі звярталіся сяляне (асабліва з роднай Мядзельшчыны), рабочыя, вучоныя, пісьменнікі, настаўнікі, кіраўнікі сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў. Працуючы на адказных пасадах, Максім Танк дапамагаў людзям – каму ў налічэнні пенсіі ці пераглядзе судовай справы, каму ў выданні кнігі ці паступленні ў Саюз пісьменнікаў, каму ў атрыманні матэрыяльнай дапамогі ў сувязі з пажарам і стратай маёмасці. Ён не дзяліў людзей на добрых і кепскіх, усім дапамагаў хто звяртаўся.

Дзякуючы Максіму Танку былі пераведзены ў Брэсцкі педінстытут паэт Алесь Разанаў і ў Гомельскі універсітэт Віктар Ярац, пабачыла свет кніга ўспамінаў Паўліны Мядзёлкі “Сцежкамі жыцця”, выйшлі зборнікі вершаў Ларысы Геніюш “Невадам з Нёмана” і “На чабары настоена”, Ганны Новік “Мае вёсны”, Сяргея Крыўца “Дубок”, “Выбранае” Міколы Засіма, “Вершы” і “Дыялектны слоўнік” Фёдара Янкоўскага і інш. Перад вайной Максім Танк наведваў у вёсцы Баброўня на Скідальшчыне родных і блізкіх Міхася Васілька, які знаходзіўся ў нямецкім палоне, пісаў Наталлі Арсенневай падчас яе казахстанскай ссылкі і разам з Янкам Купалам і Міхасём Лыньковым выбаўляў паэтэсу адтуль, таксама клапаціўся аб належным лячэнні ў Гродзенскй абласной бальніцы Ларысы Геніюш і мужа Дануты Бічэль-Загнетавай Эрыка, аб пераездзе з Польшчы ў Савецкі Саюз, да сваіх дзяцей, былога заходнебеларускага дзеяча Язэпа Найдзюка і інш.

 Людзі са сваімі бедамі і праблемамі ішлі да Максіма Танка, бо ведалі, што ён будзе дапамагаць і дапаможа. Паэт вырас у дружнай працавітай сялянскай сям’і заходнебеларускага асяроддзя, сацыяльнай і нацыянальнай несправядлівасці і народна-вызваленчага руху, у ім жыло абвостранае адчуванне праўды, дабрыні, чуласці, спагады, надзеі, святла.

Гэта быў дар ад Бога – унікальны чалавек, самабытны, непаўторны паэт, клапатлівы, таленавіты арганізатар. Ён рабіў дабро і толькі дабро, парывіста адгукаўся на чужы боль, людское гора, жыў самымі светлымі думкамі і ідэямі, якімі можа жыць чалавек, і таму пакінуў яркі след у нашых душах і сэрцах, у гісторыі роднай Беларусі.