Гартаючы жыцця свайго старонкі... (перыяд з 1912-1929 гг.)
Яўген Іванавіч Скурко нарадзіўся 17 верасня 1912 года на хутары Хведарцы, каля вёскі Пількаўшчына Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Дзед Хведар Маркавіч быў сіратой і выхоўваўся дзядзькам. Сям’я дзеда і бабулі Ульяны была вельмі вялікай: дванаццаць дзяцей. У 1913 годзе з вёскі людзі пачалі перасяляцца на хутары, бо была магчымасць займець большы кавалак зямлі. Хведар Скурко з сям’ёў перасяліўся ў Жукова на зарослыя хмызняком дзірваны ды пасекі. З кожным годам адваёўвалі ад лесу і хмызнякоў новыя землі, прыгодныя да сяўбы. Дзед быў заядлы паляўнічы, душой быў адданы гэтай справе, шмат часу прападаў у лесе, а гаспадаркай займаліся старэйшыя дзеці і жонка Ульяна, якую з вялікай цеплынёй і любоўю успамінаў пазней Максім Танк. Бабуля заўжды пра ўсіх клапацілася, нягледзячы на цяжкую вясковую працу, захоўвала дамашні асяродак, дарыла сваю любоў і цяпло сваім родным.
Бацька паэта, Іван Хведаравіч, быў надзвычай працавіты і сумленны чалавек. Ён ва ўсім быў справядлівы, па-святому любіў зямлю. Маці паэта, Домна Іванаўна Хвалько, родам з вёскі Задубенне. Яна заўсёды прываблівала людзей шчодрасцю адкрытай душы, лагоднай усмешкай ласкавых вачэй. Сваіх сыноў Яўгена, Фёдара, дачок Веру і Людмілу бацькі стараліся выхаваць працавітымі, дбайнымі, паважанымі людзьмі.
У час першай сусветнай вайны Івана Хведаравіча прызвалі ў армію, ён служыў салдатам у чыгуначным батальёне, потым — у вайсковай шавецкай майстэрні ў Маскве. У Маскве апынулася і бежанка Домна Іванаўна разам з чатырохгадовым сынам Жэнем, якія ратаваліся ад нямецкай акупацыі. Тут сям’ю Скурко застала Кастрычніцкая рэвалюцыя. У Маскве будучы паэт пайшоў у школу на год раней.
Жэня шмат завучваў вершаў на памяць, перапісваў іх у свае сшыткі, дзякуючы чаму выпрацоўваўся прыгожы почырк:
— Не прападзеш, калі што якое, будзеш пісарам, – радаваўся бацька. – Без добрага почырку не таўкануцца на службу ў якую-небудзь кантору.
Ведаў значна больш, чым аднакласнікі. Незабыўнае ўражанне пакінула першая прачытаная кніга “Вечера на хуторе близ Диканьки” М. Гогаля, а таксама вершы А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Някрасава, Т. Шаўчэнкі.
Жыццё ў Маскве станавілася цяжэй, грамадзянская вайна не затухала. Голад, які пачаўся ў 1921 годзе, дасягнуў свайго апагея ў 1922. Выміралі сотні тысяч людзей. А ў гарадах, каб хоць трохі сагрэцца, палілі дарагую, з каштоўных парод дрэва, мэблю.
— Мы тут з голаду і холаду спусцім дух, – сказала аднойчы Домна Іванаўна. – Калі ўжо браць шлюб з зямлёй, то на радзіме.
Хутка пачалі збірацца ў дарогу. Тысячы людзей кідалі галодную і халодную сталіцу, але ўсё ж удалося сесці на цягнік, на якім можна было даехаць да станцыі Княгінін.
І ў 1922 годзе ў адзін з шэрых восеньскіх дзён сям’я Івана Скурко вярнулася дамоў з бежанства. Дзед Хведар і бабка Ульяна сустракалі родных са слязьмі на вачах ад радасці, бо вельмі хацелі, каб тыя вярнуліся. Тут чакала шмат працы: на полі густа параслі кусты, трэба карчаваць, араць, палоць… А трэба перажыць зіму. І дапамога прыйшла адкуль не чакалі. Аб’ехаўшы паўсвету, у Пількаўшчыну заявіўся малодшы брат Івана Хведаравіча – Фадзей. Падчас сваіх падарожжаў ён змяніў шмат прафесій, але найбольш прыгадзілася ўменне лячыць жывёлу (скончыў ветэрэнарныя курсы ў Чэхаславакіі). Гэтым і зарабляў на агульны сямейны стол на радзіме.
Восенню 1922 года Жэня ў школу не пайшоў. Усю зіму дзед, бацька, дзядзька Фадзей вучылі хлопчыка гаварыць і чытаць па-польску. І потым 2 гады вучыўся ў польскай пачатковай школе ў Шкленікова.
Восенню 1925 года Іван Хведаравіч па прапанове Фадзея паслаў сына ў Сваткаўскую школу (1925-1926), дзе былі старэйшыя класы. Жэня вучыўся старанна, актыўна ўдзельнічаў у школьным драматычным гуртку, захапляўся рысаваннем: маляваў нацюрморты, пейзажы, рабіў рэпрадукцыі з карцін і паштовак. За зіму перачытаў са школьнай бібліятэкі ўсе кнігі Г. Сянкевіча, М. Канапніцкай, Ж. Верна, Ф. Купера, Ю. Славацкага, А. Міцкевіча. У гаспадара, дзе жыў на кватэры, былі творы В. Жукоўскага, А. Пушкіна, М. Гогаля.
У 1926 годзе Яўген Скурко канчае пачатковую школу. Хлопец хоча вучыцца далей. Калі маці загаварыла аб пераводзе сына ў Вілейскую рускую гімназію, дзед Хведар заўпарціўся.
— Нізавошта! – сказаў, як адрэзаў. – З музыкі – хлеб невялікі, а з гулякі – ніякі.- Мы тут ледзь канцы з канцамі зводзім, а ён будзе на пана вучыцца.
Але дзякуючы дзядзьку Фадзею дзед Хведар згадзіўся на далейшую вучобу ўнука.
Жэня, пасучы кароў, усё лета рыхтаваўся да экзаменаў і восенню 1926 года паступіў у трэці клас Вілейскай рускай гімназіі (1926-1928). У гімназіі многія вучні пісалі вершы. Вырашыў паспрабаваць і Яўген. Неяк дзед Хведар расказаў унуку легенду пра Шкленікоўскае возера. Яна ўразіла хлопчыка, і ён вырашыў пераказаць легенду вершам. Доўга нічога не атрымлівалася, не хапала рыфмаў, збіваўся з рытму. Так і не адважыўся прачытаць сябрам сваю першую спробу пяра. А вось вершы пра дубы, хмары, зоркі, атрымаліся больш удалымі. Запісваў усё гэта ў патаемны сшытак, які схаваў на дне свайго фанернага чамадана.
Інтэрната ў гімназіі не было, і Яўген жыў на кватэры. Грошай не хапала і таму ўся надзея была на дапамогу на бацькоў. У Вілейку звычайна прыязджала маці з прадуктамі і злотымі, згорнутымі ў насоўку.
У Вілейцы Яўген Скурко набываў не толькі сістэматычныя веды, але адначасова праходзіў школу палітычнай і нацыянальнай свядомасці. Закончыць Вілейскую гімназію Яўгену не давялося: восенню 1928 года польскія ўлады закрылі яе. Потым была вучоба ў Радашковіцкай беларускай гімназіі і працягвалася ўсяго некалькі месяцаў – з верасня па снежань. Але кожны месяц можна лічыць за год. Тут ён паступіў у камсамол, тут, як ніколі раней, працаваў над вершамі. Некаторыя з іх чытаў сябрам, пасля знішчаў, зноў пісаў. Юнак з-пад Нарачы у гімназіі ўпершыню сустрэўся з падпольнай камсамольскай арганізацыяй, у якую неўзабаве ўступіў. За ўдзел у адной з вучнёўскіх забастовак, накіраванай супраць ліквідацыі беларускіх школ польскім урадам, з Радашковіцкай гімназіі было выключана некалькі гімназістаў, у тым ліку і Яўген Скурко.
І ў 1929 г. яны накіраваліся ў Вільню. Вільня – горад маладосці і першай сталасці Максіма Танка. Горад, у якім выдаваў свае кнігі беларускі першадрукар Скарына, тут жылі і працавалі Багушэвіч, Купала, Колас, Бядуля, Цётка, а таксама дзеячы рэвалюцыйнага нацыянальна-вызваленчага руху Беларусі Тарашкевіч, Харужая, Прытыцкі, пісьменнікі Пестрак, Таўлай, Машара, Васілёк, музыканты Цітовіч, Шырма, мастакі Сергіевіч, Драздовіч. У Вільні выдаваліся на беларускай мове кнігі, газеты, часопісы, дзейнічалі культурна-асветніцкія таварыствы.
У пачатку 1929 года Яўген Скурко паступіў у Віленскую беларускую гімназію. Пасля Радашковіч Вільня здавалася Яўгену вялікім, бурлівым горадам. У беларускай гімназіі Яўген Скурко затрымаўся ненадоўга: мясцовыя ўлады збіраліся расправіцца з рэвалюцыйна настроенай моладдзю і актыўнымі камсамольцамі. Новы ўдзел у забастоўцы выклікаў новае “выдаленне”. Нічога не заставалася рабіць, як ехаць у родную Пількаўшчыну. Дома Яўген правёў вясну і лета, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, многа чытаў і пісаў. Яму ішлі лісты ад сяброў з Вільні. Яны распавядалі пра арышты сярод рэвалюцыйнай моладзі, дасылалі вершы Міхася Машары, апавяданні Піліпа Пестрака. Вяртацца ў Вільню не раілі, бо ён ужо трапіў у спіс ненадзейных асоб. Але юнаку вельмі хацелася вучыцца. І паразмаўляўшы са сваім дзядзькам Фадзеем, які параіў паступіць на якія-небудзь курсы, пасля якіх абавязкова дадуць “пасведчанне аб благанадзейнасці”, а потым – у гімназію. Так пачынаецца вельмі нялёгкі этап ў жыцці Яўгена Скурко.