Творчасць Максіма Танка у барацьбе за свабоду свайго народа (перыяд 1929-1939 гг.)
Восенню 1929 года ён паехаў у Вільню. Як ні дзіўна, але план дзядзькі Фадзея спрацаваў. Яўген паступіў на гадавыя курсы тэхнікаў-меліяратараў, а ў 1930 годзе – у Віленскую рускую гімназію імя А. С. Пушкіна.
Два гады Яўген хадзіў на заняткі: матэматыка, літаратура, гісторыя. Блукаў па вёсках, збіраючы народныя песні, казкі, паданні, быліны, старанна запісваючы іх у сшытак.
Пачатак 1930-х гг. для юнака звязаны з удзелам у падпольнай камсамольскай працы. Друкавацца пачаў у 1932 г. у часопісе “Пралом”, што выдаваў з паэтам Я. Гарохам. Менавіта ў гэтым першым нумары рукапіснага выдання пад псеўданімам А. Граніт гімназіст Я. Скурко змясціў свае першыя вершы. Адзін з экзэмпляраў “Пралома” нехта тайна перавёз у БССР, і многія творы з яго, у тым ліку і дэбютныя вершы М. Танка, былі ўключаныў “Хрэстаматыю заходнебеларускай літаратуры”, якая выйшла ў Мінску у 1933 годзе.
Друкаваў вершаваныя творы ў “Часопісе для ўсіх”, газетах-аднадзёнках “На пераломе” і “Беларускае жыццё”, у якой быў змешчаны верш “Заштрайкавалі гіганты-коміны” пад псеўданімам Максім Танк.
—Чаму ў Вас такі жалезны псеўданім?- спытае пазней адзін з крытыкаў у Яўгена Іванавіча.
—Птушыныя прозвішчы, раслінныя разабралі: Крапіва, Багун, Васілёк. Мне нічога не заставалая, як узяць жалезнае.
За выпуск першага нумара беларускага літаратурна-палітычнага “Часопіса для ўсіх”, актыўную падпольную дзейнасць Яўгена арыштавалі 27 красавіка 1932 года. Яўген трапіў у віленскую турму Лукішкі, дзе правёў за кратамі месяц. Вобыскі ў яго рабілі і раней, але ў рукі паліцыі не трапляла ніякага фактычнага матэрыялу. На гэты раз у гімназіста знайшлі легальныя і нелегальныя камуністычныя газеты, часопісы. Некалькі месяцаў цягнулася следства. Нарэшце Яўгена выпусцілі пад заклад у дзвесце злотых, і ён паехаў у Пількаўшчыну. Днём – праца на зямлі, вечарам – з пяром і паперай. З’яўляліся новыя вершы, якія паэт дасылаў у віленскія рэдакцыі, дзе яны друкаваліся, і сваім сябрам.
Максім Танк (з картатэкі следчага аддзялення дэфензівы). 1932 г.
Знаходзячыся на нелегальным становішчы, паэт наладжваў рэвалюцыйную дзейнасць на Віленшчыне і Навагрудчыне. Праца на пасадзе інструктара ЦК камсамола Заходняй Беларусі (1932-1933) была звязана з разыкай для жыцця. Яго некалькі раз затрымлівалі польскія ўнутраныя органы. 24 мая 1933 года юнака затрымалі каля мястэчка Глыбокае і праз тры дні адправілі зноў на Лукішкі. Паэта абвінавачвалі паводле артыкула 97 Крымінальнага кодэкса (“Злачынствы супраць дзяржавы”). Трэці крымінальны аддзел Віленскага акруговага суда прыгаварыў яго да шасці год зняволення і пазбаўлення грамадзянскіх правоў на восем гадоў. Была пададзена апеляцыя, і 1 мая 1934 года Першы крымінальны аддзел Віленскага апеляцыйнага суда справу перагледзіў і зменшыў пакаранне да двух год турэмнага зняволення з адтэрміноўкай выканання на пяць год. У той жа дзень Яўгена выпусцілі і ён вярнуўся ў Пількаўшчыну. Але пакуль паперы на перагляд справы хадзілі па інстанцыях, цэлы год – з мая 1933 да мая 1934 года – прасядзеў у віленскай турме Лукішкі. У канцы 1933 года, падчас зняволення, выдаваў пры падтрымцы палітвязняў рукапісны часопіс “Краты” (выйшла 6 нумароў), дзе змяшчаў уласныя вершы і творы паэтаў П. Пестрака, В. Таўлая і інш.
Аднак нядоўга давялося паэту пабыць на волі. 20 жніўня таго ж года яго зноў адправілі на Лукішкі. На гэты раз Яўген Скурко абвінавачваўся ў публічнай прапагандзе атэізму і напісанні антырэлігійнага твора “Як бог гуляў на забаве”. На судзе Яўгену няцяжка было даказаць усю беспадстаўнасць абвінавачвання. З астрога юнак выйшаў перад самым новым, 1935 годам.
Зіму і вясну Яўген жыў у Пількаўшчыне. Многа пісаў. Нейкі час працаваў сярод рыбакоў на Нарачы, дзе быў сведкам іх барацьбы за эканамічныя і палітычныя правы.
Восенню 1935 года Цэнтральны Камітэт КПЗБ адклікаў М.Танка на работу ў Вільню: меркавалася наладзіць выданне камуністычных газет “Наша воля” і “Папросту”. У 1936 годзе Максім Танк быў прыняты ў члены КПЗБ. З прыездам у Вільню Скурко па-сапраўднаму заняўся літаратурнай дзейнасцю. Асабліва вялікае значэнне для яго мела сяброўства з Рыгорам Раманавічам Шырмай, Пятром Дворкіным, якія дапамагалі Яўгену сяброўскімі парадамі і крытычнымі заўвагамі.
Вільня. 1936 г.
Актыўны ўдзел у выпуску заходнебеларускай газеты “Наша воля” – друкаванага органа КПЗБ – з’яўляецца адным з важных падзей у біяграфіі
М. Танка. Менавіта тады быў створаны антыфашысцкі Народны фронт, які аб’яднаў барацьбітоў за дэмакратычныя свабоды, за школу на роднай мове і вырашанне сацыяльна-эканамічных праблем. Апрача М. Танка ў шэрагах Народнага фронту дзейнічалі Міхась Васілёк, Мікола Засім, Алесь Рэдзька (Дубровіч), Анатоль Іверс (Іван Місько), Ніна Тарас, Ганна Новік, Пятрусь Граніт і інш.
Газета “Наша воля” выдавалася з 24 снежня 1935 да 23 жніўня 1936 гг, усяго выйшла 13 нумароў. За гэты час на яе старонках былі апублікаваны вершы “Два”, “Пад вастрожнай сцяной”, “Спатканне”, “Байка пра Кліма”, нарысы “Там, дзе вазёры”, “Попярак загонаў”, апавяданні “На прадмесьці”, яго крытычныя артыкулы аб паэзіі М. Машары “Падарожжа і “бездарожжа”, “Досыць бездарожжа”, пераклады на беларускую мову твораў М. Горкага “Песня аб Буравесніку”, “Песня аб Сокале” і інш.
Працуючы ў Вільні, Яўген Скурко напісаў шмат вершаў, якія склалі аснову першага зборніка паэта “На этапах”, што выйшаў у 1936 годзе.
“Пры дапамозе кампартыі і выдаўца Труцько ў 1936 годзе выйшаў мой першы зборнік вершаў “На этапах”. На другі дзень цэнзура канфіскавала гэты зборнік, толькі 200 экзэмпляраў нам удалося ўратаваць. Два экзэмпляры я схапіў з друкарні і хутчэй занёс на пошту і выслаў на адрас акадэміі, у Мінск, Купалу і Коласу…”- успамінаў пазней М. Танк.
Далейшае развіццё паэзіі Максіма Танка было звязана з пераглядам і своеасаблівай пераацэнкай сваёй ранейшай паэтычнай працы. Выкарыстоўваючы сюжэты і рэвалюцыйна-вызваленчыя элементы народных казак, легенд, песень, Максім Танк пераасэнсоўваў іх, надаваў ім новую ідэйную накіраванасць. На фальклорнай аснове вырасла і першая паэма М.Танка – “Нарач” (1937). У аснове сюжэта – забастоўка сялян-рыбакоў калянарачанскіх вёсак. Праходзіла яна летам 1935 года як супраціў на забарону ўладамі свабоднай лоўлі рыбы. Нарачанскія рыбакі падняліся на абарону сваіх азёр. Гэтыя падзеі навеялі М. Танка на думку стварыць паэму, уславіць бунтарскі дух і непакорлівасць народа. З восені 1935 года паэт прыступіў да ажыццяўлення свёй задумы. Працаваў настойліва, упарта. У 1937 годзе паэма была напісана.
…На прыбярэжжы азёрным, зялёным
Павырасталі палацы магнатаў,
Воддаль чарнеюць вузкія загоны,
І валуны, і рыбацкія хаты.
Неба заслала блакітам шырокім
Наднарачанскія нівы і вёскі,
Ціхі магільнік, крыж адзінокі
Каля пахіленай ветрам бярозкі.
Людзі жывуць у палацах ліхія,-
Хлеба ў іх досыць, і хлеб без мякіны –
Глыбока ўгрызліся ў нашу краіну,
П’яўкамі смокчучы сокі жывыя.
Толькі гаруе ўвесь бераг рыбацкі:
Рукі крывавым пакрытыя потам,
Твары абмыты слязамі сіротаў,
Плечы намулены лямкай батрацкай.
Нават і песні там іншыя, неяк
Звоняць яны сіратліва над полем,
Пераліваюцца скаргай жалеек,
Сумам прадвечным па шчасці, па волі.
Значную частку ў паэме займае апісанне роднай прыроды, возера Нарач:
Люблю твае, Нарач, затокі і тоні,
Як вецер густыя туманы развесіць.
Ці снежная пена на хвалях зазвоніць,
Цалуючы зоры, калышучы месяц.
Люблю, калі ў сонцы гарыш пазалотай,
Раскінуўшы сінія хваляў палотны,
Калі ў непагоду сумуеш маркотна
З рыбацкаю песняй, з зялёным чаротам.
Люблю твае буры, твае навальніцы.
Ў іх чую, бы ў песнях, жыццё маладое.
І хочацца блізка грудзьмі прытуліцца
Да чорных ад гневу кіпучых прыбояў.
Услед за “Нараччу” паэт апрацоўвае чутую ў дзяцінстве легенду пра Вяля (“Сказ пра Вяля”) і піша новую эпічную паэму “Журавінавы цвет”. Гэтыя два буйныя творы і новыя вершы склалі зборнік
“Журавінавы цвет” (1937).
У зборніку “Пад мачтай”, які выйшаў у 1938 годзе, Максім Танк канчаткова замацаваў за сабою месца самастойнага нацыянальнага паэта, сапраўднага майстра мастацкага слова. Тут праявіліся новыя якасці паэзіі М.Танка і яго паэтычныя прынцыпы.
Першыя зборнікі і паэмы сталі выдатнай з’явай у заходнебеларускай літаратуры і атрымалі высокую ацэнку не толькі ў беларускай, але і прагрэсіўнай польскай крытыцы. Польскія ўлады канфіскавалі кнігі “На этапах” і “Нарач”. За зборнік “На этапах” М. Танк атрымаў 6 месяцаў турэмнага зняволення.
Неўзабаве падзеі 1938 года (разгром Народнага фронту, роспуск КПЗБ) прымусілі М.Танка часова спыніць літаратурную работу і пайсці працаваць вагаўшчыком і ўпакоўшчыкам насення траў на складзе. Але жыць у Вільні стала вельмі цяжка, і М.Танк пераязджае ў родную Пількаўшчыну, дзе і застаў яго верасень 1939 года. Ужо 17 верасня ў першы дзень вызвалення з’явіўся верш М.Танка “Здарова, таварышы”, прысвечаны важнай падзеі – уз’яднанню беларускага народа.
Здарова, таварышы! Доўга чакалі
Мы вас і чакала ўся наша зямля.
Не раз мы выходзілі ў сінія далі,
Не раз углядаліся ў сонечны шлях!
…Раскутая песня не будзе больш плакаць,
Вясна – на чырвоным куце за сталом.
Ад сэрца народнага шчырае дзякуй
Братам і сцягам палымнеючым шлём.
З лістапада 1939 года М.Танк працуе ў абласной газеце “Вілейская праўда”, на старонках якой змяшчае свае артыкулы і вершы. Затым пераязджае ў Беласток, дзе цалкам аддаеццца літаратурнай працы. Тут паэт напісаў шмат вершаў, прысвечаных сваёй дарагой сэрцу бацькаўшчыне (“Сягоння”, “У дарозе”, “Дзе жыта зашуміць” і іншыя), займаўся перакладамі А. Міцкевіча, Я. Бранеўскай, падрыхтоўкай да выдання сваіх двух зборнікаў: “Выбраныя вершы” і “Стихотворения”. Акрамя таго, стварыў сцэнарый “Бура над Нараччу”, але фільм паставіць не ўдалося, перашкодзіла вайна.
Публіцыстыка Максіма Танка 30-х гг. XX ст. цесна связана з мужнай і гераічнай барацьбой заходнебеларускага народа за свабоду і незалежнасць ад панскай Польшчы. Нацыянальны вызваленчы рух – жыватворная крыніца яго паэтычнай творчасці, а надзённыя праблемы літаратурнага і грамадска-палітычнага жыцця паэт аналізаваў у публіцыстычных артыкулах, нарысах, нататках. Максім Танк у публікацыях на старонках газет “Наша воля”, “Poprostu”, “Беларускі летапіс”, часопіса “Калоссе” і іншых выданняў, а таксама ў паэтычных творах 1930-х гг. імкнуўся да ўсебаковага адлюстравання народнага жыцця, раскрыцця талентаў і здольнасцей найлепшых прадстаўнікоў беларускага народу. Праз кансалідацыю ўсіх творчых сіл – празаікаў, паэтаў, публіцыстаў паэт пракладваў шляхі да стварэння незалежнай беларускай прэсы, скіраванай на будаўніцтва лепшай будучыні ў сваёй нацыянальнай дзяржаве.